Рукатворныя шэдэўры

— У мяне два захапленні — летняе і зімняе. З ранняй вясны я ўвесь свой час аддаю добраўпарадкаванню двара, сваім кветкам, якіх у мяне шмат. А зімою, калі вечары доўгія, баўлю час за цікавай справай – пляценнем розных вырабаў са звычайных газет, — распавядала, запрашаючы ў свой дом, Роза Іванаўна Данілевіч. У госці да яе, у вёску Пажэжын, мы прыехалі не выпадкова. Прызнацца, вельмі зацікавілі яе рукатворныя шэдэўры, якія выпадкова атрымалася пабачыць на фотаздымках.
Пляценнем з газетных трубачак занялася Роза Данілевіч мінулай восенню. На адным з сайтаў у інтэрнэце ўбачыла яна цікавыя плеценыя работы. Вельмі заінтрыгавала жанчыну, якая заўжды любіла рукадзельнічаць, тое, што прыгожыя кошыкі, шкатулкі, скрынкі былі сплецены не з лазы, якую трэба яшчэ недзе адшукаць, а са звычайнай паперы. Узброіўшыся газетамі, клеем, яна ўзялася за першыя ўрокі і нават сама здзівілася таму, што ў яе ўсё атрымалася. Праўда, першае сплеценае ёю кашпо пад кветкі было далёка не ідэальным, затое яна набыла пачатковыя навыкі і зразумела, што ёй такая справа вельмі падабаецца. Захопленая новым хобі, Роза Іванаўна не заўважала часу. Вечары, занятыя пляценнем вырабаў, іх фарбаваннем, лакіроўкай, плаўна пераходзілі ў ноч, бо хацелася хутчэй закончыць новы выраб. На радасць дзецям, а працуе Роза Іванаўна выхавальніцай у Велікарыцкім дзіцячым садзе, у групе з’явілася плеценае сонейка з хмаркай і кроплямі дажджу, яркія вееры і пано з кветкамі, прыгожая сава, розныя іншыя цікавыя рэчы. А дом Розы Іванаўны папоўніўся плеценымі скрынкамі для розных дробязяў, вазамі, кашолкамі і шкатулкамі. У скрынках сваё месца знайшлі спецыі, клубкі нітак для вязання, касметычныя сродкі. Кожны выраб Розы Іванаўны арыгінальны. У адным газетныя трубачкі сабраны ў адно цэлае паркалёвым пляценнем, у другім – шахматным, вяровачкай ці зубаткай. І колеры ў кожнага свае, і ўпрыгожванні. Для арыгінальнасці дызайну адных прымяняецца дэкупаж, для другіх – кветкі з салёнага цеста. Адным словам, усё залежыць ад фантазіі і творчасці.
Свае вырабы Роза Іванаўна, не шкадуючы, дорыць калегам, сябрам. А яны прыносяць ёй “будаўнічы матэрыял”. Умелыя рукі жанчыны з непатрэбнай, здавалася б, паперы – газет, часопісаў, якія, пасля таго, як прачытаюць, людзі выкідваюць у макулатуру, ствараюць патрэбныя ў быце рэчы, якія і дом могуць упрыгожыць, і прысядзібны ўчастак.
— Ці лёгка навучыцца такому пляценню? – цікаўлюся ў субяседніцы.
— Асабіста мне было лёгка. Само пляценне нічым не адрозніваецца ад пляцення з лазы, толькі жаданне трэба мець і ўседлівасць.
За вечар майстар пляцення можа зрабіць больш за 100 папяровых трубачак – загатовак для вырабаў. Калі ўсё гатова, Роза Іванаўна бярэцца за справу. Майстар-класы пляцення давала яна многім. Але далёка не ўсім спадабалася гэтая справа. Хоць папера — матэрыял просты, але паслухмяная яна толькі ва ўмелых руках. І каб “прыручыць” яе, таксама патрэбны талент.
НА ЗДЫМКУ: Роза Данілевіч.

Опубликовано в «ГЧ» 12.06.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.