“Я на пасту, а гэта значыць, бягу на кожны кліч і стук”

Людзей у белых халатах мы прывыклі бачыць у калідорах паліклінікі, кабінетах, куды прыходзім на прыём са сваімі хваробамі, у бальнічных палатах. А вось медыцынскі работнік на сцэне – рэдкі выпадак, які заслугоўвае ўвагі. І зусім невыпадкова ў актавай зале паліклінікі, дзе звычайна прахо­дзяць урачэбныя пяцімінуткі і канферэнцыі, сабралося шмат гледачоў. Яны прыйшлі паназіраць за тым, як будуць разгарацца пачуцці ў конкурсе прафесійнага майстэрства “Лепшая медыцынская сястра”.
Дзевяць статных медсястрычак, у бялюткіх халатах і са шчырымі ўсмешкамі на тварах, адна за другой рашуча выйшлі на сцэну. Іх чакала наперадзе нямала выпрабаванняў. Справіцца з імі — значыць пацвердзіць свой прафесіяналізм. А вось пераканаць усіх у тым, што ты самая-самая, было няпроста, для гэтага давялося праявіць нямала старанняў.
Пачалася конкурсная праграма з традыцыйнай візіткі. Але звычайнае знаёмства з канкурсанткамі ператварылася ў запальнае шоу. Гледачамі ў зале былі медработнікі, з якімі медыцынскім сёстрам даводзіцца сустракацца штодня, аднак і яны былі здзіўлены талентам, творчасцю і непрадказальнай фантазіяй сваіх калег.
Медсястра неўралагічных палат тэрапеўтычнага аддзялення Ірына Бурштын паднялася на сцэну з групай падтрымкі. Калектыў, які працуе разам і добра ведае яе спакойны характар, давярае яе адказнасці, у вершах і прыпеўках расказваў пра сваю калегу і яе нялёгкую прафесію. Лепшым знаёмствам з клапатлівай, уважлівай да ўсіх медсястрой самага вялікага ў райбальніцы тэрапеўтычнага аддзялення Валянцінай Жук стаў відэаролік, які яскрава, хоць і з пэўным гумарам, распавёў пра адзін з працоўных дзён медыцынскага персаналу аддзялення. Разам з медсястрой аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Наталляй Дзмітрук выйшлі на сцэну ўсе яе калегі. Такая салідарнасць яшчэ раз пацвердзіла, што Наталля ў калектыве чалавек вельмі неабходны і як выдатны спецыяліст, і як шчыры таварыш. Здымкі фотапрэзентацыі хірургічнага аддзялення бальніцы яскрава расказвалі пра няпростую работу аперацыйнай сястры Алены Хведарук. Сама яе прафесія – быць правай рукою ўрача ў самы складаны момант, патрабуе сур’ёзнасці і высокай прафесійнай адказнасці. Быць заўжды гатовай прыйсці на дапамогу, ведаць усе тонкасці ”барацьбы” з любой немаччу даводзіцца фельчару выязной брыгады хуткай дапамогі Марыне Масюк. Пра тое, якія сюрпрызы прыпадносяць ёй і яе калегам фельчарскія будні, расказаў у вершах і песнях яе дружны калектыў. Абаяльная медсястра хірургічнага кабінета паліклінікі Ларыса Мішчук прэзентавала сябе з дапамогай песні, пацвярджаючы, што таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Сціпласць і любоў да сваёй справы адчувалася ў візітнай картцы медсястры прыёмнага аддзялення Юліі Алесяюк. А цікавы відэасюжэт калектыву педыятрычнага аддзялення сведчыў аб павазе калег да вопытнай медсястры Тамары Ківачук. У сваіх аўтарскіх вершах пра прыцяжэнне да сваёй няпростай справы – прафесіі медыцынскай сястры інфекцыйных боксаў тэрапеўтычнага аддзялення — шчыра расказала Святлана Удовіч.
Такое творчае знаёмства настроіла залу, якая ўзрывалася бурнымі авацыямі, на пазітыўны лад. Запал гледачоў ніколькі не астудзіў другі конкурс, які стаў для медыцынскіх сясцёр своеасаблівым тэарэтычным экзаменам. Кожная канкурсантка ўпэўнена адказвала на пытанні, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю. Не разгубіліся дзяўчаты і тады, калі іх веды вырашыла праверыць кампетэнтнае журы на практыцы. На сцэне разгарнуліся траўмапункт, лабараторыя аналізаў і бальнічная палата. Кожная з удзельніц конкурсу выдатна справілася з заданнем.
Кульмінацыяй конкурснай праграмы стала феерычнае дэфіле ў касцюмах медыцынскай сястры будучага. Кожная з канкурсантак здзівіла гледачоў сваім крэатывам, арыгінальнасцю, у чарговы раз пераканаўшы, што медыцынская сястра ўмее не толькі выконваць назначэнні ўрача — рабіць уколы, ставіць кропельніцы, раздаваць таблеткі, але і творча ставіцца да прафесіі, сваім прафесіяналізмам і ўвагай дапамагае хвораму перамагчы хваробу.
Хоць звання лепшай па прафесіі заслужылі ўсе канкурсанткі, але кампетэнтнае журы абрала тройку пераможцаў. Трэцяе месца заняла медсястра аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Наталля Дзмітрук, на другое месца выйшла медыцынская сястра інфекцыйных боксаў Святлана Удовіч, а пераможцай конкурсу стала медсястра педыятрычнага аддзялення Тамара Ківачук. Прыз сімпатый гледачоў дастаўся медсястры хірургічнага кабінета Ларысе Мішчук, якая ў час конкурснай праграмы не раз радавала залу прыгожымі песнямі.
— Ідэя такога конкурсу, — заўважыў, падводзячы вынік конкурснай праграмы, галоўны ўрач райбальніцы Пётр Селівонік, – з’явілася даўно. Рэалізаваць яе атрымалася дзякуючы агульнай зацікаўленасці. Праўда “судзіць” канкурсантак, якія працуюць у калектыве і штодня на справе даказваюць свой прафесіяналізм, было няпроста. Але конкурс атрымаўся. Напярэдадні прафесійнага свята ён ўсім узняў настрой і цяпер, напэўна, стане традыцыйным.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час конкурснай праграмы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 15.06.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.kamod.net.ua/shkafy-kupe-2

http://oncesearch.com/category/ebony

www.binaryoptions21.com