ШАНЦ ПРАЯВІЦЬ СЯБЕ

Чалавек не нараджаецца скульптарам, мастаком ці артыстам. Ён атрымлівае ад прыроды пэўныя здольнасці, якія трэба раскрыць і ўдасканаліць. Праявіць свой творчы патэнцыял, паспрабаваць сябе ў розных ролях, каб вызначыць, ці па той сцежцы пачынаецца шлях, дапамагае моладзі горада тэатральны калектыў “Шанц”, які ўжо некалькі гадоў працуе пры гарадскім Доме культуры. Назва творчай суполкі, кіруе якой Вольга Табачкоўская, ярка раскрывае мэты калектыву – даць кожнаму, хто жадае, магчымасць паверыць у свае сілы, паспрабаваць на малой сцэне свае акцёрскія здольнасці. Шанцам дакрануцца да тэатральнага жыцця, пачаўшы наведваць заняткі гуртка, скарысталіся многія юнакі і дзяўчаты. Нехта паспрабаваў і адчуў, што гэта не яго прызванне, нехта працягваў наведваць рэпетыцыі, але не вельмі актыўна. У выніку ў тэатральным калектыве “Шанц” засталося 10 чалавек.
— Калектыў “Шанц” творчы, а таму кожная наша сустрэча пачынаецца са шчырай гутаркі, якая задае настрой. І толькі потым мы бярэмся за справу, — распавядае заснавальніца калектыву Вольга Табачкоўская.
Разам са сваімі юнымі акцёрамі яна распрацоўвае сцэнарыі. Моладзь, якая наведвае заняткі, вучыцца творча глядзець на свет, адлюстроўваць свае думкі на паперы, а потым увасабляць іх у ролях.
Сваё знаёмства са сцэнай пачыналі ўдзельнікі калектыву “Шанц” з невялікіх маўклівых эцюдаў. З дапамогай жэстаў, мімікі яны малявалі вобраз, паступова разумеючы, што на сцэне больш важна не слова, а дзеянне. Гэта была першая прыступка да акцёрскай творчасці.
Юнакі і дзяўчаты з калектыву “Шанц” спрабавалі сябе ў ролі вядучых, распрацоўвалі літаратурна-музычныя кампазіцыі, весялілі дзяцей на навагодніх ранішніках, знаёмілі гледачоў з народнымі абрадамі і рознымі інсцэніроўкамі, рыхтавалі дэфіле-шоу і ўдзельнічалі ў многіх раённых святах.
З кожным новым выхадам на сцэну юныя артысты ўдасканальвалі сваё майстэрства, вучыліся пераўвасабляцца, спрабавалі сябе ў розных ролях. Так Кацярына Калінічэнка, сціплая і вельмі спакойная дзяўчынка, у пастаноўцы “Суд над Канаплёю” выканала ролю суровага пракурора. Гэтая роля зусім не адпавядала яе характару. Але менавіта гэта Кацю больш за ўсё і зацікавіла. Іграць яркіх, непасрэдных гераінь падабаецца Вользе Баравік. Яна хутка ўжылася ў ролю вясёлай, задзірлівай Бабы Ягі і змагла адчуць узаемасувязь з гледачом, і гэта яшчэ больш упэўніла дзяўчыну ў тым, што тэатральнае мастацтва ёй вельмі падабаецца. Ярка, эмацыянальна атрымліваецца перадаваць сваіх герояў у Ксеніі Дваракоўскай і Аляксандры Грыневіч. Усе гэтыя юныя акцёры складаюць ядро калектыву. І няхай далёка не кожны з іх у будучым стане артыстам, але развіты ў час творчай дзейнасці эстэтычны густ і авалоданне важным майстэрствам – перамагаць свае комплексы — абавязкова дапаможа ім у будучым. А пакуль яны проста выкарыстоўваюць свой шанц – быць у цэнтры падзей.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: дзяўчаты з тэатральнага калектыву “Шанц” разам са сваім кіраўніком Вольгай Табачкоўскай.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 19.06.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.