У цэнтры ўвагі — бяспека

Як палепшыць умовы працы на прадпрыемстве? Што прадпрыняць, каб вытворчы працэс быў бяспечным? Якія накірункі работы выбраць для папярэджання вытворчага траўматызму? Гэтыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі на чарговым, чацвёртым па ліку, раённым Дні аховы працы, які сабраў разам спецыялістаў па ахове працы і кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў горада і сяла. Удзельнікаў семінара чакала знаёмства з работай па стварэнні бяспечных умоў працы ў трох вытворчых калектывах: КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, Маларыцкім цэху вытворчага ўчастка “Кобрынміжрайгаз” і СВК “Чырвоны партызан”. Паназіраць і пераняць усё лепшае з вопыту калег – такую мэту ставілі арганізатары мерапрыемства перад яго ўдзельнікамі.

Калі працуе сістэма кантролю
Новая кацельная прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая працуе на мясцовых відах паліва, у маршрут наведвання была ўнесена невыпадкова. Гэта сапраўды асобы аб’ект. У зімовы час ён забяспечвае ацяпленне, а ў летні – падачу гарачай вады ў жылы сектар горада, а таму патрабуе павышанай увагі да выканання патрабаванняў бяспекі працы. Дырэктар КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Аляксандр Пешта коратка пазнаёміў гасцей з інфармацыяй аб тым, як арганізавана на прадпрыемстве, дзе працуе больш за 400 чалавек, работа па прафілактыцы вытворчага траўматызму. На выкананне мерапрыемстваў па тэхніцы бяспекі тут запланавана затраціць 615 мільёнаў рублёў, з іх 415 мільёнаў ужо расходаваны.Усе работнікі прадпрыемства стопрацэнтна забяспечаны спецадзеннем і неабходнымі сродкамі аховы, уведзена талонная сістэма кантролю за іх выкарыстаннем. Для ўзмацнення вытворчай дысцыпліны прадпрыемства набыла прыбор, які дазваляе весці кантроль за тым, каб на вытворчых працэсах не былі задзейнічаны работнікі ў стане алкагольнага ап’янення. Летась за гэта былі скасаваны кантракты з чатырма работнікамі.
Удзельнікі семінара змаглі пабываць у кацельнай, пазнаёміцца са створанымі на аб’екце ўмовамі працы і быту. Акрамя таго, паколькі прадпрыемства само нарыхтоўвае драўняны матэрыял, які выкарыстоўваецца ў якасці паліва, увазе зацікаўленых быў прадстаўлены вучэбна-трэніровачны палігон па адпрацоўцы практычных навыкаў пры выкананні лесасечных работ. Наведанне вучэбнай пляцоўкі і размова з брыгадай вальшчыкаў яшчэ раз пераканалі, што, адпрацоўваючы па ўсіх правілах свае навыкі, работнікі вучацца бяспечнай рабоце ў рэальных умовах.

Ад дробязяў залежыць жыццё
Дробязяў у ахове працы чалавека любой прафесіі, і тым больш той, што звязана з рызыкай, няма. У тым, якую значную ўвагу надаюць кантролю за выкананнем усіх дробязяў тэхнікі бяспекі на прадпрыемстве, што займаецца бесперабойным забеспячэннем ўсіх спажыўцоў прыродным і звадкаваным газам, пераканаліся ўдзельнікі семінара, наведаўшы Мала­рыцкі цэх вытворчага ўчаст­ка “Кобрынміжрайгаз”. На абслугоўванні цэха, як па­ведаміў кіраўнік арганізацыі Яўген Лук’янчук, знаходзіцца 300 кіламетраў сетак прыроднага газу, які падаецца ў 6330 кватэр, яшчэ прыкладна 6400 кватэр карыстаюцца звадкаваным газам. Каб работа была бяспечнай і ўсе, хто мае дачыненне да работы з газам, добра ведалі нюансы, якія могуць прывесці да няшчасных выпадкаў, штогод кожны з работнікаў, а дапускаюцца да выканання сваіх абавязкаў толькі тыя, хто прайшоў спецыяльную вучобу, здае экзамен, пацвярджаючы веды. Кожнае праходжанне перападрыхтоўкі, праверка ведаў, інструктажы запісваюцца ў асабістую картку работніка. Такі сур’ёзны падыход да бяспе­кі зусім невыпадковы. Ад самай нязначнай памылкі пры рабоце з газам можа абарвацца нечае жыццё. А таму кожнай дробязі ў арганізацыі надаецца значная ўвага.
Між іншым, не абмінаюць тут увагай, як пераканаліся ўдзельнікі семінара, і пытанні стварэння для сваіх работнікаў належных бытавых умоў: для ацяплення памяшканняў набыта новае абсталяванне, якое працуе на такім паліве, як пелеты, у адміністрацыйным будынку дзейнічаюць душавыя, абсталяваны пакой для адпачынку, усім неабходным забяспечаны кабінет па тэхніцы бяспекі.

І рамонтнікаў не абдзеляць
У апошнія гады значная ўвага надавалася ў сельгасарганізацыях раёна рэканструкцыі малочна-таварных ферм, у выніку ўмовы, у якіх працуюць жывёлаводы, непараўнальна палепшыліся. А вось умовы працы тых, хто заняты на рамонце тэхнікі, як адзначыў, пачынаючы знаёміць з тэрыторыяй рамонтна-механічных мастэрань, старшыня СВК “Чырвоны партызан” Сяргей Сцепанюк, крыху адсталі. Паправіць гэтую сітуацыю запланавалі ў гаспадарцы сёлета. Усяго на рамонт майстэрань плануецца затраціць 300-400 мільёнаў рублёў у залежнасці ад фінансавага стану гаспадаркі. З пачатку года на рамонтныя работы ў майстэрнях і Доме механізатара пайшло ўжо 68 мільёнаў рублёў. Рамонтна-механічныя майстэрні, як адзначыў кіраўнік сельгасарганізацыі, месца, адкуль усё пачынаецца, бо менавіта тут умелыя рукі даюць “жыццё” тэхніцы. І праца работнікаў тут павінна быць не толькі бяспечнай, але і зручнай, а адпачынак – камфортным.

Усё пачынаецца з адказнасці
На пленарным пасяджэнні аб стане вытворчага траўматызму ў арганізацыях раёна расказаў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па ахове працы Эдуард Кандзярэшка. На выкананне мерапрыемстваў па ахове працы, як адзначыў ён, у раёне летась было затрачана больш за 4 мільярды рублёў. Сёлета на гэтыя мэты выкарыстаны ўжо мільярд рублёў. Многія арганізацыі і прадпрыемствы пастараліся замяніць старое тэхнічнае абсталяванне. Работа па прывядзенні працоўных месцаў у адпаведнасць з нормамі па асвятленні, загазаванасці, запыленасці была праве­дзена ў СВК “Дарапеевічы”, “Хаціслаўскі”, “Ланская”. У ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас”, ПМК-20, СВК “Рыта”, “Чарняны”, дзяржаўным прадпрыемстве “Радзежскае”, райаграпрамтэхніцы была праведзена работа па паляпшэнні санітарна-бытавых памяшканняў. Комплекс мер, як адзначалася ў выступленні, дазволіў замацаваць тэндэнцыю выключэння вытворчага траўміравання работнікаў са смяротным вынікам, зменшыць колькасць няшчасных выпадкаў з цяжкімі вынікамі. Летась у арганізацыях і на прадпрыемствах раёна былі 2 выпадкі вытворчага траўматызму, адзін з іх — з цяжкім вынікам. Сёлета — адзін няшчасны выпадак, які не адносіцца да ліку цяжкіх. Тым не менш тое, што такое здараецца, выклікае занепакоенасць, бо асноўная прычына траўміравання – парушэнне пацярпелымі інструкцый па ахове працы і невыкананне спецыялістамі і кіраўнікамі абавязкаў па ахове працы. Эфектыўным метадам работы па прафілактыцы парушэнняў працоўнай дысцыпліны і патрабаванняў аховы працы з’яўляецца дзейнасць мабільнай групы. Летась ёю было праведзена 48 выязных абследаванняў, выдадзена 9 прадпісанняў. У час выездаў выяўлены такія парушэнні, як эксплуатацыя тэхнічна няспраўнага абсталявання (СВК “Гвозніца”, “Арэхава”, “Ляхаўцы”, “Чарняны”), допуск да работ без забеспячэння сродкамі індывідуальнай аховы (ПМК-20, СВК “Арэхава”, “Макраны”, “Гвозніца”), допуск да работ без прафесійнай падрыхтоўкі (ПМК-20) і інш.
У рабоце па зніжэнні вытворчага траўматызму арганізацыям і прадпрыемствам раёна, як пад­крэслівалася ў выступ­ленні, трэба надаць увагу сацыяльнай рэкламе, забяспячэнню сваіх работнікаў спецадзеннем і неабходнымі сродкамі аховы (пакуль забяспечанасць складае 83%), узмацніць працоўную дысцыпліну, бо ўжо сёлета за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення былі затрыманы 4 работнікі сельгасарганізацый раёна.
Падрабязна аб выяўленых у час маніторынгу пракуратурай раёна парушэннях, звязаных з пытаннямі аховы працы, расказаў пракурор раёна Раман Гузюк. У спісе гэтых парушэнняў допуск да кіравання транспартнымі сродкамі вадзіцеляў, якія не маюць права на кіраванне пэўнымі катэгорыямі транспарту ці ўвогуле пазбаўлены вадзіцельскіх правоў, допуск да работы транспартных сродкаў, якія не прайшлі тэхнічны агляд, маюць няспраўнасці, не абсталяваны медыцынскімі аптэчкамі, іскрагасільнікамі, вогнетушыцелямі, эксплуатацыя станкоў без ахоўных загароджанняў, факты знаходжання на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення і г.д. Кіраўнікі былі папярэджаны аб недапушчальнасці такіх парушэнняў.
З вынікамі праверак, у час якіх было выяўлена, што ўмовы працы не адпавядаюць патрабаванням санітарнага заканадаўства, пазнаёміў галоўны санітарны ўрач раёна Уладзімір Кляцко.
Сваімі думкамі, заўвагамі з удзельнікамі семінара падзяліліся старшыня райвыканкама Казімір Лапіч і першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама, галоўны дзяржаўны эксперт Брэсцкай вобласці па ўмовах працы Ірына Арабей.
***
Па традыцыі у рабоце раённага семінара па ахове працы прынялі ўдзел, прапанаваўшы прадпрыемствам і арганізацыям раёна новыя мадэлі спецадзення, прадстаўнікі швейных прадпрыемстваў вобласці, у тым ліку і прадпрыемства “Дзіона” з Маларыты. Пазнаёміліся ўдзельнікі семінара таксама з навінкамі супрацьпажарнага абсталявання.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час раённага Дня аховы працы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 19.06.2013 г.

Добавить комментарий


Hyundai Santafe аккумулятор купить

http://www.best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!