“У Сцяпанаўны”

Гандлёвую кропку ІП Марыі Бурштын у пераважнай большасці ўсе ведаюць не па афіцыйна зарэгістраванай назве “1000 і адна дробязь”. У паўсядзённым абыходзе магазінчык называюць “У Сцяпанаўны”. Маларытчанам гэтага дастаткова, каб зразумець, што размова ідзе пра гандлёвую кропку, якая размяшчаецца ў будынку былой гасцініцы (вуліца Савецкая, 30). Яна знаходзіцца тут ужо амаль 12 гадоў. Зручнае, заходнае месца, у цэнтры Маларыты… Але для паспяховага вядзення бізнесу гэтага, напэўна, мала.
— Патрэбны свая, інды­відуальная стратэгія, распрацаваны план-бізнэс, — кажа Марыя Бурштын. – Гэта некалькі ўзаемазвязаных паміж сабой пунктаў. Найбольш важныя з іх – павага да пакупніка, далікатная і ветлівая з ім размова. І, безумоўна, якасны тавар па разумным кошце. Мая гандлёвая кропка ў першую чаргу разлічана на пакупніка сярэдняга дастатку. Нейкую рэч, выраб па высокай цане прадаць цяжка, таму такое зусім не бяру на рэалізацыю.
— Марыя Сцяпанаўна, а колькі ў вас найменняў тавару?
— Напэўна, тысяча і адзін (смяецца). На паліцах невялічкай гандлёвай кропкі можна знайсці парфуму, папярова-белавы тавар, бытавую хімію, посуд, цацкі, канцылярскія вырабы, спартыўны інвентар… Больш за палову – тавар беларускіх вытворцаў, а таксама польскіх, чэшскіх, нямецкіх, турэцкіх і інш. На аптовых базах бярэм толькі якасны тавар.
— Марыя Сцяпанаўна, у вас у апошні час можна назіраць дзіўную рэч. У многіх цэны растуць, а ў вас – “падаюць”. Напрыклад, пральны парашок ці зубная паста сёння менш каштуюць, чым 2 тыдні таму. Такое адбываецца і з коштам на іншыя тавары. Чаму?
— Цэны зніжаюцца ў час правядзення акцый для пакупнікоў, якія праводзяцца пастаянна. Таму нейкі тавар сёння каштуе, напрыклад, 40 тысяч, а заўтра, у час правядзення акцыі, яго цана можа быць зніжана нават да 30 тысяч. У выйгрышы ўсе: і пакупнік, і я.
— Вы прывабліваеце пакупнікоў не толькі ж гэтым, напэўна?
— Для тых, хто набыў тавар за адзін раз на кожныя сто тысяч рублёў, абавязкова прадугле­джана 10%-ная скідка. Таму перш чым зайсці ў магазін, трэба падумаць, што неабходна купіць. Чым большы кошт набытага тавару, тым большая атрымліваецца эканомія грашовых сродкаў сямейнага бюджэту.
— Марыя Сцяпанаўна, у які месяц у вас назіраецца час-пік продажу?
— Гэта, звычайна, бывае перад Новым годам, святамі 23 лютага, 8 Сакавіка, у пачатку чэрвеня, калі пачынаюцца летнія канікулы ў школьнікаў. На працягу года хадавымі з’яўляюцца тавары бытавой хіміі, посуд, вырабы з пластмасы, цацкі, канцтавары.Калі пакупнік чагосьці на паліцах нашага магазіна не знайшоў, ён можа зрабіць заказ. Працуем па наяўным і безнаяўным разліку з установамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі любых форм уласнасці.
— Марыя Сцяпанаўна, а чаму вы сталі “камерсанткай”?
Марыя Бурштын расказала, што пасля заканчэння школы вучылася ў Віцебскім тэхналагічным тэхнікуме трыкатажнай вытворчасці. Пасля яго заканчэння амаль 10 гадоў працавала закройшчыцай у Маларыцкім КБА. Аднак абставіны склаліся так, што ў канцы 90-х гадоў давялося ўладкавацца прадаўцом да індывідуальнага прадпрымальніка. Затым перайшла на працу да ІП Валерыя Патоцкага. Тут набыла патрэбныя веды, вопыт, уменне. Таму ў ліпені 2008г. сама зарэгістравалася ўжо як індывідуальны прадпрымальнік. Паступова справа закруцілася, набрала ход, выйшла на ўзровень, на якім знаходзіцца ўжо даволі працяглы час.
— Марыя Сцяпанаўна, ці не шкадуеце, што працуеце не па спецыяльнасці, якую набылі?
— Настальгія бывае. Па неабходнасці сама сабе шыю тую ці іншую рэч. Таму набытая калісьці прафесія незабытая. Калі папросяць, то і знаёмым нешта магу пашыць.
— У планах на будучае ў вас…
— У першую чаргу – пашырэнне асартыменту, павышэнне якасці абслугоўвання, зацікаўленне пакупнікоў новымі акцыямі і скідкамі.
— Ці не збіраецца магазін “У Сцяпанаўны” пашырыць свае гандлёвыя плошчы?
— Па адрасе, дзе знаходзімся зараз, не. Няма адпаведных умоў. А наконт пошуку новага месца… Гэта, напэўна, сёння не вельмі актуальна для нашай гандлёвай кропкі “1000 і адна дробязь”. Ёсць пытанні больш надзённыя, іх і неабходна вырашаць у першую чаргу.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: індывідуальны прадпрымальнік Марыя Бурштын.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.06.2013 г.

“У Сцяпанаўны”: 1 комментарий

  • 20.06.2013 в 8:40 пп
    Permalink

    Действительно, Мария Степановна и ответственный, и отзывчивый работник! Если бы было таких побольше, то в мире было бы светлее жить!

Добавить комментарий


www.monaliza.kiev.ua

https://biceps-ua.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!