Дзень Святой Тройцы

Тройца (дзень Святой Тройцы, Пяцідзясятніца, Дзень зыходу Святога Духа на апос­талаў) – двуна­дзясятае свята праваслаўнага календара, якое адзначаецца на 50 дзень пасля Вялікадня, на 10 дзень пасля Узнясення.
У гэты дзень праваслаўная царква ўспамінае зыход Святога Духа на апосталаў і ўшаноўвае Святую Тройцу. Падзея, пра якую расказваецца ў новазапаветнай кнізе «Дзеі святых апосталаў”, мае непасрэдную сувязь з вучэннем аб тройцы — адным з асноўных палажэнняў хрысціянскай веры. Згодна з ім, Бог існуе ў трох незліяных і непа­дзельных асобах: Айца — беспачатковага першапачатку, Сына і Духа Святога – жыватворчага пачатку. У дзень Пяцідзясятніцы – другога вя­лікага свята яўрэйскага народа, на 50-ы дзень уваскрэсення Хрыстова, чалавецтва ў асобе групы апосталаў, якія сабраліся ў Іерусалімскай святліцы вакол Божай Маці, упершыню ўспрыняло адкрыццё Трэцяй іпастасі Адзінага Бога — праява Духа Святога. У гэты дзень апосталы сядзелі ў пакоі (верхні пакой) аднаго з іеруса­лім­скіх дамоў на гары Сіён. Чый гэта быў дом — невядома. Але менавіта яму наканавана было стаць першым хрысціян­скім храмам. Бо ў Сіёнскай святліцы Хрыстос двойчы з’яўляўся Сваім вучням пасля свайго ўваскрэсення, там Ён разламаў хлеб і напоўніў келіх віном, здзейсніўшы такім чынам першую літургію. У Сіёнскай святліцы на апосталаў і Дзеву Марыю сышоў Святы Дух.
«І раптам зрабіўся шум з неба, нібы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны знаходзіліся, і з’явіліся ім языкі па­дзеленыя, нібы вогненныя, і апусціліся па адным на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духа Святога …» (Дзеі 2:2-4). Гэты момант асэнсоўваецца вернікамі як праява чароўнай сутнасці святой Тройцы. У памяць аб ім было ўсталявана свята, якое захавала назву «Пяцідзясятніца» і атрымала новае — «Сашэсце Святога Духа».
Тройца – вельмі прыгожае свята. Дамы і храмы ўпрыгожваюць галінкамі, травой, кветкамі. Нават колер вопраткі святароў у гэты дзень – зялёны. І гэта невыпадкова. Зеляніна, кветкі сімвалізуюць жыццё. Так людзі выказваюць радасць і падзяку Богу за тое, што Ён адрадзіў іх праз хрышчэнне ў новае жыццё. Гістарычна склалася, што для ўпрыгожвання храмаў і дамоў выкарыстоўваюць галінкі бярозы. Гэта дрэва лічыцца блаславёным. Свята Тройцы без бярозы — тое ж самае, што Каляды без ёлкі…

Опубликовано в «ГЧ» 22.06.2013 г. 

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!