Маларыцкія дарогі – для веласіпедыстаў краіны

У рамках VІІІ рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў у Маларыце прайшлі спаборніцтвы па веласпорту сярод юнакоў і дзяўчат 1998-1999 гадоў нараджэння.
Фінальныя спаборніцтвы гэтай спартакіяды па 19 алімпійскіх відах спорту (футболу, плаванню, дзюдо, стральбе кулявой, фехтаванню, скачках на батуце, мастацкай і спартыўнай гімнастыцы, боксе, шашках, цяжкай атлетыцы, настольным тэнісе,грэка-рымскай і вольнай барацьбе, веславанню на байдарках і каноэ, гульнявых відах…) праходзяць з 17 па 28 чэрвеня ў 5 гарадах Брэсцкай вобласці. Маларытчына 21-24 чэрвеня гасцінна прымала адзін з яе этапаў – спаборніцтвы 14-15-гадовых веласіпедыстаў.
Урачыстае адкрыццё мерапрыемства адбылося ранкам 21 чэрвеня на гарадской плошчы райцэнтра. Са словамі прывітання да юных спартсменаў звярнуўся Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама. Ён адзначыў, што развіццё спорту сярод школьнікаў – гэта прапаганда здаровага ладу жыцця, станаўленне здаровай нацыі ў краіне, адраджэнне спартыўных традыцый. Вадзім Паўлавіч выказаў упэўненасць, што спартакіяда стане запамінальнай падзеяй, а многія яе ўдзельнікі хутка будуць зоркамі беларускага і сусветнага спорту.
Пасля да юных веласіпедыстаў з пажаданнямі спартыўных перамог і дасягненняў таксама звярнуліся Аляксандр Жук, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага абл­выканкама; Эліна Сакалоўская, намеснік дырэктара ўстановы “Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў” Міністэрства адукацыі РБ па рабоце са спецыялізаванымі навучальна-спартыўнымі ўстановамі. Затым зборным камандам-удзельніцам былі прыпаднесены караваі хлеба як сімвал гасціннасці Маларытчыны. Юных спартсменаў таксама вітаў народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак”. Між іншым, галоўным суддзёй спаборніцтваў быў Мікалай Хевук, наш зямляк, заслужаны трэнер РБ, суддзя Усесаюзнай катэгорыі, майстар спорту, старшыня федэрацыі веласпорту Брэсцкай вобласці.
У праграме спартакіяды былі прадугле­джаны 4 віды велагонак. Амаль 80 юных спартсменаў-веласіпедыстаў з усіх абласцей і г. Мінска спаборнічалі за званне мацнейшага на адрэзку аўтадарогі Маларыта – Олтуш у камандных і групавых гонках (дыстанцыя 50 км — для юнакоў і 25 км – для дзяўчат), гонцы на час (дыстанцыя – 10 кіламетраў). Спаборніцтвы групавой кальцавой велагонкі крытэрыум праходзілі па вуліцах Савецкая, Чырвонаармейская, Паўднёвая, Несенюка райцэнтра (для дзяўчат – 8 кругоў, для юнакоў – 12, працягласць аднаго круга – 2 кіламетры 200 метраў).
Па заканчэнні спаборніцтваў на гарадской плошчы пераможцаў узнагароджвалі: Казімір Лапіч, старшыня Маларыцкага райвыканкама; Аляксандр Жук, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама; Пётр Паўзун, пераможца першай Усесаюзнай спартакіяды ў Ленінградзе, майстар спорту СССР, член зборнай БССР па веласпорту.
У агульнакамандным заліку па выніках 4 дзён спаборніцтваў першае месца заваявалі прадстаўнікі Магілёўскай вобласці, другое – Брэсцкай, трэцяе – Гомельскай.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 26.06.2013 г.

Добавить комментарий


https://220km.net

www.agroxy.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!