На адпачынак – з аптэчкай!

За акном – чэрвень, а гэта значыць, што настаў час масавых адпачынкаў. Адны яго праводзяць на тэрыторыі краіны, другія – выязджаюць за яе межы. Аднак і ў адным, і ў другім выпадках прыемныя ўспаміны застануцца толькі тады, калі адпачынак не будзе азмрочаны праблемамі са здароўем. Пазбегнуць гэтага дапаможа загадзя сабраная дарожная аптэчка для аказання першай медыцынскай дапамогі.Сабраць аптэчку ў дарогу – адно з правілаў падарожніка.
— Арганізм кожнага з нас індывідуальны, — кажа Наталля Ганчарэнка, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі №14. – Таму кожны чалавек збірае дарожную аптэчку з улікам стану свайго здароўя. Безумоўна, што застрахавацца ад усяго немагчыма, але быць напагатове нікому не пашкодзіць. Калі нехта пакутуе пэўнымі хранічнымі захворваннямі ці схільны да той ці іншай хваробы, то ў першую чаргу неабходна ў невялікай колькасці ўзяць з сабой тыя медыкаменты, якія індывідуальна правераныя, прымаюцца заўжды і эфектыўна дапамагаюць. Напрыклад, людзям з павышаным ціскам – таблеткі ад гіпертаніі, у каго праблемы з сэрцам, – валідол і нітрагліцэрын.
— Наталля Іванаўна, што ўваходзіць у стандартны набор аптэчкі для тых, хто падарожнічае?
— Найперш, гэта – антысептыкі, анты­гістамінныя прэпараты, сродкі ад «марской» хваробы, для лячэння парэзаў, драпін, сонечных апёкаў, перавязачны матэрыял, супрацьпрастудныя і страўнікава-кішэчныя прэпараты, камбінаваныя абязбольваючыя і гарачкапаніжальныя сродкі. Не будуць лішнімі бінт, вата, перакіс вадароду, ёд, гумавы жгут, а таксама прэпараты для зняцця свербу пры пакусах насякомых.
— Якой павінна быць сама аптэчка?
— У першую чаргу – герметычнай, таму што некаторыя прэпараты становяцца непрыдатнымі ва ўмовах павышанай вільготнасці. Рэкамендуецца пакласці сурвэткі ўнутры аптэчкі, каб зберагчы медыкаменты ад удараў ці рэзкага трасення. Акрамя таго, неабходна праверыць цэласнасць упакоўкі лекаў. Асабліва адказна трэба адносіцца да дарожнай аптэчкі тады, калі вы збіраецеся на адпачынак за мяжу. У замежных аптэках без рэцэпта ўрача адпускаецца вельмі мала лекаў. Кошт іх намнога большы, чым у нас. Ды і асартымент нашых і іхніх аптэк адрозніваецца. Сітуацыя можа скласціся і такая, што неабходнага прэпарата ў аптэцы проста няма. Дакладней, ён ёсць, але зарэгістраваны ў гэтай краіне пад зусім іншай гандлёвай назвай. Таму лекі са сваёй аптэчкі ў выпадку хваробы будуць заўсёды пад рукой, а гэта ў сваю чаргу паспрыяе аказанню аператыўнай дапамогі свайму арганізму ці тым, хто знаходзіцца побач.
— Наталля Іванаўна, ці можна ў аптэцы № 14 купіць аптэчку медыцынскую ўніверсальную?
— Можна. Ёсць два варыянты. Першы — мы можам “сабраць” такую аптэчку, улічваючы індывідуальныя асаблівасці. Другі — можна набыць “гатовую”.
Заходзьце!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: так выглядае аптэчка медыцынская ўніверсальная.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 26.06.2013 г.

Добавить комментарий


вывоз мусора

http://artma.net.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!