Як змяніць мінус на плюс?

У апошні час, на жаль, мы ўсё больш выразна адчуваем каштоўнасны вакуум, зніжэнне статусу маралі. Разбураецца адзінае поле маральных арыенціраў: сціраюцца грані паміж дабром і злом, падменьваюцца паняцці аб тым, што добра, а што дрэнна. Змена поглядаў на асноўныя чалавечыя каштоўнасці закранае і самае важнае – сям’ю. У моду ўваходзіць сужыцельства, лёгкія адносіны да шлюбу вядуць да вялікай колькасці іх скасаванняў, у сям’і дамінуе жанчына, яскрава адчуваецца крызіс бацькоўства, безадказнасць прыводзіць да сацыяльнага сіроцтва. Крызісны стан сям’і фарміруе ў дзяцей няправільныя адносіны да маральных каштоўнасцей, тым самым ствараючы “праблемную” моладзь, галоўныя рысы якой – пагоня за грашыма, цынізм, нахабнасць, раўнадушша да ўсіх, нават бацькоў.
Якім павінна быць выхаванне ў сям’і, школе, каб не згубіць пакаленні будучага? Нехта лічыць, што дабіцца выніку можна толькі “кнутом”, прымяняючы ўсю строгасць бацькоў і педагогаў, нехта схіляецца да таго, што большы эфект дасць “пернік” – пастаянны прыклад дабрыні, іншыя ўвогуле стараюцца навязаць ювенальную сістэму, пры якой дзяржава цалкам кантралюе жыццё сям’і, можа ўмешвацца ў яе справы і,пры першых прыкметах праблем, забіраць дзяцей.
Агульнага рэцэпта выхавання, на жаль, няма. Але тое, што сёння па-іншаму трэба паглядзець на праблемы выхавання, разумее кожны. Свой пункт гледжання на тое, як паўплываць на свядомасць моладзі, каб захаваць усе лепшыя традыцыі, якія фарміраваліся ў грамадстве на працягу многіх пакаленняў, у час арганізаванага на базе дзяржаўнага прафесійнага ліцэя “круглага стала” па тэме “Царква, грамадскія арганізацыі, сям’я і ўстановы адукацыі ў фарміраванні маральных сямейных каштоўнасцей” выказалі прадстаўнікі ўлады, Маларыцкага благачыння, навучальных устаноў горада, маладзёжных рухаў і арганізацый, якія непасрэдна працуюць з сям’ёй.

Вадзім ШПЕТНЫ, намеснік старшыні райвыканкама:
— Сапраўды, усе мы, і асабліва тыя, хто непасрэдна працуе з моладдзю, бачым, што сямейныя каштоўнасці, традыцыі разбураюцца, пераасэнсоўваюцца маладым пакаленнем. Не многа знойдзецца сёння сем’яў, якія пабудаваны на каханні, ўзаемапавазе, на высокіх пачуццях. Не выпадкова для размовы была абрана менавіта тэма фарміравання маральных сямейных каштоўнасцей. Мы сабраліся, каб аба­значыць тыя накірункі, якія могуць дапамагчы ў рабоце з маладымі людзьмі, падрыхтоўцы іх да сямейнага жыцця, да выхавання сваіх дзяцей. Па статыстыцы амаль палова створаных сем’яў распадаецца. Рыхтуючыся да вяселля, маладыя людзі аддаюць больш увагі знешняму антуражу, стараюцца, каб урачыстасць прайшла прыгожа. А аб тым, што будзе далей, у сямейным жыцці, на жаль, не задумваюцца. Трэба дапамагаць моладзі ў фарміраванні правільнай пазіцыі ў адносінах да маральных каштоўнасцей. Значную ролю, як паказвае вопыт іншых краін, тут іграюць грамадскія арганізацыі. Выхоўваць правільныя адносіны да сям’і дапамагае і царква. Дзякуючы маларыцкаму благачынню ў горадзе праводзіцца нямала мерапрыемстваў на сямейную тэматыку. Увогуле, шчасце чалавека, як гаворыць народная мудрасць, складаецца з трох важных момантаў: у якой сям’і нарадзіцца, у каго вучыцца і з кім стварыць сваю сям’ю. Кожнае з гэтых складаемых мае важнае значэнне. Ад таго, якія ў чалавека бацькі і якая яго “другая палавінка”, больш чым на 60 працэнтаў залежыць яго шчасце ў жыцці. Але ёсць яшчэ і настаўнікі, роля якіх у выхаванні таксама вельмі важная. І каб разабрацца ў праблеме выхавання, трэба звярнуць увагу на тры аспекты: узаемаадносіны бацькоў і дзяцей і выхаванне дзяцей у сучаснай сям’і; узаемаадносіны паміж мужам і жонкай у маладой сям’і і, вядома, як выхоўваюць маладое пакаленне сёння ў навучальных установах.

Галіна СТАСЮК, на­меснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце УА “Маларыцкі ДзПЛ СВ”:
— Сёння ў сродках масавай інфармацыі агучваецца 10 асноўных праблем сучаснай беларускай сям’і. Гэта і павелічэнне ўзросту ўступлення ў шлюб, і, разам з тым, позняе нараджэнне першынца, і “пагоня” за матэрыяльным дабрабытам, што прыводзіць да недахопу часу на зносіны з сям’ёй, і алкагалізацыя насельніцтва, і павелічэнне колькасці бясплодных сем’яў, і рост няпоўных сем’яў, і недасканаласць маральных сямейных асноў сярод моладзі, і многае іншае. Усе гэтыя праблемы, безумоўна, уплываюць на выхаванне дзяцей, фарміраванне ў іх свайго погляду на сям’ю. Рыхтуючыся да “круглага стала”, мы вырашылі пацікавіцца тым, як ўспрымаюць такое паняцце, як сям’я, нашы навучэнцы. У апытанні прымалі ўдзел 80 юнакоў – вучняў першага і другога курсаў. У першым заданні ім трэба было зрабіць працяг сказа “Ідэальная сям’я – гэта…” . У разуменні 70% вучняў ідэальная сям’я тая, калі ў ёй ёсць паразуменне, ніхто не сварыцца, для 10% — гэта сям’я, у якой ніхто не п’е, 12% палічылі ідэальнай поўную сям’ю, дзе ёсць тата і мама, і толькі 8% заўважылі, што ідэальная — гэта яго сям’я. “У сям’і мяне навучылі…”. Працягваючы гэтую фразу, 55% навучэнцаў заўважылі, што сям’я навучыла іх паважаць старэйшых, быць выхаваным чалавекам, 25% палічылі, што сям’я навучыла іх быць сумленнымі, добрымі, 15% — навучыліся ў сям’і працаваць, а вось 5% прызналіся, што сям’я ім ніякіх навыкаў не дала. У тым, што галоўным у сям’і павінен быць бацька, упэўнены 80% вучняў, 15% апытваемых лічаць, што кіраваць сям’ёй павінны і маці, і бацька, а 5% — аддалі перавагу маці. Прыклад з бацькоў гатовы пераняць 32% удзельнікаў апытання, для 20% — прыкладам з’яўляюцца сваякі. Сваю сям’ю шчаслівай і добранадзейнай мараць бачыць 49% навучэнцаў, моцнай, з двума-трыма дзецьмі – 9% апытваемых, а вось на сям’ю сваіх бацькоў арыентаваць сваю сям’ю выказала жаданне толькі 3% апытваемых. Згадзіцеся, лічбы яскрава раскрываюць праблемы.

Іерэй Віктар ПАЛЯ­ЦІЛА, настаяцель маларыцкай Свята-Міка­лаеўскай царквы:
— Сям’я, якую мы называем малой царквой, — гэта аснова асноў чалавечага жыцця, дзе закладваецца асоба чалавека. Праблемы сям’і не ўзніклі толькі цяпер. Былі яны і раней. Вялікі ўрон сямейным каштоўнасцям нанёс 1917 год, які змяніў не толькі ход гісторыі, але і адносіны чалавека да каштоўнасцей. Спачатку была аб’яўлена агульнасць жонак, шлюб лічыўся перажыткам буржуазнага грамадства. Усё было накіравана на тое, каб разбурыць сям’ю, бо чалавеку, які згубіў свае карані, свае каштоўнасці, лягчэй навязаць іншыя каштоўнасці. Аднак, набожнасць, якая была выхавана раней і перадавалася з пакалення ў пакаленне, дапамагла захаваць многія каштоўнасці і традыцыі. Царква заўжды заклікала да цнатлівых сямейных адносін, да таго, што самае галоўнае прызначэнне сям’і – дзетанараджэнне. І вельмі важным з’яўляецца таінства вянчання. Аднак у апошні час маладыя людзі не спяшаюцца атрымаць царкоўнае благаславенне. Да вянчання пары ставяцца з насцярожанасцю, бо калі шлюб распадаецца, узнікае шмат праблем са зняццем благаславення. З аднаго боку, гэта сведчанне больш сур’ёзнага падыходу да таінства вянчання. Але, з другога боку, такая насцярожанасць гаворыць аб тым, што маладыя людзі, ствараючы сям’ю, яшчэ не ў поўнай меры гатовы да той адказнасці, якую шлюб накладае на чалавека. Маладыя людзі робяць спробу сямейнага жыцця. Маўляў, год-два пажывем, потым, калі ўсё будзе нармальна, павянчаемся. Не такі ідэал сям’і прапануе царква. Многія святыя з’яўляюцца ўзорам. Але не з іх бяруць прыклад. Пэўныя сродкі масавай інфармацыі насаджаюць зусім іншы, ілжывы ідэал жыцця, у тым ліку і сямейнага. Ні для каго не сакрэт: пастаяннае напамінанне чалавеку аб тым, што сям’я гэта не галоўнае, што самае галоўнае – атрымліваць задавальненне ад сваіх дасягненняў, нічому добраму не вучыць. Выхоўваецца чалавек-эгаіст, які лічыць, што ён цэнтр Сусвету і ўсё павінна круціцца вакол яго і для яго задавальнення. А сямейнае жыццё – гэта ахвяраванне. Не выпадкова гавораць, што сям’я напалову скарачае правы чалавека, і ў два разы павялічвае яго абавязкі. На жаль, безадказныя адносіны да выбару спадарожніка жыцця, пробныя варыянты ні да чаго добрага не прыво­дзяць. Гэта ўсё вядзе да таго, што наша нацыя, на жаль, выраджаецца і штогод у Беларусі знікае цэлы горад, такі, як наша Маларыта. Вядома, праблему гэтая размова не вырашыць. Але, калі пра гэта не гаварыць, будзе стварацца ўражанне, што ўсё добра, што ніякіх праблем няма. А яны ёсць, і іх трэба вырашаць, і вырашаць сумеснымі намаганнямі.

Іерэй Мікалай КАЗІ­НЕЦ, настаяцель царквы Свята-Нараджэння Багародзіцы в. Макраны:
— На сучаснага чалавека абрушваецца вялікая колькасць рознай інфармацыі. Які накірунак абраць, якіх каштоўнасцей трымацца? Нярэдка спрацоўвае пазіцыя масы: апранацца так, як сябар, рабіць так, як іншыя, браць за ўзор тых, хто больш паспяховы. Многія імкнуцца не стаць “белай варонай”. А тыя духоўныя каштоўнасці, якія прапануе царква, якраз робяць чалавека “белай варонай”. Такіх не заўжды і не ўсе разумеюць. Дзе сучасны чалавек выхоўваецца? У большай меры ў кампаніі сяброў, з дапамогай тэлебачання, інтэрнэту. Так атрымліваецца, што бацькі больш клапоцяцца пра дабрабыт і іграюць малую ролю ў выхаванні. Большасць маладых людзей усведамляе такі прынцып: мая свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека. У сваім дыяпазоне, лічаць яны, можна рабіць усё, што хочаш. У выніку свабода ўспрымаецца, як усёдазволенасць. А гэта няправільна. Свабода, у якой няма адказнасці, разбурае чалавека. З дзецьмі важна гаварыць аб адказнасці ў свабодзе свайго выбару. Малады чалавек павінен добра ведаць, як дасягнуць таго, аб чым ён марыць. А для гэтага, думаю, у школе патрэбны спецыяльны прадмет “Сям’я”, на ўроках якога гаварылася б аб праблемах сям’і, прычынах канфліктаў. Патрэбны і спецыяльны падручнік, і настаўнікі, якія маглі б вучыць правільна. Самае галоўнае – шукаць рашэнне праблемы разам.

Наталля ІОЛАП, загадчыца сектара адраснай дапамогі, быту і сям’і упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
— У размове пра сям’ю, думаю, не лішнім будзе расказаць пра тую дапамогу, якую для сям’і прадугледжвае дзяржава. З 2001 года дзейнічае прадастаўленне адраснай сацыяльнай дапамогі розным катэгорыям сем’яў – і мнага­дзетным, і няпоўным, і сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Летась адрасную сацыяльную дапамогу атрымалі 1813 чалавек. Са сродкаў мясцовага бюджэту на гэтыя мэты выдзелена больш за 2 мільярды рублёў. Акрамя таго, прадугле­джана падтрымка сям’і пры нараджэнні дваіх і больш дзяцей. Ім выплачваецца дапамога на набыццё рэчаў першай неабходнасці ў памеры двух бюджэтаў пражытачнага мінімуму на кожнае дзіця. Сем’ям, дзе нарадзілася двойня, на працягу двух гадоў жыцця выдаецца бясплатнае харчаванне. 73 жанчыны з нашага раёна маюць самую высокую для іх узнагароду – ордэн Маці. З 2006 года ўзнагароджанне ордэнам суправаджаецца матэрыяльнай выплатай у памеры 5 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Штодня мы сутыкаемся з рознымі катэгорыям сем’яў. І заўжды імкнемся дапамагчы ім выйсці са складанай сітуацыі.

Аляксей ДЗЯМІНСКІ, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”:
— На жаль, моладзь сёння становіцца ўсё больш пасіўнай. Яна можа і хоча нешта рабіць, але чакае за гэта нейкую аддачу. Раней было паняцце: хто зробіць, калі не мы. Цяпер маладыя людзі стараюцца самаўхіліцца ад розных спраў, адся­дзецца ўбаку. Яны нават адвыклі зносіцца паміж сабою: перапісваюцца ў інтэрнэце, а калі сустрэнуцца – н знаходзяць тэм для размовы, ды і слоўнікавага запасу для зносін ім не хапае. Раённая арганізацыя БРСМ аб’ядноўвае больш тысячы чалавек. Асноўныя задачы, якія ставіць перад сабой аб’яднанне, — патрыятычнае выхаванне, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, выхаванне інтарэсу да працы. Наша імкненне – выклікаць у маладых людзей, маладых сем’яў жаданне праявіць сябе, паказаць свае таленты. Так атрымліваецца, што пра дрэнныя ўчынкі ў апошні час маладыя людзі расказваюць больш ахвотна, чым пра добрыя. Пра добрае ім гаварыць неяк сорамна. А ўсё таму, што няправільна ставяцца акцэнты, не тым прыярытэтам аддаецца перавага. Шмат інфармацыі моладзь атрымлівае сёння з інтэрнэту. Гэты сродак мы імкнемся выкарыстоўваць для таго, каб паказаць добрыя прыклады, накі­раваць маладых людзей на тое, каб яны давалі правільную маральную ацэнку розным падзеям.
Іерэй Сергій Бірук-Русу, настаяцель царквы Свята-Нараджэння Багародзіцы в. Лукава:
— На жаль, мы губляем тую сувязь, якая павінна быць паміж бацькамі і дзецьмі, сувязь з традыцыямі хрысці­янскага выхавання дзяцей. З трох гадоў дзіця ідзе ў сад, і губляецца самае галоўнае ў выхаванні дзіцяці – іерархія. Калі дзіця знаходзіцца ў сям’і, прычым у такой, дзе не адно дзіця, яно бачыць бабулю і дзядулю, бацькоў, братоў і сясцёр, разам з імі працуе, з імі зносіцца: старэйшым падпарадкоўваецца, дарослым дапамагае, пра малодшых клапоціцца, убіраючы ў сябе асноўныя каштоўнасці. Калі дзіця атрымлівае выхаванне ў садзе, губляецца іерархічная сувязь, бо там яго равеснікі, з якімі можа пасварыцца і знайсці сабе новых сяброў. У выніку дзіця расце, не навучыўшыся ні падпарадкоўвацца, ні мірна кіраваць іншымі. А між тым вядома: што ў дзіцяці будзе закла­дзена ў дзяцінстве, тое і застанецца. Калі дзіця ў сям’і з малых гадоў вучыцца паслухмянасці, працы, клопату аб малодшых, дык і ў дарослым жыцці яно будзе клапатлівым бацькам, добрым і ўдзячным сынам ці дачкою. Ёсць фраза: усё лепшае — дзецям. Вядома, дзіця павінна атрымліваць усё, што яму трэба. Але, калі яно атрымлівае ўсё лепшае толькі таму, што маленькае, дзіця прывыкае быць маленькім і толькі патрабаваць. А таму любая ўзнагарода павінна быць заслужаная. Увогуле выхаванне павінна будавацца на сваім прыкладзе. Нездарма ж гавораць: раскажы – я забуду, пакажы – я запомню, зрабі са мною – я навучуся.

Юлія КРЭНЬ, дырэктар Маларыцкага сацыяльна-педагагічнага Цэнтра:
— У раёне налічваецца 454 малазабяспечаныя сям’і, 440 мнагадзетных сем’яў, 463 няпоўныя сям’і, 21 апякунская і 15 прыёмных сем’яў. На жаль, сучасная сям’я вызначаецца сваёй нестабільнасцю, назіраецца рост неспрыяльных сем’яў. Канфлікт паміж бацькамі абавязкова ўплывае на развіццё асобы дзіцяці, парушае яго правы. Такія сем’і не могуць самастойна справіцца са сваімі праблемамі. Ім патрэбна кваліфікаваная сістэматычная дапамога. Асаблівую ўвагу мы надаем тым сем’ям, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. А гэта 125 дзяцей, якія выхоўваюцца ў 61 сям’і. Спецыялісты Цэнтра ўдзельнічаюць у рэалізацыі раённых і абласных праграм, накіраваных на вырашэнне праблем сям’і і дзіцяці. У рамках іх арганізоўваюцца бацькоўскія практыкумы, праводзіцца карэкцыйная работа з бацькамі і дзецьмі. Адзін з накірункаў нашай дзейнасці – прафілактыка і ранняе выяўленне сямейных праблем. Праводзіцца таксама мэтанакіраваная работа па прафілактыцы правапарушэнняў і зла­чынстваў непаўналет­ніх. У Цэнтры арганізавана работа клуба “Падлетак”. Значнае месца ў рабоце займае кансультаванне бацькоў і падлеткаў. У навучальным годзе атрымаць дапамогу і парады спецыялістаў змаглі 1066 дарослых і дзяцей.

Святлана ДАМАНСКАЯ, інспектар па справах непаўналетніх:
— Сям’я можа быць як станоўчым, так і адмоўным фактарам у выхаванні дзяцей. Са школьнікамі праводзіцца прафілактычная работа, а калі ёсць праблемы з нейкім падлеткам – індывідуальная. Вялікую карысць дае супрацоўніцтва. Дзіця, да прыкладу, парушыла дысцыпліну, і навучальная ўстанова паведамляе пра гэта нам. Інспектар сустракаецца з падлеткам, праводзіць гутарку і, часцей за ўсё, яго папярэджанне дае эфект, прычым значна большы, чым словы бацькоў аб тым, як нельга сябе паводзіць. У рабоце з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, без комплексу мер увогуле не абысціся. Пасля любога канфлікту сям’ю наведвае інспектар, гутарыць, каб чалавек адчу­ваў, што нішто дрэн­нае не праходзіць бяс­следна. Лічу, самае галоўнае — працаваць ва ўзаемадзеянні і звесці да мінімуму адмоўны ўплыў сям’і на дзіця.

Людміла Ляўчук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1:
— У фарміраванні маральных і сямейных каштоўнасцей, згаджуся з іншымі, аснова закладваецца ў сям’і. Народная мудрасць гаворыць: выхоўваць дзіця трэба, пакуль яно памяшчаецца ўпоперак лаўкі. Калі час упушчаны, упушчана і выхаванне . Менавіта да трох гадоў у дзіцяці закладаюцца ўсе асновы. У якой сям’і выхоўваецца яно, мадэль такой сям’і потым будзе будаваць. Калі ў сям’і паважаюць, разумеюць адзін аднаго, дзіця будзе паважлівае і ў адносінах да сваіх аднакласнікаў, настаўнікаў. Калі бацькі жорстка караюць сына ці дачку, уся мадэль паводзін будзе перанесена на равеснікаў. А значыць, у першую чаргу трэба выхоўваць сям’ю. Таму ў школе праходзяць сходы, працуе бацькоўскі ўніверсітэт. Каб гутарка на сходах была грунтоўнай, праводзіцца анкетаванне вучняў. Якія вывады можна зрабіць па яго выніках? Разважаючы аб маральных каштоўнасцях, дзеці на першае месца ставяць любоў, ўзаемапавагу, здароўе, і гэта добра. Але цяпер на шмат ступеняў вышэй паднялося і такое складаемае, як матэрыяльны дабрабыт. А вось што датычыцца пытанняў працоўнага выхавання, дык тут назіраецца вялікі прабел. У многіх дзяцей увогуле няма ніякіх абавязкаў па дому. Дык якімі гаспадарамі яны вырастуць? І ці не стане тое, што маладая жонка не ўмее зварыць абед, а малады муж — прыбіць цвік, адной з прычын таго, што сям’я распадзецца?

Віталь БЕНЯСЮК, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2:
— Якраз працу мы і ўзялі за аснову выхавання ў сваёй школе. Дзеці працуюць, ім дапамагаюць бацькі, самі школьнікі рэалізоўваюць сваю прадукцыю і зарабляюць грошы. У выніку фарміруецца разуменне таго, што працай чалавек не караецца, а ўзнагароджваецца. Вопыт пераканаў: праца не перашкаджае вучобе. У тых дзяцей, якія заняты ў вытворчай брыгадзе, высокія адзнакі. Акрамя таго, для многіх школьныя швейныя навыкі ў будучым становяцца прафесіяй. Шматгадовая практыка працоўнага выхавання пераконвае, што гэта правільны накірунак.

Алена КОСІК, выкладчык курса “Фарміраванне сямейных каштоўнасцей” УА “Маларыцкі ДзПЛ СВ”:
— Да нас у ліцэй прыхо­дзяць ужо сфарміраваныя асобы. І мы можам толькі ўносіць пэўныя карэктывы. Выхаваўчая работа пачынаецца са знаёмства з сям’ёй. Трэба высветліць, наколькі камфортна падлетку ў сям’і, ці не патрэбна яму дапамога. У час заняткаў цяжка добра пазнаць навучэнца. А вось у час факультатыўных заняткаў атмасфера больш даверлівая і дапамагае лепш пазнаёміцца. Тэмы заняткаў курса “Фарміраванне сямейных каштоўнасцей” настолькі насычаныя, што няма сумненняў, калі б такі прадмет вывучаўся ў абавязковай праграме, быў бы вынік. У гутарках ідзе знаёмства з сям’ёй, асноўнымі прычынамі канфліктаў. Зразумела, для дзіцяці вельмі важны прыклад, і ў першую чаргу прыклад бацькоў. Менавіта па гэтаму прыкладу яно будзе будаваць і сваё жыццё. Але нават калі гэты прыклад дрэнны, ёсць яшчэ навучальныя ўстановы, якія могуць многае змяніць, патрэбны толькі правільны падыход.

Сацыяльны партрэт беларускай сям’і:
У Беларусі 2 млн. 691 тыс. сем’яў;
сярэдні памер сям’і – 3 чалавекі;
сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб:
жанчыны – 24,6 года,
мужчыны – 26,7 года;
колькасць сем’яў, у якіх адна маці выхоўвае дзяцей да 18 гадоў, – 158 тысяч, адзін бацька выхоўвае дзяцей, – 12 тысяч;
колькасць дзяцей у сем’ях: 1 дзіця – 66,5%, 2 дзіцяці – 28,3%, 3 і больш дзяцей – 5, 2%;
пары без дзяцей складаюць 23,8%;
у першым паўгоддзі 2012 года на 1 тысячу шлюбаў даводзілася 667 скасаванняў;
колькасць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў на 1 студзеня 2013 года склала 1 млн. 741,8 тыс. чалавек, ці 18,4% ад агульнай колькасці насельніцтва.
Матэрыял падрыхтавала Святлана МАКСІМУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 26.06.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!