Майстар лiчбавага “царства”

У в. Лукава, цэнтральную сядзібу СВК “Чырвоны партызан”, ехаў спецыяльна для таго, каб пазнаёміцца з Уладзімірам Неўдахам. Ён – галоўны эканаміст гаспадаркі. На маладых плячах Уладзіміра знаходзіцца лічбавае “царства” ўсёй гаспадаркі. Без умельства Уладзіміра Неўдаха не можа справа аграрная ісці гладка, роўна і вынікова. Ды і без яго дакладных і своечасовых разлікаў ніяк не можа абысціся гаспадарка. На думку кіраўніцтва сельгас­кааператыва, Уладзімір – адказны, энергічны, таленавіты, высокакваліфікаваны спецыяліст, які душу і ўсе веды ўкладвае ў справу. Ён дасканала валодае сітуацыяй у СВК і ніколі не перакладвае сваю справу на іншых. Аднак мяне зацікавіла не гэта. Закончыўшы Столінскі аграрна-эканамічны каледж па спецыяльнасці “Бухгалтар”, Уладзімір Неўдах прыехаў на Маларытчыну па накіраванню ў “Чырвоны партызан”. Адпрацаваўшы 2 гады, не з’ехаў, як іншыя, а застаўся ў Лукаве.
— Пакуль, здаецца, назаўж­ды, — усміхаецца Уладзімір. – Лічу, што з першым працоўным месцам мне вельмі пашанцавала. Планаў на пераезд кудысьці няма. Усё задавальняе. Таму сёння, паўтаруся, неабходнасці ў гэтым для мяне ніякай не існуе.
Не так і часта маладыя спецыялісты з іншых рэгіёнаў вобласці, адпрацаваўшы заканадаўча зацверджаны тэрмін, застаюцца на Маларытчыне. Многія імкнуцца як мага хутчэй паехаць у іншае месца.
— Я супраць таго, каб мяняць месца жыхарства і працы без сур’ёзных на тое падстаў, — кажа Уладзімір Неўдах. — Чалавеку неабходна замацавацца на зямлі, пусціць трывала карані, звіць сваё гняздо, прафесійна расці. Нельга быць чалавекам перакаці-поле. Ад такога ладу жыцця карысці не будзе нікому.
Уладзімір Уладзіміравіч родам са Столінскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў яго была мара вучыцца ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Аднак падвяло здароўе. Таму юнак вырашыў набыць сярэдне-спецыяльную адукацыю. Галоўнае, чым ён кіраваўся пры выбары, каб навучальная ўстанова была недалёка ад дому. Пасля заканчэння Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа адразу паступіў вучыцца ў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт на эканамічны факультэт (закончыў яго сёлета).
У СВК “Чырвоны партызан” маладога спецыяліста адразу назначылі на пасаду бухгалтара. Ён хутка зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку. Таму неўзабаве Уладзімір Неўдах стаў намеснікам галоўнага бухгалтара, потым — эканамістам па аплаце, а з 2009 г. – галоўным эканамістам.
— Нават і не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі, -прызнаецца Уладзімір Неўдах. — Работа эканаміста мне падабаецца. Яна звязана з бясконцымі вылічэннямі, аналізамі, планамі і шматзначнымі лічбамі, якія, як і людзі, умеюць “размаўляць” і пра вельмі многае гаварыць, але не ўсім гэтая мова зразумелая. Каб дасягнуць вынікаў, неабходны што­дзённая праца над сабой для шліфавання майстэрства, а таксама жаданне і мэта, да якой трэба паступова набліжацца. Адступаць нельга.
Ва Уладзіміра Уладзі­міравіча ўсё гэта ёсць. Ён з першага дня працы хутка пачаў ўнікаць у кола сваіх абавязкаў. Не адкладваючы на потым розныя пытанні, што ўзнікалі, не саромеўся звяртацца за дапамогай да больш вопытных калег. З удзячнасцю прыслухоўваўся да іх “прафесійных” падказак і парад. Акрамя таго, чытаў шмат спецыяльнай і даведачнай літаратуры.Таму паступова ў юнака знікалі хваляванне, унутраная няўпэўненасць. Іх дапамагала перамагчы вера ў свае сілы, здольнасці, магчымасці. Цяпер Уладзімір Неўдах ужо цвёрда стаіць на нагах, набыў неабходны прафесійны вопыт. Калегі, жартуючы, кажуць, што ён выдатна, з паўслова “разумее” эканоміку і добра сябруе з ёю.
— Уладзімір Уладзіміравіч, дык чаму вы засталіся працаваць у СВК “Чырвоны партызан”? Чужына… Да Століншчыны адсюль не адна сотня кіламетраў. Напэўна, маглі б знайсці працу бліжэй да родных месцаў?
— Вядома ж, мог бы. Аднак мяне Маларытчына зачаравала з першага дня знаходжання. Цяпер яна стала ўжо другім домам. Лічу сябе мясцовым жыхаром са стажам.У народзе кажуць: рыба шукае там, дзе глыбей, а чалавек – дзе лепш. Так, напэўна, і я. У Лукаве ў мяне ўжо ёсць сваё жыллё. Тут створана сям’я. З жонкай Марынай выхоўваем 2 дзяцей: дачку Вікторыю і сына Уладзіслава. Акрамя таго, працую ў цудоўным калектыве. Ёсць любімая работа. Дык ці трэба на ўсё гэта махнуць рукой, пакінуць і паехаць невядома куды. Ды і навошта? Каб пачынаць з нуля?..
***
Цяпер прафесія экана­міста прэстыжная, але не кожны, атрымаўшы яе, зможа стаць высакакласным спецыялістам. Уладзімір Неўдах здолеў гэта зрабіць за невялікі адрэзак часу, але на дасягнутым спыняцца не збіраецца. У яго галаве многа думак, ідэй, якія плануе рэалізоўваць у бліжэйшы час.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Уладзімір Неўдах, галоўны эканаміст СВК “Чырвоны партызан”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 29.06.2013 г.

Добавить комментарий


ここに

www.renault.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!