“Жалезны” чараўнiк

Сцяпану Бойку, маларытчаніну, ужо 84 гады. Нягледзячы на свой узрост, ён яшчэ да нядаўняга часу, каб аблегчыць паўсядзённы побыт, нешта прыдумляў – “вынаходзіў”.
— “Свярбяць” у мяне да такой справы рукі, хочацца даць ім работы, — кажа Сцяпан Мікалаевіч. – Але зрок не той, што раней. Таму свае задумкі рэалізоўваю найчасцей толькі ў галаве. А каб лягчэй было на душы, штодзень іду ў гараж.
Там у Сцяпана Бойкі тэхнічны рай — безліч розных інструментаў на ўсякі выпадак. А раптам нешта спатрэбіцца. Там жа, у гаражы, стаіць двухколавы трактар, які зрабіў сам, каб апрацоўваць свае соткі. Аднак асаблівы гонар Сцяпана Мікалаевіча – такарны станок, які “злеплены” самастойна пасля выхаду на пенсію. Менавіта на ім многія гады падтрымліваў кваліфікацыю класнага токара. Станок не даваў страціць набытыя ўменні і навыкі. У любы час сутак прыходзіў сюды і чараваў над металам. То сабе нешта зробіць, то суседзям.
— Ды я хоць зараз магу стаць за станок і вытачыць патрэбную дэталь, — гаворыць мой субяседнік. – Тое, чаму вучыўся ўсё жыццё, яшчэ не сцерлася з памяці.
Хоць кніжнай навукі не спазнаў, але такая акалічнасць не перашкодзіла стаць сапраўдным майстрам сваёй справы.
— Я адукацыі ніякай практычна не маю, — прызнаецца Сцяпан Бойка. – Зрэшты, вучыўся ўсяго толькі 2 гады, ды і то ў першых класах. Час жа быў ліхі. Закончыў першы клас польскай школы, на наступны год – першы клас савецкай школы. На трэці год зноў трэба было ісці ў першы клас, праўда, у нямецкую школу. Але бацькі вырашылі, што ад гэтага карысці мала. На гэтым мая адукацыя і закончылася. Больш так нідзе, на жаль, і не вучыўся.
Са сваім бацькам, Мікалаем Яфімавічам, Сцяпан падаўся ў заробкі. У Гвозніцы і іншых вёсках раёна дапамагаў будаваць хаты. З гэтага і жыла сям’я, у якой гадавалася чацвёра дзяцей.
— Я ж з 9 гадоў стаў працаваць кавалём, — успамінае Сцяпан Бойка. – Гэтая навука мне давалася на дзіва лёгка. Варта было адзін раз зірнуць – усё запамінаў адразу. Любіў я кавальскую справу. Гэта, напэўна, спадчыннае. Бо і дзед, і бацька былі выдатнымі кавалямі, сваёй справы каралямі. Яны майстэрствам славіліся далёка за межамі вёскі.
Сцяпан хутка пераняў кавальскую навуку. Неўзабаве і сам стаў добрым майстрам. Аднак сям’ю напаткала бяда. Прыйшла яна, як заўжды, нечакана.
Мікалай Яфімавіч атрымаў неяк заказ ад камбіната бытавога абслугоўвання, кантора якога знаходзілася ў Маларыце, зрабіць сто малаткоў і сто бабак для кляпання кос. У час працы кавалачак жалеза трапіў бацьку ў вока. Хутка ад гэтага ён аслеп на два вокі. А ўвесь цяжар па гаспадарцы кладзецца на яшчэ непадужэлыя плечы Сцяпана.
— Жыццё імчала вельмі ж хутка, як па наезджанай каляіне, — усміхаецца Сцяпан Мікалаевіч, — і большая палова яго, калі не ўсё, праходзіла ў штодзённых клопатах і турботах. Неяк незаўважна праляцела служба ў пяхотным палку ў Бесарабіі, два гады заробак у Мінску. Потым пераехаў у родныя мясціны.
Да самага выхаду на заслужаны адпачынак – 24 гады – адпрацаваў у райаграпрамтэхніцы. Тут і раскрыўся талент Сцяпана Бойкі ў першую чаргу як рацыяналізатара і вынаходніка. Ён хутка ўцягнуўся ў справу. Імкненні-намаганні таленавітага і адказнага маладога чалавека заўважыла кіраўніцтва арганізацыі. Таму за час працы токар Сцяпан Мікалаевіч быў узнагароджаны больш чым 20 граматамі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў,знакамі “Ударнік ІХ і Х пяцігодак”, “Ударнік камуністычнай працы”, “Настаўнік моладзі”, “Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі”. У скарбонцы ўзнагарод – медалі “За добрасумленую працу”, “Ветэран працы” (1984 і 1985 гады), а таксама ордэны “Знак Пашаны” (1971 г.) і “Працоўнай Славы ІІІ ступені” (1976 г.). Але ж галоўнымі ўзнагародамі Сцяпан Мікалаевіч лічыць не гэтыя, а іншыя. Магчыма, яны больш сціплыя па значнасці, але больш важныя для яго. У гэты лік Сцяпан Бойка адносіць пасведчанне ўдзельніка ВДНГ СССР (1970 г.), якое выдадзена галоўным камітэтам выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі Савецкага Саюза, а таксама пасведчанне №1 “Лепшы рацыяналізатар” рэспубліканскага аб’яднання “Белсельгастэхніка”.
Гэтае званне Сцяпану Мікалаевічу прысвоена 30 сакавіка 1972г. калегіяй РА “Белсельгастэхніка”, прэзідыумам Рэспубліканскага камітэта прафсаюза рабочых і служачых сельскай гаспадаркі і нарыхтовак і прэзідыумам Рэспубліканскага савета Усесаюзнага таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў.
— Гэта прызнанне на высокім узроўні таго, чым я займаўся практычна ўсё жыццё, — гаворыць Сцяпан Бойка. – А я ж прыдумваў нешта толькі для таго, каб аблегчыць працу ў сельскай гаспадарцы, каб яна стала больш прадуктыўнай і выніковай. Планаў і ідэй у галаве раілася заўсёды многа. У іх правільнасці і выніковасці пераконваўся ў час практычнага ажыццяўлення задуманага. Безумоўна, узнікала шмат пытанняў, аднак адказаў у кнігах знайсці не мог. Не таму, што іх не было, а таму, што не ўмеў чытаць. Да ўсяго даводзілася даходзіць сваім розумам. А вось розныя тэхнічныя разлікі ў мяне заўсёды атрымліваліся правільнымі. Гэта давалася лёгка, хутка і проста.
— Сцяпан Мікалаевіч, а што вы вынайшлі такога, што аж у Маскве пра гэта даве­даліся?
— Нічога, здаецца, асаблівага. Я пры­думаў, калі так можна сказаць, прыбор-прыстасаванне для рэстаўрацыі (ўзнаў­лення) галовак рухавіка трактара Т-40. Рацыяналізатарская распрацоўка давала магчымасць хутка і цалкам “убіраць” нагар, які ўтвараўся. Пра гэта даведаліся ў Брэсце. З маім “вынаходніцтвам” прыехала знаёміцца адразу 4 чалавекі. Усё дасканала вывучыўшы, яны папрасілі зрабіць макет прыстасавання. “Нашто вам макет? – цікаўлюся. – Давайце зраблю ў натуральную велічыню “прыбор”. Прадстаўнікі з Брэста з гэтым пагадзіліся. З заданнем справіўся хутка. Праз месяц з Масквы прыходзіць тэлеграма з запрашэннем наведаць выставу ВДНГ.
— Сцяпан Мікалаевіч, чым запамяталася паездка ў Маскву?
— На ВДНГ я быў 7 дзён. Шмат дзе пабываў, многае ўбачыў. Але асаблівае задавальненне атрымаў ад таго, што сярод мноства лепшых узораў дасягненняў і вынаходніцтваў Савецкага Саюза было і маё, як здаецца, такое сціплае і непрыкметнае. У адным з павільёнаў на паліцы сваё прыстасаванне убачыў адразу, як зайшоў туды. Пазнаў па блакітным колеры, якім яго афарбаваў. Між іншым, у Маскве мне далі 70 рублёў прэміі.
— А ці паўплываў гэты факт на далейшае ваша жыццё?
— Здаецца, што не. Праўда, начальства і калегі шчыра павіншавалі. Гэтая падзея ў калектыве некаторы час была на слыху. Але тым, што маё прыстасаванне трапіла на выставу ВДНГ,асабліва не ганарыўся і іншым сам не пачынаў пра гэта расказваць. Аднак, калі цікавіліся, адказваў. Вярнуўшыся з ВДНГ, стаў працаваць так, як і раней. Справу токара вельмі любіў. Яна для мяне – у нейкай ступені стала сэнсам жыцця. Наогул, для мяне галоўным ў жыцці з’яўляецца не ўзнагарода любога ўзроўню, а ўсведамленне таго, што мая праца камусьці прыносіць карысць, няхай і маленькую.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Сцяпан Бойка, уладальнік пасведчання № 1 “Лепшы рацыяналізатар”, якое выдадзена рэспубліканскім аб’яд­наннем “Белсельгастэхніка”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 29.06.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.