Валодаеш інфармацыяй – ведаеш сітуацыю

Пад старшынствам Пятра Губея
адбылася ХVI сесія райсавета дэпутатаў ХХVI склікання

У цэнтры ўвагі дэпутатаў былі пытанні эфектыўнасці выкарыстання вадаёмаў і захавання на іх прыро­да­ахоўнага закана­даўства; стан работы па прафілактыцы права­парушэнняў і п’янства на тэрыто­рыі раёна; ход мера­прыемстваў па паляпшэнню ўмоў і аховы працы на 2011-2015 гады.
Па першым пытанні выступілі заатэхнік-селекцыянер райсельгасхарчу Аляксандр Буйко і начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Юхімук. Было адзначана, што на арандуемых аб’ектах, якія займаюцца рыбалоўствам, летась атрымана 6730 кілаграмаў таварнай рыбы пры заданні 5 тон. Адзначалася таксама, што не ўсюды наведзены парадак ля вадаёмаў, паступаюць скаргі на арандатараў наконт рэжымаў рыбнай лоўлі, ёсць парушэнні правілаў зарыблення і г.д. У рашэнні сесіі па гэтым пытанні запісана нямала пунктаў, якія абавязваюць кіраўнікоў водных аб’ектаў ўзмацніць кантроль за захаваннем прыродаахоўнага заканадаўства ў перыяд абмежавання на лоўлю рыбы (на вадаёме “Лазкі” летась быў затрыманы браканьер у перыяд нерасту, які нанёс урон амаль на 5 мільёнаў рублёў), правесці неабходныя работы па навядзенню парадку ў прыбярэжных палосах падкантрольных вадаёмаў, забяспечыўшы арга­нізацыю стаянак для аўтатранспарту, смеццезборнікаў. Рашэнні сесіі абавязваюць таксама больш шырока весці інфармацыйную работу з насельніцтвам, каб папярэджваць рознага роду канфліктныя пытанні, што ўзнікаюць паміж арандатарамі і аматарамі рыбнай лоўлі. Для гэтага трэба, каб на беразе вадаёма былі ўстаноўлены аншлагі з указаннем тыпу і наймення рыбалоўных угоддзяў, іх арандатара, яго месцазнахо­джання і кантактнага тэлефона, а таксама інфармацыі пра рэжым рыбагадоўлі. Падобная інфармацыя павінна ўтрымлівацца і на аншлагах, устаноўленых на арандуемых водных аб’ектах.

Дзеці і моладзь — суб’екты прафілактыкі
Пытанне прафілак­тыкі правапарушэнняў і п’янства на тэрыторыі раёна, з інфармацыяй па якім на сесіі выступіў начальнік РАУС Віталь Ганчарук, а таксама намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Анжэла Марчанка і старшыня Хаціслаўскага сельскага Савета Уладзімір Смаль, якія дапоўнілі яго, не новае, яно пастаянна на слыху і актуальнае. Не будзем стамляць чытача лічбамі, якімі характарызавалі сітуацыю тыя, хто выступаў на сесіі, аднак хацелася б адзначыць, што праблема алкагалізацыі, нягле­дзячы на ўсялякія меры па прафілактыцы, на жаль, застаецца вялікай праблемай не толькі нашага рэгіёна, але і ўсяго грамадства. Не ўдалося яшчэ знайсці тыя эфектыўныя шляхі барацьбы з ёй, якія б дапамагалі мінімізіраваць п’ян­ства. Бо менавіта яно з’яўляецца ў большасці сваёй прычынай правапарушэнняў, злачынстваў і смерцяў у працаздольным узросце. Гэта вельмі складаная праблема, якую таксама складана вырашаць, калі чалавек дарослы ўжо.
— Таму трэба больш працаваць з дзецьмі, з моладдзю, калі яшчэ не зроблены памылкі, калі чалавек не аступіўся, не стаў на няправільны шлях, — гаварыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Казімір Лапіч і заклікаў мала­дзёжныя арганізацыі, участковых інспектараў шукаць больш творчыя падыходы ў рабоце з такім кантынгентам насельніцтва. Менавіта на дзяцей і моладзь павінна быць накіравана прафілактыка, а не на людзей, якія ўжо хворыя на алкагалізм.

Паляпшаючы ўмовы працы
Галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраў­лення па працы, заня­тасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Сяргей Пачанчук праінфармаваў пра ход выканання раённых мерапрыемстваў па паляпшэнню ўмоў і аховы працы на 2011-2015 гады. У арганізацыях і на прадпрыемствах раёна выкананы, выконваецца і будзе выкананы значны аб’ём работ па паляпшэнню ўмоў і аховы працы, папярэджанню вытворчага траўматызму. Так, мадэрнізаваны фермы, закуплена новая ўдасканаленая для камфортнай работы тэхніка ў сельгасарганізацыях, прыведзены ў адпаведнасць з нарматыўнымі патрабаваннямі параметры мікраклімату, узроўні асветленасці, загазаванасці, шуму, вібрацыі і запыленасці на рабочых месцах. Скарочана колькасць занятых на работах са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі. Работнікі забяспечаны санітарна-бытавымі памяшканнямі. Кіраў­нікоў і спецыялістаў арганізацый, якія не маюць вышэйстаячых органаў кіравання, пастаянна правяраюць на прадмет ведаў па пытаннях аховы працы. Штогод у раёне праводзяцца агляды-конкурсы на лепшую арганізацыю работы па ахове працы, дні аховы працы, выставы спецадзення і г.д.
На сесіі адзначалася, што запланаваныя мерапрыемствы па паляпшэнню ўмоў працы за мінулы год у асноўным выкананы. Работа ў гэтым напрамку будзе працягвацца, на што накіравана адпаведнае рашэнне сесіі.
На сесіі разгледжаны іншыя пытанні. Па ўсіх іх прыняты адпаведныя рашэнні.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 2.07.2013 г.

Добавить комментарий


www.chemtest.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!