Сіла любові

1
Што і казаць, культура вясковага быту ў апошнія гады значна ўзрасла. Цяпер у кожнай вёсцы, нават невялікай, ёсць дамы, сядзібы, якіх іншы раз не ўбачыш і ў горадзе. Ёсць такія і ў Новым Раматове. Дом, дзе жывуць Віктар і Ларыса Мельнікі, выклікае захапленне сваёй дагледжанасцю і дыхтоўнасцю. Чыста, прыгожа і ля дома. Тут шмат кветак, чысціня і парадак навокал.
— Неяк яшчэ ў школьныя гады, — расказвае Ларыса, — мне пашчасціла пабываць у Літве. Там убачыла, што такое сучасная вёска. І мне хацелася жыць менавіта ў такой вёсцы, калі не ў горадзе. Вядома, — кажа Ларыса, — наша Новае Раматова сучасным не назавеш. Мала тут выгод цывілізацыі: няма магазіна, школы, ачага культуры, нядаўна закрылі Дом сацыяльных паслуг, толькі 2 гады таму назад вёска была тэлефанізавана, не можам мы карыстацца паслугамі і інтэрнэту, хаця ў многіх маладых сем’ях ёсць камп’ютары, не працуе радыё.
Але ёсць нешта больш важнае і каштоўнае, чым выгоды цывілізацыі. Яно, відаць, і трымае чалавека там, дзе яго карані. Гэта любоў да роднага краю, роднага куточка, роднай зямлі.

2
…Віктар Мельнік – карэнны новараматовец, Ларыса – родам з Гусака. Калі пажаніліся, Ларыса мела намер паехаць жыць і працаваць у горадзе. Віктар быў супраць. Яму падабалася ў роднай вёсцы. У рэшце рэшт, засталіся ў Новым Раматове. У хуткім часе пачалі будаваць свой уласны дом: дыхтоўны, двухпавярховы. І Ларыса, і Віктар з маленства былі прывучаны да парадку, сялянскай працы. Таму, калі толькі перасяліліся ў свой асабісты дом, стараліся падтрымліваць у ім ідэальны парадак. Ды і не толькі ў доме, але і ля яго. Двор жа – працяг жылля. Таму, лічаць гаспадары, і тут павінна быць чыста і ўтульна.
У доме Мельнікаў і ля яго шмат кветак, розных кветкавых кампазіцый. У двары – альтанка, дзе можна прысесці на хвілінку-другую, хаця вяскоўцам асабліва няма калі сядзець. Бо ў кожнага і агарод, які трэба да толку давесці, асабліва вясной, летам і восенню, і гаспадарка немалая. Не без усяго гэтага і маладая сям’я Мельнікаў. Абавязкі не дзеляць на мужчынскія і жаночыя. Хаця, як прызналася сама Ларыса, большасць з іх, асабліва па вядзенні гаспадаркі, бярэ на сябе Віктар. Балазе, у яго ёсць яшчэ адзін добры памочнік – сын Віталь, які таксама не цураецца ніякай працы. Ён разумее, што тату з мамай трэба кожны дзень на рабоце быць (Ларыса працуе памочнікам ляснічага ў Пажэжынскім лясніцтве, Віктар – трактарыстам там жа), таму пэўную частку абавязкаў бярэ на сябе.
Віталь стараецца не толькі дома. Не лянуецца ён і вучыцца, хаця не ўсе прадметы даюцца лёгка. Найбольш любіць беларускую мову, а яшчэ хлопцу падабаецца вазіцца з тэхнікай, таму марыць стаць машыністам.
Дарэчы, Віталь – адзіны школьнік у Раматове (сёлета закончыў 9 класаў Велікарыцкай школы), але ён нічым не абдзелены. Школьны аўтобус прыязджае за Віталем штодзённа ў вызначаны час, а калі не прыязджае, скажам, з-за тэхнічных няспраўнасцей, хлопец усё роўна стараецца дабрацца ў школу, дома не адседжваецца, хаця да яе 10 кіламетраў. Цяпер у Віталя, як і ў ва ўсіх школьнікаў, летнія канікулы. Але сядзець без справы ён не збіраецца, хоча ўладкавацца дзе-небудзь на работу, каб зарабіць свае грошы.

3
Як старасце вёскі Ларысе Мельнік часта даводзіцца вырашаць многія праблемы вяскоўцаў: і наконт якасці дарогі, і наконт газіфікацыі вёскі, і наконт такой паслугі, як інтэрнэт. Шмат да каго яна звярталася, каб высветліць прычыну, чаму ў Новым Раматове не падключаны інтэрнэт. Давялося ісці нават на прыём да намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі, які быў у нашым горадзе не так даўно. Высветлілася, што для таго, каб у Новым Раматове працаваў інтэрнэт, сувязістам неабходна пракласці валаконна-аптычны кабель. Адзін кіламетр яго каштуе прыкладна 70 мільёнаў рублёў. А калі ўлічыць, што акрамя кабелю, неабходна яшчэ і адпаведнае абсталяванне, усяго сувязістам спатрэбіцца больш за 500 мільёнаў рублёў. Патэнцыяльных карыстальнікаў інтэрнэту ў Новым Раматове мала, таму сувязісты і лічаць немэтазгодным траціць такія вялікія грошы. Але намеснік міністра паабяцаў, што дапаможа новараматоўцам вырашыць гэтае пытанне наступным чынам: папрацуе з мабільным аператарам, каб той знайшоў тэхнічныя магчымасці па аказанні вяскоўцам такой паслугі, як інтэрнэт.

4
Калі едзеш па Новым Раматове, нельга не звярнуць увагу і на дамы, дзе жывуць Любоў і Мікалай Хевукі, Ніна Ярмашук, Вера Лукша, Уладзімір Дзятковіч. Хоць на іх пакуль няма шыльдачак з надпісам “Дом узорнага санітарнага парадку”, упэўнена, што такой пашаны яны заслугоўваюць.
…Любе і Мікалаю Хевукам цяперашні дом і сядзіба дасталіся ў спадчыну ад цёткі Мікалая, якая некалі жыла ў Новым Раматове. Са старога нязграбнага дома гаспадары зрабілі “ляльку” – ззяе чысцінёй тэрыторыя двара, тут таксама шмат кветак. Ідэальны парадак і ў доме, куды гаспадыня нас запрасіла на экскурсію. Ва ўсім адчуваюцца стараннасць і працавітасць рук гаспадара і гаспадыні, практычнасць і рацыянальнасць сапраўдных гаспадароў, іх клапатлівасць.
Дамы Веры Лукша і Ніны Ярмашук пабудаваны таксама не ўчора, але і яны прыцягваюць вока прахожага: зноў жа дагледжанасцю, акуратнасцю. А ў дварах – “уладараць” кветкі, ад якіх усё зіхаціць.
Двор ля дома Уладзіміра Дзятковіча напамінае музей пад адкрытым небам. Здавалася, ну дзе могуць спатрэбіцца старыя рэчы хатняга ўжытку. Але Уладзімір Фёдаравіч не выкідваў іх, як некаторыя гэта часта робяць, а кожнай знайшоў месца на сядзібе. Чаго тут толькі не ўбачыш. Здаецца, разам сабраліся ўсе казачныя героі. Кожная са старых рэчаў, з густам прымененая, нясе пэўны сэнс і падказвае, што гаспадар — чалавек вельмі заўзяты, цікавы дызайнер, прыхільнік многіх добрых народных традыцый.

5
Калі падводзіць вынікі экскурсіі па Новым Раматове, прыемна канстатаваць той факт, што добры парадак ля дома, кветкавыя кампазіцыі становяцца “эпідэміяй”. І цудоўна, што станоўчы прыклад пераймаюць многія, што кожны, нарэшце, пачынае разумець простую аксіёму: упрыгожыўшы свой двор, ты ўпрыгожыш цэлую вёску.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: адна з маладых жыхароў вёскі, стараста Ларыса МЕЛЬНІК на веран­дзе ўласнага дома;  “Двор – працяг дома”, — лічыць нястомная працаўніца Вера ЛУКША; у двары дома Уладзіміра ДЗЯТКОВІЧА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 2.07.2013 г.

Добавить комментарий


monaliza.kiev.ua

bestseller-sales.com/best-sellers-books/psychological-thrillers/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!