Пра веру, надзею, каханне

Кніжны фонд раённай бібліятэкі пастаянна папаўняецца літаратурай на беларускай мове

Каб зацікавіць чытача, выдавецтвы выпускаюць цікавыя серыі кніг, якія прывабліваюць увагу цвёрдымі пераплётамі, прыгожымі вокладкамі, яркімі і запамінальнымі ілюстрацыямі. Ды і аформлены яны ў апошні час з густам, па-сучаснаму.
— Аматарам мастацкага слова хочацца параіць серыю сучаснай беларускай мастацкай прозы «Вера. Надзея. Любоў», якая была заснавана ў 2007 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», — гаворыць Вера Наўрасюк, загадчыца аддзела камплектавання і апрацоўкі літаратуры. — У кнігі гэтай серыі ўваходзяць апавяданні і аповесці беларускіх празаікаў.
У бібліятэцы пацвердзілі, што серыя «Вера. Надзея. Любоў» карыстаецца попытам у чытачоў. Напісанае вылучаецца тонкім лірызмам, уменнем аўтараў зазірнуць у патаемныя куточкі душы чалавека. У цэнтры кожнага твора — гісторыя кахання. То ўзнёслая, хвалюючая, рамантычная, то з адценнем горычы і расчаравання, а то нават і драматычная. Аповяд на старонках апавяданняў і аповесцяў пісьменнікі вядуць праўдзіва і шчыра, паказваючы ўзаемаадносіны паміж закаханымі людзьмі такімі, якімі яны былі ў рэальнасці. Мастацкія творы прыцягваюць шчырасцю пачуццяў, глыбінёй пранікнення ў сутнасць чалавечага існавання.
— Пра серыю кніг «Вера. Надзея. Любоў» даведалася зусім выпадкова, — кажа Анжаліка Сацюк. — Адну з іх узяла проста дзеля цікавасці. Аднак з першых старонак напісанае, як кажуць, адразу зачаравала. Цікава пра веру, надзею, любоў у жыцці чалавека расказваюць Алесь Ветах, Зінаіда Дудзюк, Валянціна Коўтун, Віктар Гардзей, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Іван Пяшко і інш. Цяпер з нецярпеннем чакаю выхаду з друку новай кнігі з гэтай серыі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
НА ЗДЫМКУ: Анжаліка Сацюк з кнігамі з серыі «Вера. Надзея. Любоў».
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 2.07.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.