Краса мая, любоў мая, Беларусь!

Дзень Незалежнасці ўрачыста адзначылі ў Маларыце.
Свята, якое ў нашай краіне адзначаецца 3 ліпеня, сімвалізуе сабой яднанне нацыі, імкненне да суверэнітэту, стваральнае і мірнае жыццё. У дзень яго асабліва ўсведамляеш, якой цаной дасталіся нашай краіне незалежнасць і свабода. У самай страшнай і жорсткай вайне – Вялікай Айчыннай – Беларусь пацярпела найбольш. Яна не далічылася кожнага трэцяга свайго жыхара, у попел ператварыліся многія вёскі, былі разбураны многія гарады. Нямала гадоў спатрэбілася нашай краіне, каб залячыць раны вайны, аднавіць гаспадарку, узняць з руін і попелу гарады і вёскі. Таму ў Дзень Незалежнасці міжволі азіраешся назад, успамінаеш тыя падзеі, што выпалі на долю беларусаў, і нізка схіляеш галаву перад светлай памяццю людзей, якія аддалі сваё жыццё, каб наша краіна была вольнай, развівалася і квітнела, упэўнена крочыла наперад. Нездарма ўрачыстасці з нагоды свята пачаліся з ускладання кветак да помніка воінам і мірным жыхарам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У цырымоніі ўскладання прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады на чале са старшынёй райвыканкама Казімірам Лапічам, а таксама ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі грамадскасці і працоўных калектываў. Працягвалася свята ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, дзе прайшла спартакіяда сярод работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый горада.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуліся старшыня райвыканкама Казімір Лапіч і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Генадзь Германюк. Яны павіншавалі прысутных са святам, пажадалі добрага настрою.
Сем прадпрыемстваў і арганізацый горада прадставілі для ўдзелу ў спартакіядзе свае каманды. Яны змагаліся за званне мацнейшых у сямі відах спорту: скачках у даўжыню з месца, гонках на катамаранах, настольным тэнісе, дартсе, кіданні мяча ў кальцо, стральбе з пнеўматычнай зброі, эстафеце па плаванні, конкурсе мастацкай самадзейнасці.
Прыемна адзначыць, што ў камандах у большасці сваёй выступалі маладыя юнакі і дзяўчаты. А гэта лішні раз пацвярджае: наша моладзь сябруе са спортам.
У выніку напружанай і цікавай барацьбы перамогу атрымала каманда райспажыўтаварыства, на другім месцы камунальнікі, на трэцім – каманда ПМК-20.
У той жа дзень аматары футбола маглі пахварэць за сваіх на гарадскім стадыёне, дзе праходзілі гульні ў рамках чэмпіянату вобласці па футболу. Парадавалі балельшчыкаў маларыцкія футбалісты. Яны выйгралі ў сваіх сапернікаў з Камянецкага раёна з лікам 6:1.
А вечарам многія спяшаліся ў гарадскі парк, дзе можна было разам з сябрамі адпачыць, паглядзець цікавую і змястоўную канцэртную праграму. У песнях – беларускіх, рускіх, народных – народны хор ветэранаў, народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак”, Анатоль Барысюк, Вольга Бярчук, Вікторыя Ляўчук, Эдуард Пішчык і іншыя самадзейныя артысты ўслаўлялі родны край, яго прыгажосць і непаўторнасць, перадавалі жыццялюбства, запальвалі добрым настроем.
Апафеозам Дня Незалежнасці стала акцыя “Спяем гімн разам”. Выконваючы яго, ганарыўся, што жывеш у такой цудоўнай, светлай, чыстай краіне, дзе кожны адчувае сябе вольным чалавекам, дзе шмат робіцца для таго, каб яна з кожным днём усё больш і больш прыгажэла.
Завяршыў мерапрыемствы святочны салют.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: у час свята.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 6.07.2013 г.

Добавить комментарий


также читайте velotime.com.ua

у нас iwashka.com.ua

на сайте www.xn----7sbajornvhu8c.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!