“Межы праз сэрцы людскія пракласці немагчыма”

На дзяржаўнай мяжы Беларусі і Украіны, у парку “Дружбы”,прайшла сустрэча ветэранаў Брэсцкай і Валынскай абласных арганізацый органаў пагранічнай службы, пры­свечаная 95-годдзю з дня ўтварэння пагранічных войскаў і 70-годдзю вызвалення Беларусі і Украіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Брэсцкую дэлегацыю на нейтральнай тэрыторыі са шчырым вітаннем і хлебам-соллю сустракалі валынскія калегі. Многія з тых, хто прымаў удзел у мерапрыемстве, ведаюць адзін аднаго па службе, бо не раз раней сустракаліся, часта перасякаліся іх жыццёвыя дарогі. — Мэта нашай сустрэчы, — кажа Валерый Карнаух, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы”, палкоўнік у адстаўцы, — умацаванне сяброўскіх сувязей ветэранаў-пагранічнікаў Брэстчыны і Валыні, узгадненне сумесных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да 70-годдзя вызвалення нашых братніх краін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і выпрацоўка плана супрацоўніцтва на перспектыву. Такія мерапрыемствы патрэбны. Яны паказваюць, што паміж нашымі краінамі няма жалезнай заслоны, даюць магчымасць сустрэцца са сваімі таварышамі па службе, па вучылішчу, акадэміі і ўспомніць былое. А пагаварыць і ўспомніць нам ёсць што. Не адзін год жа служылі вялікай і агульнай дзяржаве — СССР. Ветэраны ўскладаюць кветкі да памятных знакаў у гонар устанаўлення 50-годдзя Савецкай улады і воінам-інтэрнацыяналістам Украіны і Беларусі ў гонар 10-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана. Невялікі сумесны мітынг, прысвечаны памяці воінаў-пагранічнікаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў лакальных канфліктах, адкрывае Аркадзь Сямёнавіч Яворскі, генерал-лейтэнант у адстаўцы, першы камандзір Луцкага пагранічнага атрада, старшыня Валынскай абласной арганізацыі ветэранаў органаў пагранічнай службы. Цімох Новік, першы на­меснік старшыні Рат­наўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі, цёпла вітаў удзельнікаў сустрэчы. Ён падкрэсліў, што аўтарытэт дзяржавы залежыць і ад таго, як да чалавека адносяцца на мяжы, як яго сустракаюць. — Як бы мы ні ўмацоўвалі з абодвух бакоў свае межы, — гаварыў Цімох Уладзіміравіч, — аднак іх праз суседскія адносіны адзін да аднаго, праз сэрцы людскія пракласці немагчыма. Бо так ужо склалася гістарычна, што многія нашы сем’і з’яўляюцца інтэрнацыянальнымі — беларуска-ўкраінскімі.Таму дзяржаўная мяжа не павінна ўтрымліваць бар’ераў. Яна павінна не раз’ядноўваць людзей, а аб’ядноўваць. Пакуль жа так атрымліваецца. Мы гэта бачым па тым, што, напрыклад, у суботу і ня­дзелю ў пунктах пропуску “Даманава” і “Забалацце” перасякаюць мяжу 7-8 тысяч беларусаў… Затым ад імя ветэранскай арганізацыі пагранічнай службы Украіны медалямі “95 гадоў пагранічнай ахове” былі ўзнагароджаны Цімох Новік, Аляксандр Зышчук, Вячаслаў Лапацін, Рыгор Быкаў, Анатоль Пінчук, Анатоль Емяльянаў. Брэсцкая абласная ветэранская арганізацыя органаў пагранічнай службы нагруднымі юбілейнымі знакамі“Беларускі саюз афіцэраў. 20 гадоў” адзначыла Анатоля Саломіна, Веньяміна Кашанкова, Мікалая Пугача. Удзельнікі сустрэчы абмяняліся вопытам работы па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі ў сучасных умовах ветэранскімі арганізацыямі органаў пагранічнай службы дзвюх краін. Вырашана, што такія сустрэчы стануць пастаян­нымі. Мікалай НАВУМЧЫК. На здымках: парк “Дружбы” стаў месцам правядзення сустрэчы ветэранаў органаў пагранічнай службы Беларусі і Украіны. Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 6.07.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


там

нитяные шторы

узнать больше