Мэблевае месца

Магазін № 3 “Мэбля” райспажыўтаварыства першых пакупнікоў сустрэў у 1963г. Новы свой выгляд ён набыў зусім нядаўна. Магазін значна папрыгажэў да абласных дажынак, якія праводзіліся ў 2010г. у райцэнтры. Пашырыліся і гандлёвыя плошчы. Цяпер яны займаюць 220 метраў квадратных. У продажы — мяккая і корпусная мэбля, дывановыя і пухова-пер’евыя вырабы, люстры… У штаце магазіна – 4 чалавекі: Святлана Астапук, прадавец; Аляксандр Гулін, зборшчык мэблі; Марыя Касянюк, прыбіральшчыца. Узначальвае гандлёвую кропку Ніна Алесік. У такім складзе калектыў працуе ўжо 8 гадоў.
— Свой магазін яны “зрабілі” самі такім, якім хацелі, — кажа Алена Цімашэнка, старшыня праўлення райспажыўтаварыства. – “Зрабілі такім” – гэта азначае, што стварылі высокую рэпутацыю ў пакупнікоў, выдатны імідж гандлёвай кропкі. Сюды прыемна зайсці ў любы момант. Між іншым, магазін № 3 у рэспубліцы займае пятае месца па продажы мэблі на душу насельніцтва. Гэты паказчык яскрава пра многае гаворыць.
— “Мэбля” – магазін высокай культуры абслугоўвання, — гаворыць Дзіяна Мароз, жыхарка в.Гвозніца. – Колькі ні заходжу сюды, здзіўляюся ўменню прадаўцоў знайсці падыход да любога пакупніка, добрыя словы для кожнага з іх. Ды і парадак, чысціня тут усюды і заўсёды.
У гэтым вялікая заслуга і Ніны Алесік, загадчыцы магазіна, якая на гэтай пасадзе працуе ўжо 18 гадоў. Такія спецыялісты, як яна, для райспажыўтаварыства – сапраўдны залаты фонд.
— Адпрацаваўшы многа гадоў прадаўцом, — прызнаецца Ніна Андрэеўна, — я неяк зразумела, што гэта – маё прызванне. Цяпер мяне і мэблевы магазін раздзяліць немагчыма.
Кожны дзень Ніна Алесік ідзе за прылавак з жаданнем, задавальненнем і ахвотаю, працуе з натхненнем і старанна. Жанчыне падабаецца тое, чым яна займаецца, чаму прысвяціла сваё працоўнае жыццё. А ведаў, вопыту і ўмення Ніне Андрэеўне не займаць. З гандлем у яе звязана практычна ўсё жыццё.
Ніна Алесік – прадаўжальнік справы бацькі Андрэя Сямёнавіча Глушчыка, які не адзін год працаваў у магазіне в.Збураж. Яму “гандляваць” стала дапамагаць і Ніна з 12 гадоў. Спачатку дзеля цікавасці гэта рабіла і па просьбе бацькі. То тое паднясе, то іншае. Дзеці бягуць гуляць на вуліцу, а Ніна – на працу да бацькі: паднесці нешта, падаць, выкласці. Так непрыкметна і ўцягнулася ў работу прадаўца. Таму самастойная жыццёвая дарога Ніны Андрэеўны была дакладна вызначана яшчэ ў дзяцінстве.
Пасля заканчэння 8 класаў паступіла ў Гомельскі кааператыўны тэхнікум. На першае месца працы з дыпломам па спецыяльнасці “Таваразнаўства прамысловых і прадуктовых тавараў” прыехала ў Маларыцкае райспажыўтаварыства.
— Я адразу стала таваразнаўцам-рэалізатарам, — успамінае Ніна Алесік. – Два гады расфарміроўвала тавары і накіроўвала іх у гандлёвыя кропкі раёна.
А пасля выйшла замуж, нарадзіліся дзеці Аляксандр, Юрый. Яна працавала прадаўцом ва ўнівермагу, “Дзіцячым свеце”, некаторы час была загадчыцай апошняга. А ў 1994 г. пераведзена на пасаду загадчыцы магазіна “Мэбля”.
— Ніна Андрэеўна, што галоўнае ў працы прадаўца?
— Я заўважыла: наш магазін – своеасаблівае месца сустрэчы. Да нас людзі, асабліва тыя, хто ўжо на заслужаным адпачынку, часта прыходзяць, каб проста пра жыццё-быццё пагаварыць, даведацца пра апошнія навіны, нешта абмеркаваць. А прадавец павінен быць тонкім псіхолагам, каб падтрымаць размову, зразумець, што патрэбна чалавеку. Акрамя ўсяго іншага, прадаўцу неабходна мець моцнае цярпенне, сілу волі, уменне выслухаць…
— Што маларытчане купляюць ахвотней за ўсё?
— Цяжка сказаць. Набываюць тое, што неабходна, на што хапае грашовых сродкаў. Выбар у нас багаты. Акрамя таго, можна зрабіць заказ на патрэбную рэч.
— Ніна Андрэеўна, тавары якіх вытворцаў можна набыць у вас?
-Пакупніку мы прапануем прадукцыю, напрыклад, ЗАА “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”, ААТ “Мінскмэбля”, ПУВП “Мэблясэрвіс” (г.Баранавічы), ПУП “Брэсцкая мэблевая фабрыка” ААТ “Івацэвічдрэў», ААТ “Арцём – Мэбля” (г.Гомель), ААТ “Жлобін – Мэбля” і інш.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ніна Алесік, загадчыца магазіна № 3 “Мэбля” г.Маларыты.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.07.2013 г.

Добавить комментарий


もっと
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!