Жыццё ў танцы

На якой бы сцэне ні выступаў танцавальны калектыў дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам харэографа Аляксандры Вашчынчук, танцы хлопчыкаў і дзяўчынак заўжды выклікаюць бурныя авацыі гледачоў. Настолькі яны відовішчныя, запальныя, што ніхто ў зале не застаецца раўнадушным. А ўсё таму, што ў кожны танец укладзена душа творчага і таленавітага харэографа.
Танцаваць пачала Аляксандра з маленства. Яна ахвотна наведвала гурток мастацкай гімнастыкі. А вось у харэаграфічную школу трапіла зусім выпадкова. Неяк убачыла аб’яву аб наборы ў школу і зайшла пацікавіцца. З ёй пазнаёміліся і сказалі, каб у наступны раз абавязкова прыйшла з мамай. Чарговы візіт здзівіў і маці, і саму Аляксандру – яна была ўжо ў спісе вучняў. З гэтага часу яе жыццё неадрыўна звязана з танцамі. Аляксандра вучылася ў гімназіі з харэаграфічным ухілам, потым паступіла на харэаграфічнае аддзяленне ў каледж мастацтваў. Вядома ж, і ў яе, як у кожнага дзіцяці, былі моманты, калі ёй хацелася пазбавіцца ад лішніх нагрузак і мець больш часу для адпачынку. Але пераадолець “складанасці” падлеткавага ўзросту дапамагла настойлівасць яе матулі, якая бачыла, што ў дачкі ёсць выдатныя харэаграфічныя здольнасці, і не развіваць іх лічыла яна непапраўнай памылкай. За гэтую настойлівасць Аляксандра вельмі ўдзячна матулі, бо толькі ў каледжы зразумела, як важна для яе танцаваць. З таго часу Аляксандра ні разу не па­шкадавала, што сваё жыццё звязала з танцамі.
Калі час вучобы ў кале­джы падыходзіў да завяршэння і выпускнікам дазволілі шукаць месца работы самастойна, брэсцкая дзяўчына Аляксандра вырашыла паспрабаваць уладкавацца ў Маларыце. Але да яе візіту тут аднесліся насцярожана і адмовілі.
— Відаць, пабаяліся, што доўга не затрымаюся, не памяняю абласны цэнтр на раённы, — з усмешкай заўважыла Аляксандра. – Можа, і не памяняла б, калі б не лёс…
Калі пачалося размеркаванне, Аляксандра даведалася, што Маларыта гатова прыняць спецыяліста, і зноў вырашыла паспрабаваць. На гэты раз яе прыезд у Маларыту стаў лёсавырашальным. Тут яна сустрэла чалавека, з якім звязала сваё сямейнае жыццё.
З першых дзён, як толькі пачала Аляксандра працаваць харэографам у ГДК, у ёй заўважылі добрага спецыяліста. Неўзабаве ў дзіцячай школе мастацтваў вырашылі адкрыць харэаграфічнае аддзяленне і ёй прапанавалі зрабіць першы набор дзяцей. Хлопчыкаў і дзяўчынкак, якія пажадалі вучыцца танцаваць, было шмат. Разам са сваімі вучнямі Аляксандра сама вучылася многаму. А яны заўжды любілі свайго кіраўніка за шчырасць, за ўменне падтрымаць, за тое, што у кожным танцы яна была побач з імі. Аляксандра і цяпер часта выходзіць з дзецьмі на сцэну. Ёй падабаецца танцаваць, ды і дзецям цікава, калі іх кіраўнік разам з імі ў хвалюючы момант.
— Калі я выходжу з дзецьмі на сцэну, хвалююся таксама, як і яны. Вельмі хочацца, каб танец спадабаўся гледачу, а таму, калі танцую, цалкам аддаюся музыцы. Гэтаму вучу і дзяцей, — прызнаецца Аляксандра.
Сем юнакоў і дзяўчат, якія ў розны час вучыліся у Аляксандры Вашчынчук, таксама абралі сваёй прафесіяй харэаграфію. Ім змагла перадаць яна сваю любоў да танца. А гэтая любоў, можна сказаць, не ведае межаў. Пасля шасці ўрокаў, на якіх трэба ра­зам з дзецьмі адпрацаваць кожны рух, а значыць не прысесці практычна ні на хвілінку, Аляксандра спяшаецца ўвечары на заняткі па аэробіцы, якія праводзіць ужо з дарослымі. Вось тут, як жартуе харэограф, яна цалкам аддаецца рухам.
За час работы з юнымі танцорамі Аляксандра распрацавала больш за 40 танцаў. Над кожным з іх давялося харэографу нямала папрацаваць – кожную ідэю трэба было напоўніць рухамі, запісаць усё на харэаграфічнай мове, а затым на кожным з урокаў адшліфоўваць танец. Каб выступленне было відовішчным, Аляксандры не раз даводзілася самой ці з дапамогай калег шыць сцэнічныя касцюмы. Старанні харэографа ўзнагароджваюцца поспехамі яе вучняў. Так, восенню мінулага года танцавальны калектыў “Цудоўная скарбонка” атрымаў перамогу на конкурсе “Залатая ліра”. З дыпломам першай ступені вярнуліся танцоры і з конкурсу “Салют талентаў”. Поспех на рэспубліканскай сцэне, безумоўна, натхняе і дзяцей, і саму Аляксандру, у якой яшчэ шмат задум і планаў.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандра Вашчынчук.

Опубликовано в «ГЧ» 10.07.2013 г. 

Добавить комментарий


best-products.reviews

также читайте

шкафы купе под заказ
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!