Урокі творчасці Жанны Новік

“Як сваімі рукамі і з найменшымі затратамі зрабіць інтэр’ер школы больш арыгінальным?” – гэтым пытаннем задаліся ў калектыве Збуражскай СШ. Ідэя прыйшла неяк сама сабою. Вырашана было ўпрыгожыць сцены актавай залы і калідора стыльнымі пано. Рэалізацыяй задуманага занялася майстравітая настаўніца Жанна Міхайлаўна Новік. На ўроках працы яна зацікавіла хлопчыкаў і дзяўчынак работай з сыпучымі прадуктамі і прыродным матэрыялам. З дапамогай умелай настаўніцы хлопчыкі і дзяўчынкі ператваралі рыс, грэчку, проса, гарох, арэхі, зерне кавы, насенне кавуноў, кабачкоў, ракавінкі і жалуды ў матэрыял для сапраўдных шэдэўраў. Пасля карпатлівай працы з фарбамі і клеем пад рукамі дзяцей ажывалі яркія кветкі, прыгожыя пейзажы, чароўныя абстракцыі. Тое, што атрымалася ў выніку калектыўнай працы, пераўзышло ўсе чаканні.
— Вось гэтыя пялёсткі зроблены з насення гарбузоў, а гэты яркі фон нішто тншае, як кукуруза. Увесь матэрыял для творчасці можна знайсці ў кожным доме ці на градцы. Як гаворыцца, прыгожа і танна. Такі від майстэрства даступны кожнаму, — заўважае Жанна Міхайлаўна.
Дарэчы, гэтая жанчына – сапраўдны майстар на ўсе рукі. Яна ўмее працаваць з саломкай, з задавальненнем займаецца квілінгам – вырабам кветак з кручанай паперы, падуладны ёй роспіс па шклу, пластыку, і аплікацыя стужкамі, і модульнае арыгамі. Між іншым, занятак модульным арыгамі захапіў у свой час Жанну Міхайлаўну больш, чым усё іншае.
Лебедзі і кветкі, караваі і закаханыя папугайчыкі, зробленыя рукамі Жанны Міхайлаўны з маленькіх папяровых модуляў, настолькі арыгінальныя і прыгожыя, што проста вачэй не адвесці. Часу на іх выраб, вядома ж, спатрэбілася нямала. Не адна ноч, як прызнаецца майстрыха, прайшла за работай без сну. Але вынік таго варты.
“Наша Жанна Міхайлаўна чалавек вельмі азартны і апантаны. Калі яна бярэцца за справу, так і ведай, што атрымаецца новы шэдэўр”, — менавіта так характарызуюць настаўніцу яе калегі. Многія вучацца ад яе ствараць прыгожае. Кожнаму ж хочацца ўпрыгожыць пакой арыгінальным вырабам.
— Умельству, — сцвярджае Жанна Міхайлаўна, — можа навучыцца кожны. Было б толькі жаданне. Яркі прыклад таго – урокі з дзецьмі. Яны сваімі рукамі ствараюць сапраўдны цуд. Трэба толькі натхніць іх ідэяй, зацікавіць вынікам.
А зрабіць гэта можа толькі творчы чалавек, у руках якога нават самая простая рэч набывае іншую, цікавую форму.
НА ЗДЫМКУ: Жанна Новік са сваімі шэдэўрамі.

Опубликовано в «ГЧ» 10.07.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.