Бясцэнны скарб

Першае, што мяне ўразіла, калі ўвайшла ў двор да Ніны Мікалаеўны Нушчык з вёскі Хмялёўка, гэта прыгажосць і ўтульнасць двара. А другое – вялікая колькасць абутку на парозе немаленькага дома. Яшчэ б! У сям’і Ніны Мікалаеўны і Сяргея Іванавіча Нушчыкаў шасцёра дзяцей! Да таго ж, усе дзяўчынкі. Таму мне вельмі цікава было як мага хутчэй пазнаёміцца з гаспадыняй такога цудоўнага двара і мамай шасці дзяўчынак.
Калі насустрач мне вый­шла прыгожая маладая жанчына, то, шчыра прызнацца, адразу і не паверыла, што яна мама, якая мае шэсць дзяцей. Бо дзеці — гэта вялікі штодзённы клопат, турботы, праца без адпачынку.
Ніна Мікалаеўна сваёй шчырай усмешкай адразу ж выклікала прыхільнасць да сябе. Жанчына расказала пра сваё жыццё, што нарадзілася і вырасла ў вёсцы Пяртышча. Пасля школы пайшла вучыцца ў Кобрынскае тэкстыльнае вучылішча. Закончыўшы яго, паўгода працавала на ткацкай фабрыцы ў Кобрыне. З будучым мужам дзяўчына пазнаёмілася ў агульнага сябра на провадах у армію.
— Да гэтага мы не ведалі адзін аднаго, хоць і жылі ў суседніх вёсках, — расказвае Ніна Мікалаеўна, — я ў Пяртышчы, а ён — у Радзежы. Сяргей да гэтага ўжо набыў спецыяльнасць трактарыста, адслужыў у арміі і працаваў на трактары ў мясцовым калгасе. Мы пачалі сябраваць, а праз некаторы час згулялі вяселле і сталі жыць у маёй роднай вёсцы. А пасля і ўласны дом пабудавалі ў Хмялёўцы.
У 1994 годзе ў маладой сям’і нарадзілася першая дачка Іра, яшчэ праз год на свет з’явілася Алена. Дзве дзяўчынкі, нібы кветачкі, раслі і радавалі бацькоў. У 2000 годзе ў іх з’явілася маленькая сястрычка Наташа, а праз год яшчэ і Насця. Але яшчэ больш радасці было, калі ў 2003 годзе нарадзілася Люда.
— Калі шчыра прызнацца, нават і не заўважыла, калі выраслі першыя дзве дачкі, хоць некалі і цяжка даводзілася, — дзеліцца жанчына, — а вось з наступнымі трыма (Наташай, Насцяй і Людай) спраўляцца мне было ўжо крыху лягчэй, бо ў мяне былі ўжо сапраўдныя памочніцы – Іра і Лена. Ім хоць і самім было яшчэ не так шмат гадоў, але дапамагалі як дарослыя. І з малодшымі пасядзець, і прыбраць у хаце, і на агародзе папрацаваць — усё яны маглі зрабіць.
Час ішоў, дзяўчынкі раслі, усё ішло сваёй чаргой. Мнагадзетнай маме ў 2008 годзе ўручылі ордэн Маці. Дарэчы, сама жанчына аб гэтым нават і не ўспомніла б, калі б не сказалі дзяўчаты. Яны сапраўды ганарацца, што іх мама мае такі ордэн. А сама Ніна Мікалаеўна толькі сарамліва ўсміхнулася і дадала: “А чым хваліцца, няхай лепш людзі пахваляць”.
Увесь час Ніна Мікалаеўна працавала ў калгасе аператарам машыннага даення, а муж, Сяргей Іванавіч, то трактарыстам, то вадзіцелем, а зараз малаказборшчыкам. Так бы і далей ішло ў звыклым тэмпе жыццё сям’і Нушчыкаў, напоўненае штодзённымі клопатамі, калі б не радасная навіна, якая і парадавала, і збянтэжыла Ніну і Сяргея адначасова.
— Калі я даведалася, што чакаю яшчэ адно дзіцяці, то спачатку нават і не паверыла, — з усмешкай успамінае жанчына, — думаю, ужо ўнукаў патрэбна чакаць, а тут… Але, дзякуй дочкам і мужу, якія падтрымалі мяне. Магчыма, муж хацеў сына, але калі мы даведаліся, што будзе дзяўчынка, то толькі ўсміхнуліся, бо прывыклі ўжо да дзяўчат. Так, у маі гэтага года на свет з’явілася наша Таццяна. Ведаеце, мы ўсёй сям’ёй думалі, як назавем яе. Ой, колькі прапаноў я толькі пачула ад дачок, але спыніліся чамусьці на Таццяне.
Сёння старэйшыя Іра і Алена ўжо закончылі школу і навучаюцца далей: Іра — у Высокаўскім кале­джы на бухгалтара, а Лена — у Брэсцкім медыцынскім каледжы. Але калі прыязджаюць дадому, то адразу бягуць да самай малодшай. Усе яе вельмі любяць. Ведаеце, гэта вельмі прыемна, калі бачыш, з якой пяшчотай твае дзеці ставяцца адзін да аднаго. Напэўна, самае вялікае шчасце для кожнай жанчыны, каб сярод яе дзяцей быў лад у любым узросце. Сёння я ні аб чым не шкадую, рада, што ў мяне такая сям’я, бо гэта самы вялікі мой скарб”.
Пазнаёміцца з Нінай Мікалаеўнай і яе дзяўчатамі (на жаль, не ўсе былі дома) было цікава і прыемна. Сёння рэдка можна сустрэць такую мнагадзетную сям’ю, дзе б на першым месцы панавалі не грошы, а любоў да сваіх родных. А члены сям’і Ніны і Сяргея Нушчыкаў менавіта так і жывуць, дзень за днём дзеляцца паміж сабой пяшчотай адзін да аднаго. Напэўна, гэта і ёсць тое сапраўднае шчасце, аб якім усе так часта гавораць. Шчасце сям’і, родных людзей. І няхай у гэтай сям’і няма дарагіх машын, але ёсць у іх надзвычай каштоўнае багацце – любоў, спагада, узаемаразуменне, лад. Пагадзіцеся, што можа быць больш бясцэннае?!
Анастасія Пархамук.
На здымку: Ніна Нушчык з дочкамі.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 17.07.2013 г.

Добавить комментарий


citroen c4 цена

посмотреть

Этот популярный web-сайт про направление Памперсы.
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!