Як адпачываюць дзецi?

Чым занята ў летні час вясковая дзетвара? Ці бяспечны ў дні канікулаў адпачынак хлопчыкаў і дзяўчынак? Як бацькі сочаць за сваімі дзецьмі, ці не застаюцца яны адны, без нагляду дарослых у хаце, на вуліцы, на беразе вадаёмаў?
На гэтыя пытанні пастараліся знайсці адказы ўдзельнікі рэйду – начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Дубач, інспектар групы прапаганды і навучання Алена Астапенка, дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага Цэнтра Юлія Крэнь і аўтар гэтых радкоў – карэспандэнт газеты “” , адправіўшыся ў вёскі Замшаны і Збураж.
…Першыя хвіліны, як толькі машына з удзельнікамі рэйду ўехала ў вёску Замшаны, пераканалі – вёска жыве, прычым жыве актыўна. На вясковых вуліцах сустрэлі мы нямала юных веласіпедыстаў. Хоць паездкі на веласіпедзе па праезнай частцы бяс­печнымі не назавеш, але ж аўтамабільны рух у вёсцы далёка не такі актыўны, як у горадзе, таму і дазваляюць бацькі забаўляцца дзетвары на дарозе.
Амаль дзясятак домаўла­данняў, дзе ў асноўным жывуць мнагадзетныя сем’і, наведала рэйдавая брыгада. Уражанні, прызнацца, былі розныя. Ад прыемных (бо ў тых дамах, дзе раней было нямала праблем з электраправодкай, работай аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, цяпер усё добра) да адмоўных, паколькі ўбачанае яўна сведчыла аб абыякавасці бацькоў да бяспекі сваіх дзяцей.
У доме Таццяны С. інспектары пажарнага нагляду — госці пастаянныя. На пытанне, ці ўсе праблемы вырашаны, жанчына адказвае: “Зрабіла, што магла”. Але не трэба добра разбірацца ў патрабаваннях спецыялістаў пажарнай службы, каб зразумець, што ў доме так і не створаны бяспечныя ўмовы для пражывання дзяцей: над уключальнікам кідаюцца ў вочы адкрытыя правады, у пакоях з-за адсутнасці батарэек не працуюць пажарныя апавяшчальнікі. “Усё будзе зроблена”, — атрымліваючы папярэджанне, у чарговы раз упэўнена абяцае Таццяна. Ці не разыдуцца яе словы са справай, інспектары вырашаюць праверыць праз некалькі дзён.
Дом мнагадзетнай мамы Валянціны Б. спецыялісты пажарнай службы таксама наведваюць нярэдка. І зноў робяць заўвагу гаспадыні – сачыць за тым, каб элементы сілкавання ў апавяшчальніках былі ў рабочым стане. Цікавяцца ўдзельнікі рэйду і тым, чым заняты дзеці Валянціны, калі яе няма дома.
— Сваіх дзяцей дома адных я не пакідаю, — упэўнена тлумачыць жанчына. — Іду ў лес, па ягады, — яны са мною, праполваю на агародзе бульбу, і яны побач. Я ведаю, што дзеці павінны быць пад наглядам.
Кантроль бацькоў у час летніх канікулаў, калі дзеці адпраўляюцца купацца на рэчку ці вадаём, ці проста гуляюць на вуліцы, вельмі важны. Гэта ведаюць усе. Колькі праблем можа ўзнікнуць, калі дзіця, каб заняць сябе, возьме ў рукі запалкі. А колькі трагічных здарэнняў бывае з удзелам дзяцей на дарогах… Але пра тое, што можа пагражаць дзіцяці, калі гуляе яно без нагляду дарослых, мамы і таты, занятыя работай і шматлікімі сезоннымі справамі, на жаль, не задумваюцца. У гэтым пераканаліся ўдзельнікі рэйду, сустрэўшы на дарозе дваіх маленькіх жыхароў вёскі. Мамы, як тлумачылі яны, дома няма. Яе ўзяліся шукаць усе разам. І калі знайшлі, яшчэ раз напомнілі, здавалася б, прапісную ісціну: “Не пакідайце дзяцей адных”.
Візіт у вёску Збураж таксама пераканаў, што далёка не ўсе бацькі надаюць дастатковую ўвагу сваім дзецям. Не з адных вуснаў даводзілася чуць: “Дзеці пайшлі купацца на вадаём”. На пытанне, ці пайшоў з імі нехта з дарослых, здзіўлена адказвалі, маўляў, навошта з імі ісці, яны і самі добра ведаюць дарогу. А пра тое, што і па дарозе праз лес, і ля вады дзяцей можа падсцерагаць небяспека, думкі чамусьці няма. Больш за іншых здзівіла маладая маці Алена Т., якая на пытанне пра дзяцей адказала: “Недзе ў Збуражы ходзяць, да ночы прыйдуць дамоў”.
Удзельнікі рэйду гутарылі з бацькамі, растлумачвалі, папярэджвалі… Такія рэйды на працягу лета будуць рэгулярнымі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час рэйду.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 20.07.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


посмотреть

Stanox