Свінарка і пастух

з СВК “Хаціслаўскі” – адны з лепшых у рэспубліцы
— Валянціна Саўчук – адна з тых, на чыіх плячах трымаецца гаспадарка, — кажа Васіль Харык, намеснік старшыні СВК “Хаціслаўскі”. – Стараннага і добрасумленнага чалавека і кантраляваць не трэба. Валянціна Яўгенаўна заўсёды даручаную справу выконвае з усёй адказнасцю, ніколі не ігнаруючы рэкамендацый спецыялістаў і кіраўніцтва гаспадаркі. Таму ў яе і ёсць вынік у працы.
Валянціна Саўчук у дзяцінстве вельмі хацела вывучыцца на выхавальніка і працаваць у дзіцячым садку. Аднак жыццё нечакана ўнесла свае карэктывы. Дзяўчына сустрэла сваё першае сапраўднае каханне – Уладзіміра Лявонцьевіча — і ў 18 гадоў выйшла за яго замуж. З Дарапеевіч пераехала жыць у Хаціслаў. Тут уладкавалася на працу ў дзіцячы садок памочнікам выхавальніка. А потым перайшла на таварную ферму па вытворчасці свініны ды так і засталася там працаваць.
— Пачынаць было страш­на­вата, — успамінае Валянціна Яўгенаўна. – Парасяты патрабуюць вялікай увагі і клопату. Але паступова ўцягнулася, прывыкла.
Жанчына за 20 гадоў працы заўсёды імкнулася ствараць належныя ўмовы ўтрымання свіней, знізіць захворванне іх для таго, каб забяспечыць добрыя прыбаўленні ў вазе жывёлы. І ў яе гэта атрымлівалася.
— А колькі разоў ноччу на ферму прыбягала, — гаворыць мая субяседніца. – Не магла спакойна сядзець дома, калі ведала, што павінны нарадзіцца парасяты. Ад адной свінаматкі іх можа быць і 17. Да кожнага парасяці трэба дайсці, выхадзіць яго і, як кажуць, паставіць на ногі.
У апошнія 5 гадоў Валянціна Саўчук даглядала па 70 свінаматак. У год яна вырошчвала 450-500 парасят, якія рэалізоўваліся ў асноўным мясцоваму насельніцтву.
Жанчына любіць не толькі жывёлін, але і прыроду. Асобы клопат у яе – кветкі. Вакол дома, дзе жыве Валянціна Яўгенаўна, яны цвітуць з ранняй вясны да позняй восені. Ды і хатняя гаспадарка патрабуе догляду. А летам у яе адпачываюць унукі, дзеці сына Андрэя і дачкі Наталлі. Ім Валянціна Саўчук, як клапатлівая бабуля, кожны дзень гатуе смачныя абеды і пячэ розныя салодкія прысмакі.
* * *
Згодна з вынікамі рэспуб­ліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2012г. прозвішча Валянціны Саўчук унесена ў спіс лепшых у намінацыі “Аператар па абслугоўванню свінаматак з парасятамі”.
На здымку: Валянціна Саўчук,аператар па абслу­гоўванню свінаматак з парасятамі СВК “Хаціслаў­скі”.

 

Жывёлаводы Маларытчыны ўмеюць працаваць не горш за іншых. Пра гэта сведчыць, напрыклад, такі факт. У ліку 108 лепшых у рэспубліцы аператараў па абслугоўванню дойнага статка (даглядчыкаў жывёлы-пастухоў) і Віктар Пішчык з СВК “Хаціслаўскі”.
Віктар Рыгоравіч на малочнатаварнай ферме в. Мельнікі працуе ўжо 12 гадоў. Пасля заканчэння Маларыцкага СПТВ-11 і службы ў арміі юнак уладкоўваецца ў родны калгас “Запаветы Леніна”. Працуе трактарыстам. На МТЗ-80 адкалясіў 9 гадоў, а пасля перайшоў на ферму. За больш чым дзесяцігоддзе жывёлагадоўля стала неад’емнай часткай жыцця Віктара Пішчыка. Яму не пазычаць вопыту і адказнасці.
— Дрэнна да сваіх абавязкаў адносіцца не магу, — кажа мой субяседнік. – Не па сабе становіцца нават ад думкі: мая абыякавая праца можа стаць прычынай таго, што даярка застанецца без высокіх надояў малака ці прыплоду.
Віктар Рыгоравіч перакананы ў тым, што калі любіш сваю прафесію па-сапраўднаму, шчыра, то толькі тады можна знайсці ў ёй задавальненне і радасць жыцця, дасягнуць поспеху, заслужыць аўтарытэт і павагу. Сапраўды, слава і гонар заўсёды сугучны з самаадданай працай.
— Зараз каровы знахо­дзяцца на летне-пашавым утрыманні, — гаворыць Віктар Рыгоравіч. – Разам з напарнікам мы даглядаем 300 кароў. Суткі працуем, двое – дома.
Мы падышлі да статка. Каровы, убачыўшы Віктара Пішчыка, сталі накіроўвацца да яго. Я назіраю зводдаль. Кожнай жывёліне Віктар Рыгоравіч нешта ціха гаворыць, гладзіць па баках, за вухам. Кароўкі ў адказ выцягваюць шыю і, здаецца, неяк незвычайна мычаць – дзякуюць за спагаду.
— З жывёлай нельга інакш, — смяецца мой субяседнік. – Кожная карова ласку любіць, добрае слова і чуйна рэагуе на гэта. Ды і ў кожнай з іх свой нораў, як у людзей.
— Віктар Рыгоравіч, — цікаўлюся, — вы з каровамі і ў дождж, і ў спякоту на працягу сутак пад адкрытым небам. Цяжка даводзіцца, напэўна…
— Па-першае, адказна. Па-другое, неабходна пастаянна быць уважлівым і пільным. Можа, напрыклад, да статка завітаць воўк. Так было ў мінулым годзе. Памятаецца, што няпрошаны шэры госць выйшаў з лесу пад вечар. А яшчэ, самі разумееце, каб малочныя рэкі не мялелі, кароў трэба пераводзіць з аднаго ўчастка пашы на другі. Малако ў каровы на языку.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Віктар Пішчык з СВК “Хаціслаў­с­кі” — адзін з лепшых у рэс­публіцы аператараў па абслугоўванню дойнага статка па выніках працы за 2012 г.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


цена бетона

у нас

посмотреть