“Тут прыемна і пахварэць”

У ЦРБ працуе дзённы стацыянар

15 ліпеня першых пацыентаў прыняў дзённы стацыянар Маларыцкай райбальніцы. Ён размясціўся ў памяшканні былой лабараторыі РЦГіЭ. Тут зроблены не проста касметычны рамонт. Цяпер у рэаніміраваным будынку стала па-еўрапейску прыгожа, прасторна, светла. Для работы створаны ўсе неабходныя ўмовы. Ёсць, напрыклад, кабінет урача і працэдурны, а таксама памяшканні для медыцынскага персаналу, чыстай і бруднай бялізны, выдатна абсталяваны пост медсястры, санітарныя вузлы… Адным словам, зроблена ўсё магчымае для таго, каб кожны пацыент, прыйшоўшы сюды, адчуваў сябе ўтульна і камфортна.
— Аднак самае галоўнае, напэўна, тое, што яно разлічана на 10 ложкаў у дзве змены, — гаворыць Анжаліка Станкевіч, урач-тэрапеўт дзённага стацыянара, намеснік галоўнага ўрача Маларыцкай ЦРБ па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі. – З мэтай даступнасці стацыянарнай дапамогі людзям працаздольнага ўзросту дзённы стацыянар пераведзены на дзвюхзменную форму работы. Таму за дзень мы можам падлячыць да 20 чалавек. Між іншым, працуе стацыянар з 8.00 да 17.00, а ўрач-тэрапеўт – з 13.00 да 16.00 штодзень, акрамя выхадных.
Анжаліка Аляксандраўна расказала, што паправіць сваё здароўе можа тут любы чалавек. Дзённы стацыянар ставіць на першае месца інтарэсы хворага і адбірае мінімум часу на лячэнне. Знаходжанне ў ім бясплатнае. Асноўная мэта стварэння дзённага стацыянара — аказанне комплекснай кваліфікаванай і спецыялізаванай медыцынскай дапамогі насельніцтву пры захворваннях і станах, якія не патрабуюць кругласутачнага назірання, у перыяд медыка-сацыяльнай рэабілітацыі, пасля цяжкіх захворванняў, аперацый, калі няма неабходнасці ў кругласутачным лячэнні, назіранні, доглядзе за пацыентам.Сюды будуць пераводзіцца хворыя з кругласутачнага стацыянара, у якіх назіраецца стабілізацыя працэсу, на далечванне. Лячэбныя меры максімальна набліжаны да лячэння хворых у стацыянары.
— А як трапіць да вас?
— Спачатку неабходна пабываць на прыёме ва ўрача паліклінікі па профілю захворвання, — гаворыць Анжаліка Станкевіч. – Спецыяліст дае накіраванне. Затым хворы прыходзіць у дзённы стацыянар. Тут пацыента афармляем, назначаем неабходнае лячэнне ў залежнасці ад захворвання: унутрывенныя кропельныя ўліванні, ін’екцыі, фізіятэрапеўтычныя працэдуры, масаж… Усё асноўнае лячэнне хворы атрымлівае ва ўмовах бальнічных палат і ў працэдурных кабінетах. Абавязкова, як і ў стацыянары, пацыенты здаюць усе патрэбныя аналізы, робяць кардыяграму і праходзяць іншыя абследаванні, згодна з пастаўленым дыягназам. Хворыя, паўтаруся, пры неабходнасці могуць наведаць у паліклініцы розныя кабінеты: цеплалячэння, ЛФК, светалячэння, іголкарэфлексатэрапіі, інгаляторый і інш.
Пастаянна знаходзіцца ў дзённым стацыянары не трэба. Пасля правядзення неабходных працэдур пацыент вольны. Дзённы стацыянар дае магчымасць большасці хворым прайсці курс неабходнага лячэння без адрыву ад вытворчасці. Працягласць яго — да 7 дзён.
У першыя два дні працы дзённага стацыянара на лячэнні ў ім пабывала па 6 чалавек. У далейшым колькасць пацыентаў паступова ўзрасла. Хворыя стацыянара, жартуючы, казалі, што ў новым і такім цудоўным будынку прыемна нават і пахварэць.
* * *
На рамонт будынка дзённага стацыянара затрачана больш за адзін мільярд рублёў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: урач Анжаліка Станкевіч, медсястра Алена Хапаль і санітарка Таццяна Соганава імкнуцца словам падтрымаць хворых, падбадзёрыць.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» в 24.07.2013 г. 

Добавить комментарий


https://www.etalon.com.ua/

Buy TREN A 100 online in USA
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!