Радыё з характарам Наталлі Шутавай

За некалькі дзясяткаў гадоў мы прывыклі да гэтага знаёмага з прыемным тэмбрам голасу. Мы яго пазнаем адразу, як голас прыветлівага суседа, якога яшчэ не бачна, але ты чуеш, што ён ужо тут. “Гаворыць Маларыта”, — гэта ад імя нашага райцэнтра вітае жыхароў раёна нязменны рэдактар мясцовага радыё журналіст Наталля Міхайлаўна Шутава. Яна знаёміць нас з навінамі Маларытчыны, яе гаспадарчымі дасягненнямі і праблемамі, працоўнымі поспехамі, удачамі і недахопамі, расказвае пра перадавых і проста цікавых людзей – нашых землякоў.
Наталля Міхайлаўна валодае не толькі мастацкім талентам чытальніка, але і добразычлівага суразмоўцы, які ўмее накіраваць гутарку так, што субяседнік перад мікрафонам пачынае адчуваць сябе ўпэўнена. Той, хто калі-небудзь даваў інтэрв’ю, ведае, як неабходна такая падтрымка, бо калі ты бачыш перад сабой мікрафон, нялёгка даецца кожнае слова. Яна дасканала валодае і ўменнем падтрымаць размову, і дапамагчы чалавеку сабрацца, і раскрыцца ў гутарцы, дзякуючы акцёрскаму майстэрству і даверлівай інтанацыі. А яшчэ яна прыцягвае сваёй сціпласцю, інтэлігентнасцю і ў добрым сэнсе гэтага слова шляхетнасцю.
Мне нават шкада, што ў апошні час усё менш людзей маюць у хаце правадное радыё і пазбаўлены магчымасці слухаць яе цікавыя перадачы. Ды і астатніх радыёслухачоў не парадуе навіна аб тым, што Наталля Шутава, аддаўшы столькі сіл любімай справе, ідзе на заслужаны адпачынак. Хочацца падзякаваць гэтай няўрымслівай жанчыне за нашы агульныя сустрэчы і пажадаць ёй звычайнага чалавечага шчасця і доўгай душэўнай маладосці.
Мікалай ПАЦЯЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 24.07.2013 г.

Добавить комментарий


Интернет магазин заказать progressive.ua
www.etalon.com.ua/

www.granit-sunrise.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!