Зоркі запальваюцца ў Віцебску

(Нататкі з XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»)
З 10 па 15 ліпеня творчая дэлегацыя аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама на чале з начальнікам Андрэем Гарбацэвічам пабывала на ХХП Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
Запрашэнне прадставіць Брэсцкую вобласць у «Горадзе майстроў» на «Славянскім базары ў Віцебску» не было для нас нейкай нечаканасцю, сенсацыяй, бо, як мы ўжо не раз адзначалі, сфера культуры ў нашым раёне ў апошні час дасягае пэўных вышынь на рознага роду абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах, асабліва традыцыйнага і фальклорнага накірунку. І тым не менш, даведаўшыся аб чарговай паездцы, узяліся за падрыхтоўку, каб як мага шырэй прадставіць нашу рэгіянальную культуру на міжнародным узроўні.
Пабываўшы на такім прадстаўнічым форуме, мы пераканаліся, што «Славянскі базар у Віцебску» — гэта сталіца сусветнага кірмашу мастацтваў, куды з’язджаюцца таленты з усіх куткоў планеты, уплятаючы ў святочны вянок кветкі сваіх самабытных культур. У праграме фестывалю – каля 60 мерапрыемстваў, якія былі разгорнуты на 13 пляцоўках. 18 канцэртаў адбылося толькі на галоўнай сцэне – у знакамітым Летнім амфітэатры, які ўмяшчае звыш 6 тысяч гледачоў і, дарэчы, у гэтым го­дзе адзначае 25-годдзе з дня адкрыцця. Гэты архітэктурны комплекс уяўляе сабой унікальнае па сваей канструкцыі збудаванне, што з’яўляецца своеасаблівай візітнай карткай Віцебска, па якой горад пазнаюць нават тыя, хто ніколі тут не быў. Нам пашчасціла пабываць на канцэрце ўдзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў з 21 краіны свету, начным канцэрце «Летнія хіты», і мы, безумоўна, былі ўражаны маштабнасцю, відовішчнасцю і ўзроўнем тэхнічнага аснашчэння амфітэатра. Шмат мерапрыемстваў прайшло таксама ў канцэртнай зале «Віцебск», тэатры імя Якуба Коласа, абласной філармоніі, Доме кіно, якія мы па магчымасці імкнуліся наведаць. Горад літаральна не спаў, амаль на кожнай вуліцы адбывалася нейкая культурная падзея, захапляючыя мерапрыемствы, якія збіралі вакол сябе шмат прыхільнікаў. Аздобілі атмасферу свята шматлікія выступленні аматарскіх калектываў, выстава-кірмаш народных рамёстваў «Горад майстроў», у якой прынялі ўдзел каля трохсот народных умельцаў, у тым ліку і майстры нашага раённага Цэнтра народнай творчасці пад кіраўніцтвам Валянціны Струнец, якая прыклала ўсе намаганні, каб найбольш поўна прадэманстраваць дзейнасць сваёй установы. Трэба адзначыць, што Цэнтр робіць станоўчыя крокі наперад у зберажэнні нацыянальнай культуры. Захоўваюцца традыцыйныя і сучасныя віды рамёстваў. Шмат сіл і энергіі аддаюць любімай справе супрацоўнікі Цэнтра Ала Назарук, Святлана Луцык і Сцепаніда Сцепанюк, народны майстар Беларусі. Таму і выстава, прадстаўленая ў «Горадзе майстроў», была адной з лепшых па насычанасці, якасці вырабаў вышыўкі, ткацтва, саломапляцення і бісерапляцення, і карысталася вялікай цікавасцю і попытам у наведвальнікаў. Прыцягвалі ўвагу віцяблян і гасцей горада тканыя і вышытыя жаночыя і мужчынскія сарочкі, ручнікі, саламяныя сувеніры, жаночыя галаўныя ўборы, а таксама прываблівыя дрэўцы, кветачкі і іншыя кампазіцыі з бісеру, міма якіх немагчыма было прайсці абыякава.
Кульмінацыяй кірмашу стала свята-конкурс майстроў традыцыйнага ткацтва «Палатняныя пераплёты», якое адбылося ва ўнутраным двары Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і сабрала звыш сарака майстроў з розных куткоў Беларусі, Расіі(Ленінградскай вобласці, Курска, Пскова, Смаленска), Украіны, Літвы і Латвіі. Па словах дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра Кацярыны Лабука, гэты традыцыйны від дзейнасці быў абраны для конкурсу невыпадкова. Ткацтва – адзін са старадаўніх і складаных відаў народнага рамяства, які мае шырокі дыяпазон форм вырабаў і прыёмаў работы. Некалі, у былыя часы, маладая дзяўчына толькі тады лічылася паўнапраўнай нявестай, калі ўмела ткаць. Мэта сёлетняга конкурсу – паказаць сучасны стан валодання тэхнікай стварэння тканых вырабаў, садзейнічаць падтрымцы і адраджэнню традыцыйнага ткацтва. Кожная майстрыха прывезла на конкурс ткацкі станок і хатнюю калекцыю тканых вырабаў. Канкурсанткі «спаборнічалі» ў шасці намінацыях: ткацтва пакрывал; ручнікоў; ходнікаў; паясоў; творчы дэбют; рэдкія ткацкія тэхналогіі. Конкурс праходзіў па своеасаблівай праграме: на адным станку па чарзе кожная ткачыха за пэўны час павінна была выткаць свой арнамент. Акрамя гэтага, трэба было прадэманстраваць не адзін, а некалькі спосабаў ткацтва: рэмізнае, бранае, закладное, пераборнае і г.д. Нашы ткачыхі Валянціна Струнец і Сцепаніда Сцепанюк прымалі ўдзел у намінацыі «рэдкія ткацкія тэхналогіі». У выніку за два няпоўныя дні па старадаўняй тэхналогіі – “кажушком”- было выткана палатно ў выглядзе ручніка, які падарылі Віцебскаму краязнаўчаму музею. Акрамя таго, Сцепаніда Аляксееўна правяла яшчэ майстар-клас па ткацтву. Наогул, назіраючы за гэтай сціплай жанчынай, можна было зрабіць вывад, што, нягледзячы на складанасць заданняў, шырокае прадстаўніцтва даволі моцных саперніц, ткачыха паводзіла сябе вельмі спакойна. Па ўсім было відаць, што яе не здзівіш ніякімі тэхналогіямі. Якім жа трэба валодаць майстэрствам і вопытам, каб на любым узроўні паказаць найвышэйшы клас! Таму і ўзнагарода не прымусіла сябе доўга чакаць – Сцепаніда Аляксееўна атрымала галоўную адзнаку — Гран-пры фестывалю як лепшая ткачыха конкурсу. Такім было аднадушнае рашэнне знакамітых членаў журы на чале са старшынёй Саюза майстроў Беларусі Яўгенам Сахутам.
Неад’емнай часткай фестывалю сталі пасяджэнні аргкамітэта, прэс-канферэнцыі, у якіх прынялі ўдзел вядучы спецыяліст па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Кацярына Ігнацюк і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Андрэй Гарбацэвіч. Удзельнікі гэтых мерапрыемстваў мелі магчымасць пазнаёміцца з арганізатарамі, кіраўнікамі і замежнымі гасцямі фестывалю, устанавіць сяброўскія зносіны і абмяняцца думкамі наконт далейшага развіцця фестывальнага руху.
Прыняўшы ўдзел у “Славянскім базары”, мы адчулі сардэчнасць і цеплыню гэтага свята, атрымалі зарад энергіі і пазітыўнага настрою, стымул для з’яўлення новых творчых ідэй, а дадому прывезлі шмат незабыўных уражанняў, захапленняў, добрых пачуццяў, адданасць мастацтву, прыгажосці і гармоніі.
Наталля Галавій, дырэктар раённага метадычнага цэнтра, удзельніца творчай дэлегацыі.
НА ЗДЫМКУ: маларытчане на “Славянскім базары ў Віцебску”.

 Опубликовано в «ГЧ» 24.07.2013 г.

Добавить комментарий


https://monaliza.kiev.ua

узнать больше

https://agroxy.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!