І зноў чакай нас, Маларыта!

У другі раз у Маларыту прыехалі юныя баскетбалісткі са сваімі трэнерамі са спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву № 71 “Ціміразеўская” г. Масквы.

— Мы жывем у гасцініцы “Юбілейная”, трэніруемся на гарадскім стадыёне і ва ўніверсальным спартыўным цэнтры “Жамчужына”, — гаворыць Таццяна Аляксеенка, кіраўнік групы. – У мінулым годзе ў вас адпачывалі і трэніраваліся ў жніўні, а ў гэтым годзе прыехалі на месяц раней. Мы вярнуліся ў Маларыту, як і абяцалі. Пры пад’ездзе да гасцініцы дзеці з радасцю і шчыра закрычалі: “Гэта наш дом. Добры дзень, Маларыта!”
— Таццяна Іванаўна, раскажыце, калі ласка, пра сваіх юных спартсменаў.
— У нашай групе – 18 дзяўчынак 2003 года на­ра­джэння, якія сур’ёзна, удумліва займаюцца баскетболам і мараць з гэтым відам спорту звязаць жыццё. 9 з іх былі ў Маларыце і ў мінулым годзе, астатнія прыехалі ўпершыню. На працягу года мы пастаянна прымалі ўдзел у розных спаборніцтвах. Аднак найлепшае наша дасягненне – ІІ месца па міні-баскетболу на Усерасійскім фестывалі сярод дзяўчынак 2002-2003 г.н., а таксама ўдзел у першынстве Расіі. Гэтыя спаборніцтвы праходзілі ў г. Анапа.
У Маларыце на працягу 17 дзён мы адшліфоўваем сваё майстэрства, сур’ёзна рыхтуемся да будучых баскетбольных стартаў. База ў “Жамчужыне”, сапраўды, для гэтага ідэальная. Умовы пражывання цудоўныя. Задавальняе і харчаванне ў кафэ “Скарпіён”. Плануем на вучэбна-трэніровачныя зборы прыехаць у Маларыту і на наступнае лета. Ваш горад стаў нам ужо родным, блізкім. Вялікі дзякуй хочацца сказаць кіраўніцтву Маларыцкага раёна, а таксама Сяргею Папко, майстру гасцінічнай гаспадаркі гасцініцы “Юбілейная” і Міхаілу Улезла, дырэктару Дзіцячай юнацка-спартыўнай школы, якія дапамагаюць уладкаваць наш штодзённы побыт. Мы адчуваем клопат пра сябе кожную хвіліну. Яшчэ раз дзякуй за шчырасць, гасціннасць і па-дамашняму цёплы прыём. Мы, расіяне, на Маларытчыне адчуваем сябе як дома. У гэтым наша група пераканалася ў чарговы раз. Дзяржаўныя межы нас ніяк не здолелі раздзяліць.
Сваімі ўражаннямі падзя­ліліся і юныя масквічкі-спартсменкі.
Кацярына Калачова, вучаніца СШ №2043 г.Масквы, закончыла два класы:
— У Маларыце я была і ў мінулым годзе. Успамінамі аб ёй жыла ўвесь год. І калі Таццяна Іванаўна ў мяне спыталася, ці паеду я зноў, то дала згоду адразу. Мне падабаецца ўсё ў гэтым невялічкім і ціхім горадзе. У Маларыце вельмі смачнае прадаецца марожанае. Здаецца, толькі яго і ела б. Я заўважыла, што ля гімназіі на клумбе з’явіліся вялікія металічныя рамонкі. Яны ўпрыгожылі горад.
Ксенія Жданава, вучаніца СШ №222, закончыла тры класы:
— У ваш горад прыехала ў другі раз. Я пастаянна бываю ў спартыўных лагерах, дзе адпачываю і павышаю сваё майстэрства. У “Жамчужыне” можна гэта зрабіць з найбольшай карысцю і эфектыўнасцю. Мару стаць прафесійнай баскетбалісткай і выступаць за зборную краіны. Таму ў Маларыце сканцэнтравана ў асноўным на трэніроўках. А яшчэ мне помняцца паездкі ў Брэсцкую крэпасць-герой і Белавежскую пушчу. У мінулым годзе ў Маларыту наведалася і мая бабуля Наталля. Яна таксама ў захапленні ад вашага горада.
Варвара Раманава, вучаніца СШ №1819 г.Масквы, закончыла тры класы:
— Пра Маларыту я часта думала. У верасні мінулага года на ўроку мы пісалі сачыненне “Самы цікавы дзень лета”. Я расказвала ў ім пра адпачынак і трэніроўкі ў Маларыце. Мяне ўразіў басейн у спартыўным цэнтры, прыгожы вадаём у парку, кветкі на плошчы. Хацелася б знайсці ў Маларыце сяброў і падтрымліваць знаёмства праз інтэрнэт. Калі бу­дзе магчымасць, то прыеду сюды і ў наступным годзе. Аб гэтым мараць, напэўна, усе дзяўчынкі з нашай каманды.
***
Для карэспандэнта райгазеты спартсменкі-масквічкі падрыхтавалі міні-канцэрт. Разам з Таццянай Аляксеенка яны пад гітару (на здымку) праспявалі некалькі вясёлых песень.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 24.07.2013 г.

Добавить комментарий


http://artma.net.ua

Subaru Impreza аккумулятор купить
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!