Прадавец-рамантык

Таццяна Кулічык за прылаўкам ужо 22 гады. Цяпер яна працуе прадаўцом ва ўнівермагу “Родны кут”. На прафесійнай дарозе Таццяны Уладзіміраўны былі магазін “Кулінарыя”, “Магазін №17”. Акрамя таго, чатыры гады яна загадвала “Чаравічкам”. Аднак станаўленне Таццяны Кулічык як спецыяліста адбывалася ў магазіне в. Заазёрная. Сюды на працу яна была накіравана пасля заканчэння Маларыцкага кааператыўнага вучылішча.
— У мяне ж была такая цудоўная мара: хацела стаць цырульнікам, — прызнаецца Таццяна Уладзіміраўна. – Але мама не пусціла вучыцца ў Брэст, сказала, што выдатную прафесію можна атрымаць і ў Маларыце. А слова мамы для мяне – закон.
Таццяна стала вучыцца на прадаўца. Праз некаторы час яна злавіла сябе на думцы, што тое, чаму вучаць, падабаецца. Канчаткова ў гэтым пераканалася, калі пайшла на практыку.
Таццяна Уладзіміраўна любіць сваю справу. Асабліва ёй удаецца рэкламаваць тавар. Пра яго жанчына можа сказаць практычна ўсё.
— Калі пакупнік сумняваецца ў нейкай рэчы, якая, бачу, яму вельмі пасуе, імкнуся пераканаць у гэтым, — кажа Таццяна Кулічык. –Ніколі не буду раіць набываць тое, што не да твару чалавеку. Імкнуся дапамагчы ўсім, наколькі магчыма, зрабіць правільную пакупку. Прыемна, калі чалавек пакідае магазін задаволеным і з усмешкай.
Таццяна Уладзіміраўна – чалавек цікавы, эрудзіраваны, гаваркі. Умее выклікаць прыхільнасць і пераканаць. Яна любіць чытаць містыку і фантастыку, падарожнічае. Шмат дзе пабывала, аднак асабліва запомнілася Індыя.
— Там я знаходзілася на працягу 40 дзён, — гаворыць мая субяседніца. – Паехала не дзеля цікавасці, а па закліку сэрца, мэтанакіравана. Па веравызнанні я праваслаўная,а філасофія жыцця ў мяне – індуізм. Чаму зацікавілася гэтым? Каб пазбавіцца стрэсу і прывесці ў парадак цела і розум. Індыя дае любому прыезджаму добрую глебу для духоўнага самапазнання, абнаўлення, унутранага росту і развіцця, глыбокага пранікнення ўнутр сябе, усведамлення сваіх дзеянняў і ўчынкаў. Я жыла ў ашраме. Знаходжанне ў манастыры — гэта этап на духоўным шляху, месца, дзе можна цалкам адмовіцца ад мітусні цывілізацыі і заняцца самапазнаннем і самаўдасканаленнем. З Індыі вярнулася іншым чалавекам.
— Таццяна Уладзіміраўна, аб чым вы марыце?
— Хочацца яшчэ пабываць у Гімалаях, у высакагорных манастырах, дзе жывуць будысты. Цікава на свае вочы ўбачыць іх лад жыцця, акунуцца ў манаскую атмасферу Тыбета. Гімалаі і Тыбет заўсёды прывабліваюць падарожнікаў сваёй таямнічасцю і загадкавасцю. А яшчэ мне хочацца павысіць свой прафесійны ўзровень. Для гэтага на наступны год буду спрабаваць паступаць у Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, каб набыць спецыяльнасць таваразнаўцы.
— Чаму вырашылі прыняць удзел у абласным конкурсе “Лепшы па прафесіі сярод прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў” магазінаў спажыўтаварыства?
— Каб паспрабаваць свае сілы, праверыць прафесійны ўзровень, набытыя веды, уменні, паказаць творчае майстэрства, праявіць сябе, а таксама пераняць вопыт калег, сакрэты іх працы, пазнаёміцца з культурай абслугоўвання пакупнікоў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Таццяна Кулічык, прадавец універмага “Родны кут”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ»  27.07.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.