ТРЭБА ЖЫЦЬ НАВІЗНОЙ –

паказаў семінар у прыватным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Савушкіна”.
Сюды сабраліся кіраўнікі, галоўныя аграномы, галоўныя інжынеры сельгасарганізацый, спецыялісты райсельгасхарчу, інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін.
“Савушкіна” – гэта сапраўдная школа земляробства на Маларытчыне, дзе на высокім узроўні культура працы на зямлі, дзе атрымліваюць высокія ўраджаі, дзе не баяцца ўкараняць новыя тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур, дзе пастаянна эксперыментуюць, жывуць навінкамі. І сёння гаспадарка – лідар у раёне па вытворчасці збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых складае ў гэтыя дні 38 цэнтнераў з гектара. Тут намалочана ўжо 2 тыс. тон збожжа.
Удзельнікі семінара знаёміліся з арганізацыяй уборкі збожжавых, сяўбой прамежкавых культур, рознымі навінкамі земляробства, пра якія цікава расказваў галоўны аграном прадпрыемства Сяргей Гусак. Скажам, па тэхналогіі пасля 15 ліпеня трэба сеяць пажніўныя. Важна не страціць час, бо пасля ўбранай культуры губляецца вільготнасць у глебе. Таму неабходна адразу ўбіраць салому, вывозіць яе з поля і сеяць. Так робяць у “Савушкіна”, у чым маглі пераканацца ўдзельнікі семінара на полі, дзе ў той дзень пасля бабова-злакавых сумесяў сеялі пажніўныя – пайзу з рапсам, задзейнічаўшы ДжонДзір з дыскатарам. Перавагі гэтага агрэгата ў тым, што ён адразу ж выраўноўвае поле, якое потым зручнае для касьбы.
Гаспадарка набыла пэўны вопыт у тым, што сеяць травы ў чыстым выглядзе (адзін від) на нашых нізкаўрадлівых землях небяспечна – верх бярэ пустазелле. На полі, дзе пасеяна сумесь райграсу аднагадовага і чырвонага, атрымліваюць ужо добры ўраджай другога ўкосу. Такая сумесь хутка расце на пясчаных палях, якіх сёлета ў “Савушкіна” 6. Прыкметны вопыт і вырошчвання люцэрны. На полі, дзе раней нічога не расло, пасеялі гэтую культуру. Сёлета атрымалі трэці ўкос ужо, кожны з якіх даў па 55 цэнтнераў з гектара. Чакаецца яшчэ і чацвёрты.
Удзельнікам семінара былі прадэманстраваны пасевы гібрыдаў кукурузы айчыннай і замежнай селекцыі, азімага жыта перспектыўнага гатунку “Лота”, устойлівага да палегласці, азімага трыцікале гатунку “Праметэй” – самага ўраджайнага, як падкрэсліваў Сяргей Гусак, для нізкаўрадлівых глеб.
Тое, што ўбачылі ўдзельнікі семінара на палях “Савушкіна”, безумоўна, заслугоўвае ўвагі.
— У раслінаводстве трэба жыць навізной, — сказаў, падводзячы вынікі семінара, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч. – Элементы яе павінны быць у кожнай гаспадарцы.
Начальнік райсельгасхарчу Валянцін Зайчук сканцэнтраваў увагу кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак на асноўных задачах у час жніва.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час семінара ў “Савушкіна”
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 27.07.2013 г.

Добавить комментарий


www.nissan-ask.com.ua

читайте здесь chemtest.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!