“Простае шчасце людское…”

Ён і яна нарадзіліся ў вёсцы. І хоць лёс закінуў Леаніда Кірылавіча і Ніну Міхайлаўну Смаль у горад, іх карані так і не змаглі “прыжыцца” на асфальце. Прайшло некалькі дзесяцігоддзяў, і з Брэста яны зноў вярнуліся на радзіму, у самую прыгожую для іх вёску Арэхава.
…Закончыўшы школу, Ніна адправілася шукаць сваё “месца пад сонцам” ў Брэст. Там уладкавалася працаваць, атрымала месца ў інтэрнаце. Але на выхадныя спяшалася ў вёску, бо менавіта тут быў яе Леанід. Кіламетры не сталі перашкодай іх каханню. Нават калі Ніна і Леанід стварылі сям’ю, пэўны час, пакуль малады муж не пакінуў работу ў мясцовай гаспадарцы і не ўладкаваўся працаваць у Брэсце, іх раздзялялі кіламетры. Гарадскімі жыхарамі сталі яны з таго моманту, як Леанід атрымаў “маласямейку”. Жыццё закруцілася ў рытме гарадскіх будняў: работа, дзеці, якіх у сям’і нарадзілася чацвёра, наваселле, сустрэчы, развітанні, хатнія клопаты… Толькі адно заставалася нязменным – амаль кожныя выхадныя сям’я Смаль ехала ў вёску. Магнітам прыцягвала да сябе Ніну і Леаніда арэхаўская зямля.
Калі захварэла маці Леаніда, у вёсцы ён стаў бываць яшчэ часцей. А калі ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя з-за эканамічнай нестабільнасці пачаліся праблемы на прадпрыемстве – даводзілася па некалькі тыдняў ся­дзець без работы, а разам з тым і без зарплаты, ён увогуле вырашыў вярнуцца ў вёску. Тым больш, што бацькоўскі дом да таго часу ўжо апусцеў і вельмі не хацелася Леаніду Кірылавічу пакідаць яго без гаспадарскіх рук. А ў калгасе знайшлася для яго работа – працаваў ён трактарыстам, потым слесарам. Ніна Міхайлаўна з дзецьмі прыязджала ў вёску па выхадных. Паціху пачала сям’я абзаводзіцца гаспадаркай. А калі Ніна Міхайлаўна пайшла на заслужаны адпачынак і, пакінуўшы гарадскую кватэру дзецям, назусім пераехала ў вёску, у гаспадароў з’явіліся дзве каровы, у хляве пачалі рохкаць парсючкі, двор засялілі гусі, індыкі, куры.
— Мне дачка гаворыць: навошта табе мама ўсе гэтыя клопаты. Жыла б у горадзе, адпачывала. А я ніколькі не шкадую, што ў вёску вярнулася. У горадзе чалавек, нібы птушка ў клетцы. А тут выйдзеш – прастора вакол, лёгка чыстым паветрам дыхаецца. А работа, дык яна ж карысць дае. Дзякуючы ёй усё сваё ёсць: і малако, і бульба, і скварка, – дзеліцца Ніна Міхайлаўна.
Між іншым, дачка Смаляў – Ала, хоць нарадзілася яна і ў горадзе, як і яе бацькі, заўжды “хварэла” вёскай. З малых гадоў прыязджала ў Арэхава, усё ёй тут падабалася. Сюды, да вясковых школьнікаў, вырашыла яна вярнуцца і пасля заканчэння ВНУ. У вёсцы маладой настаўніцы пайшлі насустрач – далі кватэру. Тут жа, у Арэхава, побач з бацькамі жыве і сын Леанід. Часта прыязджаюць у вёску дзеці і ўнукі з Брэста, дапамагаюць бацькам. Работы ў вёсцы хапае ўсім. На 30 сотках зямлі садзяць гаспадары бульбу, буракі, зерне.
Раней Ніна Міхайлаўна і Леанід Кірылавіч трымалі дзве каровы. Можна было і капейку ў дапаўненне да пенсіі выручыць, і сабе смятанкі сабраць, тварагу зрабіць. Але вялікая гаспадарка патрабуе і шмат сіл, а іх з кожным годам не большае, а становіцца ўсё менш і менш. Таму з адной рагуляй давялося развітацца.
— Летам работы шмат, трэба ж паспець сена на зіму нарыхтаваць. Таму ўжо ў чатыры гадзіны ранку я на нагах, іду касіць, каб справіцца да гадзін дзесяці, калі ўжо спякота пачынаецца. І так кожны дзень. Вядома ж цяжка, але як жа ў вёсцы жыць не працуючы. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Калі хочаш, каб у цябе нешта было, трэба сілы прыкласці і сябе не шкадаваць, — дзеліцца сваёй сялянскай філасофіяй Леанід Кірылавіч.
Гэтая філасофія чамусьці ўзрушыла ў памяці радкі верша: “Простае шчасце людское, так, як і наша з табою, пэўна, складаецца з солі, з хлеба, сабранага ў полі…” Менавіта ў штодзённых клопатах, у тым, што дзядуля і бабуля могуць пачаставаць унукаў смачным, толькі з-пад кароўкі, малачком, водарнымі ягадкамі, у тым, што летась удалося атрымаць неймаверны ўраджай кавуноў, што ў паса­джаным садзе спеюць чарэшні, абрыкосы, яблыкі, слівы, вінаград, у тым, што ўнучка Танюша сядае вярхом на каня і разам з дзедам едзе ў поле, што ў іх ёсць родны вясковы куточак, дзе лёгка дыхаецца, дзе кожнаму новаму дню радуецца душа і ёсць шчасце Ніны Міхайлаўны і Леаніда Кірылавіча.
— Вёску на горад, з усімі яго выгодамі, мы б ужо ніколі не прамянялі, — прызнаецца Ніна Міхайлаўна. – Душа цягнецца да зямлі, прыроды, лесу. Ногі, як гаворыцца, не ходзяць, а душа рвецца наперад.
Як толькі пачынаецца ягадны ці грыбны сезон, Ніна Міхайлаўна і Леанід Кірылавіч ідуць у лес па чарніцы, баравічкі, а па дарозе збіраюць расліны ўсялякія – святаяннік, маліну, ліпу. Сушаць усё, а потым смачны лекавы чай робяць.
— А як жа, жыць побач з лесам і не выкарыстоўваць яго карысныя дары проста нельга, — гавораць мае субяседнікі.
У той дзень, калі мы наведалі сям’ю Смаль, з самага ранку ішоў дождж. Гэта быў шанц у будні дзень застаць гаспадароў дома. Калі ж надвор’е добрае, Ніна Міхайлаўна і Леанід Кірылавіч, нібы руплівыя пчолкі, шчыруюць на агародзе ці на падворку. Праца, забіраючы сілы, стамляючы, у той жа час, дае ім энергію жыць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Ніна Міхайлаўна і Леанід Кірылавіч Смаль.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 31.07.2013 г.

Добавить комментарий


на сайте cialis-viagra.com.ua

источник topobzor.info

подробно avtovoz.co.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!