СЕЗОН-ПІК ДЛЯ БУДУЧЫХ НАВУЧЭНЦАЎ

…Шыльдачка з надпісам “Прыёмная камісія” ўказвае на адзін з кабінетаў на першым паверсе Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Накіроўваюся туды. Мяне ветліва сустракае псіхолаг ліцэя Ала Уладзіміраўна Пракапук, якая вось ужо другі месяц прымае дакументы ад тых, хто вырашыў сёлета набываць веды і прафесію ў ДзПЛ сельгасвытворчасці.
Прыёмная камісія ў прафесійным ліцэі пачала працаваць з 15 чэрвеня. Менавіта ў першы месяц лета назіралася тут найбольшая актыўнасць. Гэта зразумела: свае дакументы спяшаліся прынесці выпускнікі базавай школы, якія ўжо дакладна вызначыліся, што далейшае навучанне ў школе не адкрывае перад імі ніякіх перспектыў, а вось дзяржаўны прафесійны ліцэй, які ёсць у сваім жа горадзе, дапаможа набыць прафесію і праз тры гады вучобы трывала стаць на ногі. Не адставалі і выпускнікі сярэдняй школы, бо многія рэальна ацанілі сітуацыю: сёлета мінімальны бал на цэнтралізаваным тэсціраванні павысіўся, а значыць многія проста “адсеюцца” і накіруюцца ў каледжы і прафліцэі, магчыма, і тут будзе конкурс, таму лепш не марудзіць, падаць дакументы першым. У ліпені актыўнасць значна зменшылася. Сярэдзіна лета, добра ведаюць у прафліцэі, заўжды час , калі яшчэ многія не вызначаліся, куды пайсці вучыцца. Да больш актыўнай работы рыхтуюцца ў прыёмнай камісіі ў жніўні. Дарэчы, прыём дакументаў будзе доўжыцца да 20 жніўня. Праўда, ужо цяпер колькасць заяў для паступлення на пэўныя спецыяльнасці перасягнула кропку “экватара”. На 125 месцаў, якія запланаваны для набору, ёсць ужо 63 заявы (лічбы па стану на 23 ліпеня).
У 2013-2014 навучальным годзе навучэнцы, якія прыйдуць на першы курс ліцэя, закончыўшы базавую школу, будуць набываць комплекс прафесій – трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці, электразваршчыка і вадзіцеля аўтамабіля. Выпускнікі сярэдняй школы могуць вучыцца па дзвюх групах прафесій — слесара па рамонту сельгасмашын і абсталявання, трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці, вадзіцеля аўтамабіля ці электра­зваршчыка ручной зваркі і вадзіцеля аўтамабіля. Усе гэтыя спецыяльнасці даюць шырокі спектр магчымасцей для працаўладкавання.
— Сёлета заявак на спецыялістаў, якіх мы падрыхтавалі, было значна больш, чым саміх выпускнікоў, — канстатуе факт намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Алена Талашка.
Электразваршчыкі, да прыкладу, на вагу золата ў многіх брэсцкіх спецыялізаваных фірмах, слесарам па рамонту сельгасмашын і абсталявання адкрыта дарога на станцыі тэхнічнага абслугоўвання, трактарыстаў ахвотна прымаюць не толькі сельгасарганізацыі і прадпрыемствы, але і вялікія гандлёвыя кропкі для работы на карах, запатрабаванымі з’яўляюцца і вадзіцелі. Было б толькі жаданне працаваць.
У групы пасля базавай школы будзе набрана 75 навучэнцаў, палова месцаў ужо запоўнена.
— У тым, каб пайсці вучыцца ў ліцэй пасля заканчэння 9 класаў агульнаадукацыйнай школы, ёсць шмат пераваг, — тлумачыць псіхолаг Ала Пракапук. – Адна з іх – юнак не губляе час, а разам з дакументам аб сярэдняй адукацыі атрымлівае яшчэ і прафесію, якая дае рэальную магчымасць працаўладкавацца.
Яшчэ адной перавагай з’яўляецца магчымасць бесперапыннай сістэмы навучання. Прафесійны ліцэй мае дамоўленасць з Высокаўскім прафесійна-тэхнічным каледжам, Пінскім дзяржаўным інжынерна-педагагічным каледжам і Бабруйскім машынабудаўнічым каледжам на прыём выпускнікоў ліцэя па выніках тэсціравання па спецпрадметах. Адвучыўшыся ў гэтых навучальных установах па скарочанаму курсу навучання 1 год і 10 месяцаў, выпускнікі, зноў здаўшы тэсты па спецыяльнасці, могуць стаць студэнтамі Беларускага дзяржаўнага агратэхнічнага ўніверсітэта.
Сярод пераваг навучання ў ліцэі і наяўнасць добраўпарадкаванага інтэрната, і пастаянны кантроль за паводзінамі навучэнцаў з боку выхавальнікаў, і бясплатнае забеспячэнне абедам, і добрая спартыўная база, і магчымасць атрымліваць практычныя навыкі на рознага віду тэхніцы, і, нарэшце, самае важнае – магчымасць навучыцца самастойнасці, адчуць сябе самадастатковай асобай.
Асаблівасцю сёлетняй прыёмнай кампаніі, як адзначаюць у ліцэі, з’яўляецца актыўнасць выпускнікоў школ раёна, ад якіх паступіла значная колькасць заяў. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што прафарыентацыя ў школах Маларытчыны была пастаўлена на высокі ўзровень.
Дакументы яшчэ прымаюцца, а гэта значыць, ёсць час для таго, каб узважыць усе перавагі і выбраць свой лёс. А тых, хто ўжо дакладна вызначыўся з выбарам, чакаюць у прыёмнай камісіі ліцэя.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у пра­фесійным ліцэі ідзе прыём дакументаў.
Фота Галіны СТАСЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 3.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.