ФІРМЕННЫ СТЫЛЬ

Напярэдадні Дня чыгуначніка стала вядома, што дарожны майстар Брэсцкай дыстанцыі пуці Леанід Галюк узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік Беларускай чыгункі”.

1
Сеўшы ў вагон цягніка, мы ніколі не задумваемся аб тым, што для таго, каб паездка наша была бяспечнай, павінны пастарацца чыгуначнікі. На 30-кіламетровай адлегласці ад граніцы з Украінай і да станцыі “Закруцін” чыгунку абслугоўваюць 3 брыгады на чале з майстрам Леанідам Галюком.
Багатая працоўная біяграфія ў гэтага чалавека і найперш на ўзнагароды, якія ён атрымліваў за бездакорнае выкананне сваіх службовых абавязкаў.
2
…Закончыўшы 8 класаў сельскай школы, Леанід паступіў у Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту. 4 гады вучыўся, атрымаў дыплом спецыяліста па будаўніцтву і эксплуатацыі чыгункі. Але працаваць доўга не давялося, юнака прызвалі ў армію. Маральна ўстойлівы, палітычна адукаваны, статны, высокі, фізічна моцны і сімпатычны, ён аказаўся ў ліку такіх жа, каго ўзялі на службу ў групу савецкіх войск у Германіі. Трапіў Леанід у роту ганаровай варты часці, што дыслацыравалася ў Вюнсдорфе.
— На значныя дзяржаўныя святы, — расказвае мой субяседнік, — мы звычайна ўскладвалі вянкі да помніка героям штурму Берліна ў Заходнеберлінскім парку Ціргартэн. Помню, калі сюды прыязджаў маршал Савецкага Саюза Усцінаў разам з камандзірам групы савецкіх войскаў у Германіі Казловым. Мы ведалі, як гэта ганарова сустракаць такіх высокіх гасцей, таму вельмі і вельмі рыхтаваліся да ўрачыстай сустрэчы.
3
Яшчэ і год службы не прайшоў, як Леаніда павышаюць у службовым званні: з яфрэйтара да сяржанта, а затым назначаюць камандзірам аддзялення.
За ўзорную страявую вывучку, выдатнае выкананне службовых абавязкаў, высокую палітычную пільнасць, праяўленыя пры ўскладанні вянкоў да помніка героям штурму Берліна ў Заходнеберлінскім парку Ціргартэн, сяржанта Леаніда Галюка заахвочваюць граматай.
4
Дамоў юнак прыехаў, як кажуць, з баявым настроем. Таму доўга не заседжваўся. Адразу пайшоў працаваць. Па сваёй спецыяльнасці. Леаніду спачатку прапанавалі пасаду брыгадзіра на пункце прыпынку “Мельнікі”. А праз нейкі час даверылі ўзначальваць брыгаду пуцейцаў. 29-цю гадамі адмераўся нядаўна працоўны стаж Леаніда Іванавіча, а ў яго працоўнай кніжцы па-ранейшаму толькі адзін запіс, які быў зроблены, калі ён уладкоўваўся на работу на Брэсцкую дыстанцыю пуці.
Пільнасць, выхаваная ў сабе ў час службы ў арміі, вельмі дапамагае дарожнаму майстру Леаніду Галюку і ў рабоце. Бо для таго, каб чыгунка была бяспечнай у любы час года і пры любых тэмпературах, ой як патрэбны гэтыя якасці і не толькі майстру, але і ўсім пуцейшчыкам – яны ж непасрэдныя выканаўцы яго даручэнняў і сваіх функцыянальных абавязкаў.
— Пры высокай тэмпературы паветра, — тлумачыць майстар, — рэйкі маюць асаблівасць падоўжвацца, а пры вельмі нізкіх – укарочвацца. Таму пуцейшчыкі павінны пільна сачыць, каб пры спякоце, а тэмпература рэек тады можа дасягнуць 70 градусаў, не было выкіду пуці, а пры моцным марозе яго не парвала.
5
Між іншым, пуцявая гаспадарка кожны год звычайна правяраецца вясной і восенню. У праверцы прымае ўдзел і сам начальнік Беларускай чыгункі. Дык вось сёлета ён зноў паставіў высокую адзнаку рабоце падначаленых Леаніда Галюка, а асабіста яго, майстра як кіраўніка за своечасовую і якасную падрыхтоўку гаспадаркі Беларускай чыгункі да летніх пасажырскіх перавозак, паспяховае выкананне вытворчых і фінансава-эканамічных паказчыкаў, высокую выканаўчую дысцыпліну, забеспячэнне бяспечнага руху цягнікоў, перавозак грузаў і пасажыраў заахвоціў нагрудным знакам “Выдатнік Беларускай чыгункі”, які Леаніду Галюку ўручылі напярэдадні прафесійнага свята.
Леанід Іванавіч не лічыць такую высокую ўзнагароду толькі сваёй заслугай.
— Гэта заслуга ўсяго калектыву, — кажа ён.
6
А сярод яго падначаленых нямала такіх жа добрасумленных, вельмі адказных і старанных, як і ён. Леанід Іванавіч з удзяч­насцю называў імёны і прозвішчы брыгадзіраў Васіля Галавея, Валянціна Шышука, Юрыя Гадакчана, а таксама Юрыя Ханчука, Мікалая Марчука.
— За гэтых работнікаў, — кажа Леанід Іванавіч, — ручаюся. – Ім давяраю і не баюся, што нешта будзе не так, калі іду ў водпуск. Тым больш, што тэлефон на гэты час ніколі не адключаю, у любы момант яны могуць мне патэлефанаваць, каб параіцца.
7
За 29 гадоў работы на чыгунцы Леанід Іванавіч Галюк выпрацаваў свой асабісты почырк. І не толькі непасрэдна ў працы, але і ў адносінах з падначаленымі. Ён лічыцца з меркаваннямі кожнага з іх, стараецца забяспечыць належныя ўмовы для працы, кожнаму давярае.
8
Усё гэта ён пераняў некалі ад свайго калегі-настаўніка Анатоля Ігнатавіча Гагалюка, які ў ліку нямногіх быў удастоены высокага прафесійнага звання “Ганаровы чыгуначнік”.
— У плане прафесійным Анатоль Ігнатавіч сапраўды быў моцны спецыяліст, — кажа Леанід Іванавіч. – Ён дасканала ведаў чыгуначную гаспадарку, вельмі перажываў за яе і гэтаму вучыў іншых.
9
…Мы сядзім у рэдакцыі з Леанідам Іванавічам, гутарым. Цікавы ён субяседнік. Размова сама па сабе заходзіць пра цяперашняе жыццё, пра чалавечае шчасце, пра маральныя каштоўнасці.
— Часта, калі застаешся сам-насам, — кажу Леаніду Іванавічу, — спрабуеш падагульніць сваё жыццё, прааналізаваць яго, адказаць на пытанні, што паспеў, а што яшчэ трэба зрабіць.
— Гэтак і я, — адказвае Леанід Іванавіч. — Перабяру ўсё ў думках, узважу. Няма на што крыўдаваць, бо любімай справай зай­маюся, дом свой ра­зам з жонкай Валянцінай пабудавалі, дзвюх дачок выгадавалі і замуж аддалі, унукаў маем. А гэта, — падагульняе мой субяседнік, — і ёсць самыя дарагія маральныя каштоўнасці, якія найбольш узбагачаюць нашу душу і даюць сілы жыць і радавацца.
10
Немалаважны і яшчэ адзін факт з біяграфіі Леаніда Іванавіча Галюка. Маці яго, Ганна Сцяпанаўна Галюк, якая жыве ў вёсцы Добрусава, 39 гадоў свайго жыцця аддала роднай гаспадарцы, больш за 20 з іх – непасрэдна рабоце даяркай у калгасе імя Кірава (цяпер СВК “Макраны”), працавала з душою, сумленна, самааддана, пастаянна трымала лідарства. І гэта быў яе фірменны стыль работы. За шматгадовую і добрасумленную працу Ганна Сцяпанаўна была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”.
— Мы з сястрою часта бегалі маці дапамагаць. Усім разам было больш лёгка і хутчэй і кармы каровам уручную раздаць, і падаіць іх. Тады ж апаратаў яшчэ не было. Мы бачылі, як цяжка маме аднымі яе рукамі столькі работы перарабіць. Бо і дома немалую ж гаспадарку трымалі, трэба з усім было управіцца. Шкадавалі мы маму, нам хацелася, каб яна не хварэла, ад працы не старэла, каб не стамлялася яе сэрца ад клопатаў. Дзякуй Богу мама жыве яшчэ і цяпер, і мы вельмі рады, што яшчэ гарыць агеньчык у нашым бацькоўскім доме. Тата таксама любіў працаваць. Без яго рук не абыходзілася ні адна мужчынская работа.
А любоў да працы, несумненна, перадаецца ў спадчыну
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: дарожны майстар Брэсцкай дыстанцыі пуці Леанід ГАЛЮК.
Фота Ніны СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 3.08.2013 г.

ФІРМЕННЫ СТЫЛЬ: 1 комментарий

Добавить комментарий


Интернет магазин ковров на сайте
депозит физ лиц в киеве

alpari кидалово
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!