Дыягназ: ХРАНІЧНАЯ ЛЮБОЎ ДА ПРАФЕСІІ

У ліку пераможцаў рэспублікан­скага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2012 годзе і Барыс Штык, ветурач СВК “Макраны”.
На што толькі ні згодзішся іншы раз дзеля таго, каб займацца любімай справай, аддаваць сябе любімай прафесіі! Вось і ён, Барыс Штык, ніколькі не задумваючыся, узяў і паехаў з Украіны ў Беларусь. Уладкаваўся разам з сям’ёй у Макранах (а далі маладому вет­урачу добраўпарадкаваны жылы дом), адразу ўзяўся за работу. Веды па выбранай прафесіі ў яго былі, практыка нядрэнная таксама, бо закончыў Львоўскі ўніверсітэт, яшчэ калі вучыўся, працаваў на канікулах у прыватнай фірме ў Польшчы. Ды і пасля заканчэння ўніверсітэта дома, на Украіне, у Ратна не пабаяліся замацаваць Барыса за ветучасткам, які ён і ўзначальваў. Справы з першага дня ішлі на лад, але, як прызнаваўся Барыс, вельмі востра стаяла жыллёвая праблема. Таму, калі даведаўся, што ў Макранах яго чакае гатовае жыллё, і паддаўся на прапанову макранскага старшыні.
— Ды і працаваць з Леанідам Міхайлавічам лёгка і цікава, — дзяліўся Барыс Іванавіч. — Ён ніколі цябе ад сябе “не адфутболіць”, у любую, нават самую нязначную праблему ўнікае, усяляк стараецца дапамагчы яе вырашыць.
А праблем і ў ветэ­рынарыі сёння хапае. Гэта і вялікі працэнт захворвання жывёлін, і дарагоўля медыкаментаў, і недахоп спецыялістаў, і, няма чаго граху таіць, безадказнасць многіх работнікаў, занятых у жывёлагадоўлі, і інш. Найбольш хвалюе ветурача апошняе – суб’ектыўны фактар.
— Кожная даярка добра ведае, — кажа Барыс, — што калі ў каровы мастыт, яе абавязкова трэба здойваць рукамі і ні ў якім разе нельга даіць апаратам. Але не ўсе такога правіла прытрымліваюцца. У выніку церпіць жывёла, гаспадарка траціць вялікія грошы на медыкаменты. А патрэбны былі ўсяго толькі гаспадарлівасць і жаданне працаваць з боку даяркі.
Менавіта з-за абыякавасці жывёлаводаў вельмі часта хварэюць і маленькія цяляткі.
— Цялятніца няправільна пакарміла іх, — перакананы Барыс, — своечасова не падсцяліла ім, — і зноў немалыя праблемы і для спецыялістаў, і для гаспадаркі ў цэлым. Цялушка ацеліцца, — расказваў далей Барыс, — і ўжо адразу ёй ставяць дыягназ: гінекалагічнае захворванне. А як жа яго не будзе, калі з таго часу, як сама цялушка нарадзілася, у яе не было ніякага імунітэту.
Добра ведаючы цану чалавечага фактара, сам ветурач стараецца свое­часова папярэдзіць фак­ты абыякавасці і безгаспадарчасці. А гэта адна з мер прафілактыкі хвароб. Ну, а калі захворванне ўжо выяўлена, ветэрынарны доктар стараецца яго прафесійна лячыць.
— Працаваць на вынік больш проста, — кажа Барыс Іванавіч, — калі побач такі зацікаўлены і неабыякавы кіраўнік, як наш Леанід Міхайлавіч.
А вынікі гэтай сумеснай работы сапраўды відавочныя: у СВК “Макраны” самы нізкі паморак жывёлы і самае нізкае невытворчае выбыццё яе. Тут таксама нядрэнны паказчык выхаду цялят на 100 кароў.
Таму перамога Барыса Іванавіча Штыка ў рэспубліканскім спаборніцтве цалкам заслужаная.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: ветурач СВК “Макраны” Барыс ШТЫК.
Фота Ніны СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 7.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий