Сямейнае шчасце

Не па чутках ведаючы сямейнае жыццё многіх пар і параўноўваючы яго з сямейным саюзам Ніны і Васіля Дацыкаў, якіх ведаю даўно, магу без перабольшвання сказаць, што гэтая пара пражыла ўсе 30 гадоў сумеснага жыцця прыгожа. Іх адносіны будаваліся і будуюцца на пачуццях, без якіх не можа быць шчаслівага шлюбу: каханні, даверы, узаемапавазе і ўзаемаразуменні. І гэтыя пачуцці не паказныя, а шчырыя.
Дацыкі заўсёды былі ў сям’і сваёй на роўных, добра ведаючы, што верхавенства некага аднаго не толькі парушае правы мужа ці жонкі, але і часта разбурае самі сем’і. Свой сямейны карабель Ніна і Васіль сумесна вялі цвёрдымі, але ласкавымі і любячымі рукамі.
Крыўдавалі калі-нікалі адзін на аднаго, першая на прымірэнне ішла Ніна. Яна пераканана, што як санітарны, так і маральны парадак у сям’і больш залежыць ад жанчыны, якую прырода надзяліла, акрамя іншых жаночых вартасцей, яшчэ і мудрасцю, разважлівасцю. Дацыкі даражылі адзін адным, сваёй сям’ёй, былі добрым прыкладам для дзяцей сваіх. Яны любілі іх, але не песцілі. З юнацкіх гадоў прывучалі дочак да самастойнасці. Гэта так дапамагло дзяўчатам у будучым. Яны прыйшлі ў свае сем’і, а замуж  усе трое выйшлі рана, вартымі гаспадынямі,  якія цудоўна ўмеюць не толькі стравы гатаваць, чыста бялізну мыць, але і шыць. Прычым, не горш за маці, адмысловую краўчыху. А ў наш час швачка ў сям’і – гэта залаты клад.
Пашанцавала Наташы, Лене і Олі і са спадарожнікамі жыцця. Аляксей, Генадзь і Павел — надзейныя, адданыя сям’і, працавітыя, яны таксама выхоўваліся ў прыстойных сем’ях, дзе бачылі толькі добры прыклад узаемаадносін.
Кажуць, нішто так не загартоўвае чалавека маральна і нішто так не выпрабоўвае на трываласць пачуцці, як перажытыя цяжкасці. Хапала іх і ў сям’і Дацыкаў. Маладой, у 46-гадовым узросце, памерла маці Ніны. А ў сям’і, акрамя старэйшых Ніны і Наташы, якія былі ўжо замужам, засталося яшчэ чацвёра непаўналетніх дзяцей. Малодшым было толькі па 11. І хоць яны засталіся з бацькам, Ніна і яе сястра Наташа праз дзень ездзілі ў Радзеж,  добра разумеючы, як цяжка малым без маці.
Бяда адна не ходзіць. Праз 4 гады пасля смерці маці трагічна загінуў бацька Ніны, і яе непаўналетнія сястра і браты застаюцца сіротамі. Ніну афармляюць апекуном над імі. А на руках у яе трое сваіх малых дзяцей. І клопаты, здавалася б, падвойваюцца. Але яны не падвоіліся, бо палову іх узяў на сябе муж, Васіль. Ён разумеў: ёй цяжка.
Пасылаючы чалавеку выпрабаванні, Бог дае яму сілы, каб іх вытрымаць. Вытрымалі ўсе цяжкасці і Дацыкі. Сястру і братоў Ніны замуж  аддалі і пажанілі, вяселлі кожнаму справілі,  на шчаслівае жыццё,  як бацькі, благаславілі. Сваіх дзяцей выгадавалі і вывучылі, замуж аддалі. Дарэчы, двое з дачок, Наташа і Лена, як і іх маці, выйшаўшы замуж, свае прозвішчы не мянялі. Іх спадарожнікамі аказаліся таксама Дацыкі. Наташа і Лена жывуць у добраўпарадкаваных кватэрах у Маларыце, Оля выйшла замуж  за кабрынчаніна Паўла. Дом свой уласны пабудавалі, сына гадуюць. Словам, Ніна і Васіль Дацыкі дачакаліся свайго ціхага сямейнага шчасця – побач дзеці, унукі, любімая работа.
Вельмі часта вялікая сям’я Дацыкаў (у ёй налічваецца 13 чалавек) збіраецца разам дома ў бацькоў. І ніколі ніхто тут не сумуе, бо ў Дацыкаў шмат агульных інтарэсаў, усе яны людзі надзвычай камунікабельныя.
Дарэчы, бацькі Дацыкі ніколі не дзялілі дзяцей на сваіх і чужых. І тыя, і другія для іх родныя. Ніна і Васіль памятаюць дні нараджэння не толькі Наташы, Лены і Олі, але і зяцёў Аляксея, Генадзя, Паўла. Не забываюць іх не толькі павіншаваць, але і падаруначак купіць, як і кожнаму з пяці ўнукаў.
Якія б праблемы ў жыцці не сустракаліся і якія б цяжкасці не ўзнікалі, — яны нішто ў параўнанні з такім трывалым сямейным шчасцем, якое ні за якія грошы і нідзе не купіш.
НА ЗДЫМКУ: Ніна і Васіль ДАЦЫКІ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.