Добрыя людзі з Добрага

Сямейны стаж Івана Аляксеевіча і Лідзіі Рыгораўны Бягезаў з вёскі Добрае адлічваецца з 21 жніўня 1956 года, калі згулялі яны вяселле. Вось з таго дня амаль ужо 57 гадоў і жывуць яны дружна, у згодзе.
…Іван і Лідзія нарадзіліся і выраслі на хутарах, якія пасля аб’ядналі ў адну вёску пад добрай назвай Добрае. Іван нарадзіўся ў 1933 годзе. У сям’і іх было трое дзяцей. Бацькі, які ўсе тады, трымалі гаспадарку. Асноўным абавязкам Івана было пасвіць кароў, але і пра вучобу не забываў – наведваў школу ў Отчыне. Калі пачалася вайна, хлопчыку было 8 гадоў, але тады ён не лічыў сябе дзіцём. Добра разумеў, што прыйшла бяда.
-Калі прыйшлі немцы, мы пакідалі свае дамы і хаваліся ў лесе, з сабою таксама забіралі і кароў, коней, бо ўсё гэта забралі б немцы, -гаворыць Іван Аляксеевіч. — Памятаю, будавалі сабе нейкія шалашы і сядзелі там, а ноччу хадзілі да сваіх хат, каб нешта ўзяць. Немцы гэта разумелі, таму палілі нашы хутары, каб не было куды вяртацца. Яны былі вельмі жорсткімі. Але ў лесе таксама мы не адчувалі сябе ў поўнай бяспецы, таму што пастаянна ляталі варожыя самалёты. І калі яны заўважалі недзе ў лесе агонь, то адразу кідалі бомбы. Вельмі страшна было. Пасля майго бацьку забралі на фронт. Праз нейкі час мы даведаліся, што ён загінуў. Так мама засталася з намі адна. Таму на яе плечы звалілася шмат клопатаў. Безумоўна, мы дапамагалі, чым маглі. І не адна яна такая была, шмат жанчын засталіся без мужоў з малымі дзецьмі. Іншы раз задумваюся, як яны, гэтыя мужныя жанчыны, з усім спраўляліся, не апускалі рук? Гэта ж якая моц духу патрэбна і жаданне жыць!
Слухаючы расказ мужа, Лідзія Рыгораўна ківала галавою і ціхенька выцірала слёзы. Бо і яна добра памятае вайну і тыя пакуты, што давялося перажыць.
-Кожны дзень мы баяліся, каб нас не расстралялі, — расказвае жанчына, — бацькі супакойвалі, але мы разумелі, што і ім таксама страшна, бо і яны не ведаюць, калі скончыцца вайна. Майго бацьку ў армію не прызывалі, ён ужо па ўзросту не падыходзіў, таму маёй маме ў гэтым плане больш пашчасціла. Калі скончылася вайна, радасць была вельмі вялікая. Усе абдымалі адзін аднаго, цалавалі. Гэта была вялікая агульная радасць. Я нават і не ведаю, з чым гэта можна параўнаць.
Пасля вайны вёска паступова пачала ажываць, людзі талакой будавалі новыя дамы, адраджалі зямлю. Жыццё працягвалася. Іван і Ліда ведалі адзін аднаго з дзяцінства, але зразумелі, што падабаюцца адзін аднаму ў больш сталым узросце. Некалькі сустрэч і вось ужо згулялі вяселле. А з цягам часу з’явіліся і дзеці – Люда, Саша, Ларыса.
Іван Аляксеевіч працаваў у Маларыце на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, а Лідзія Рыгораўна — у калгасе ў паляводстве. Таксама ўсё жыццё гэтая сямейная пара трымае і гаспадарку. Зараз, безумоўна, яна крыху меншая, але ёсць. Бо прывыклі рукі да працы, як жа без яе. Іван Аляксеевіч да ўсяго яшчэ і вялікі аматар пчол. Як ён сам прызнаецца, не так ён любіць мёд, як менавіта працу ля пчол.
-Падабаецца мне за імі сачыць, даглядаць, — кажа Іван Аляксеевіч, — я тады душою адпачываю. Колькі хопіць сіл, столькі буду і працаваць.
Іван Аляксеевіч і Лідзія Рыгораўна сёння жывуць удваіх. Усе дзеці з унукамі, а іх таксама трое, жывуць у Брэсце, але не забываюць – часта прыязджаюць у госці.
На маё пытанне, які іх сакрэт шчасця ў сямейным жыцці, Іван Аляксеевіч і Лідзія Рыгораўна спачатку сціпла паціснулі плячыма, а пасля адказалі: сям’ю трымае толькі каханне.
Анастасія Пархамук.
На здымку: Іван Аляксеевіч і Лідзія Рыгораўна Бягезы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 7.08.2013 г. 

Добрыя людзі з Добрага: 1 комментарий

Добавить комментарий


https://steroid.in.ua

https://www.13.ua

Гонадотропин купить
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!