Аматары чароўнага

Ля дома кожны дбалы гаспадар стараецца навесці парадак – добраўпарадкаваць тэрыторыю, пасадзіць кветкі, упрыгожыць двор дэкаратыўнымі элементамі. Гэта калі двор свой, уласны… А калі ў доме 30-40 кватэр, калі тэрыторыя вакол агульная, можна сказаць, кожнага і ў той жа час нічыя? У такім двары далёка не заўжды ўтульна. Праўда, калі не знойдзецца сярод жыхароў апантаны аматар прыгажосці. На такіх людзей пашанцавала аднаму з пад’ездаў дома № 3 па вуліцы Школьнай. Іна Лявонцьеўна Жыхар і Людміла Мікалаеўна Масюк за некалькі гадоў стварылі ля дома сапраўдны райскі куточак.
У Маларыту Іна Лявонцьеўна Жыхар пераехала з Казахстана. У Карагандзінскай вобласці быў у яе ўласны дом, і ў двары хапала месца для фантазіі. Але атрымалася так, што на чужыне жанчына засталася адна, таму і вырашыла пераехаць ў Беларусь, бліжэй да сваякоў. Малюнак двара, які адкрываўся з акна яе новай кватэры, набытай у Маларыце, вока асабліва не радаваў. І тады Іна Лявонцьеўна вырашыла ўзяцца за добраўпарадкаванне. У хуткім часе жыхароў дома замілоўвала ўжо яркая клумба. Кожны год гаспадыня “ўплятала” ў кветкавы дыван новыя колеры. А калі ў доме закончыўся капітальны рамонт, з-за якога многія плады яе працы былі проста-такі сцёрты, за ўпрыгожанне тэрыторыі ля пад’езда яна ўзялася з яшчэ большым стараннем і фантазіяй. Ды і “калега” ў дызайне дваровага ландшафту ў яе з’явілася – суседка Людміла Масюк. Дзякуючы фантазіі жанчын на клумбах разам з кветкамі з’явіліся розныя ўпрыгожванні і казачныя персанажы. Пафарбаваныя ў яркія колеры каменні ператварыліся ў змяю, чарапаху, вожыка, вялікі пень набыў выгляд лесавіка, на клумбе “пасяліліся” буслы, побач з жывымі кветкамі з’явіліся букеты, зробленыя з пластыкавых бутэлек.
— Нашу дваровую прыгажосць мы зрабілі сваімі рукамі. Усё проста ды і затрат на гэта ідзе мала. То камень нейкі цікавы знойдзем, то рэч нікому не патрэбную адшукаем, пафарбуем, прымайструем – і, глядзіш, зноў нешта новае атрымліваецца ўсім на радасць.
Праўда, кветкі – пеларгоніі, бягоніі, петуніі, якія, быццам яркія астраўкі, упрыгожваюць клумбы, жанчыны купляюць за свае сродкі, ды і ваду, каб паліваць кветкі, носяць вёдрамі з дому, хоць у кожнай кватэры стаіць цяпер лічыльнік. Але гэтыя затраты акупляюцца маральным задавальненнем ад утульнасці і прыгажосці.
Свой маленькі райскі куточак жанчыны ствараюць па сваім асабістым жаданні, толькі таму, што любяць чароўнае. На тое, што іншыя жыхары пад’езда да іх спраў калі і далучаюцца, дык толькі парадай, не крыўдуюць.
— У нас, пенсіянераў, больш часу ля дома нешта зрабіць, — заўважае Іна Лявонцьеўна. – Затое, як прыемна ўвечары на лавачцы пасядзець, хараством палюбавацца…
Прыгожы куточак карыстаецца асаблівай папулярнасцю. Каб умясціць усіх, нават лавак раней было мала, давялося змайстраваць яшчэ адну самім жыхарам. Суседзі абменьваюцца навінамі, даюць адзін аднаму парады і, вядома ж, абмяркоўваюць, як зрабіць двор яшчэ больш утульным. Летась на такім вось сходзе суседзяў было вырашана зрабіць прыгожым свой пад’езд. І размовы не засталіся проста размовамі. Дружная суседская сямейка расфарбавала лесвічныя прыступкі, на ўваходзе з’явіліся дыванкі, а каб уваходныя дзверы не псавалі наклееныя паперы, на сцяне была прыбіта спецыяльная дошка аб’яў.
…Пасля некалькіх хвілін размовы з галоўнымі стваральнікамі дваровай прыгажосці, дастаю фота­апарат і выбіраю сюжэт для кадра. У аб’ектыў трапляюць кошыкі, вазоны і нават “цуда-боты”, у якіх растуць кветкі, чароўныя малюнкі на каменнях. На жаль, многае застаецца за кадрам, бо разумею, што чорна-белы здымак не зможа перадаць многія цікавыя дробязі: арыгінальнасць зробленай са старога шлангу змяі, якая прыкрыла сабою каналізацыйны люк, смешны выгляд вырабленага з пластыкавай бутэлькі парсючка з кветкамі і многае іншае, на што хапае фантазіі ў тых людзей, хто сапраўды жадае ствараць прыгажосць там, дзе жыве.
Ужо не раз ішла размова пра тое, каб у горадзе быў арганізаваны конкурс на лепшы двор, а, магчыма, і на лепшы пад’езд. Вынікі гэтага конкурсу маглі б падводзіцца на дні горада. Для энтузіястаў, якія па сваім асабістым жаданні ствараюць прыгажосць для ўсіх жыхароў горада, гэта было б добрай падзякай за іх старанні, а для ўсіх іншых – урокам эстэтычнага выхавання. Думаю, заняцца арганізацыяй гэтага конкурсу і аглядам двароў, прыватных, і агульных, яшчэ не позна.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Іна Лявонцьеўна Жыхар знаёміць са сваім чароўным куточкам.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 10.08.2013 г.

Добавить комментарий


www.topobzor.info

модельный ряд форд

101binaryoptions.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!