Новы клас на колах

атрымалі хаціслаўскія школьнікі

Новы навучальны год яшчэ не пачаўся, а дзеці пачынаюць ужо атрымліваць падарункі. Так, вучням Хаціслаўскай сярэдняй школы напярэдадні свята ведаў быў падораны зусім новы аўтобус.
Уручыць ключы ад такога цудоўнага падарунка прыехалі старшыня райвыканкама Казімір Лапіч і начальнік раённага аддзела адукацыі Таццяна Лаўрэенка. З нагоды такой падзеі некаторыя вучні нават не змаглі сядзець дома, а завіталі ў школу. На ўрачыстасць таксама прыйшлі і маленькія выхаванцы Хаціслаўскага дзіцячага садка.
Як адзначыла Таццяна Міхайлаўна, каштуе аўтобус дорага, таму плацілі за яго напалавіну абласное ўпраўленне адукацыі і раённы бюджэт. Дарэчы, такі ж новы аўтобус, які таксама ўжо набыты, зусім хутка атрымае і Макранская сярэдняя школа. Тэрмін эксплуатацыі такіх аўтобусаў 10 гадоў, таму штодзённа патрэбна сачыць за яго тэхнічным станам. Усяго ў аўтобусе 22 пасадачныя месцы, а калі ён пачынае ехаць назад, то раздаецца спецыяльны гукавы сігнал, каб папярэдзіць іншых. Таксама аўтобус не паедзе тады, калі ў яго адчыненыя дзверы. Ля кожнага пасадачнага месца размешчана кнопачка, і калі на яе націснеш, то аўтобус адразу спыняецца. Вось такая новая сістэма абслугоўвання вучняў.
— Сёння ў нашай краіне шмат робіцца для дзяцей, і гэты новы аўтобус лепшае таму пацвярджэнне, — сказаў Казімір Віктаравіч, выступаючы перад прысутнымі, — гэта нібы вучэбны клас на колах, таму і ставіцца да яго вы павінны беражліва і з адказнасцю. Я думаю, гэта вельмі добры падарунак ад дзяржавы вам. І ўсё для таго, каб вы добра вучыліся, годна паводзілі сябе, бо нам патрэбны добрыя спецыялісты ў самых розных сферах. А таму дзякаваць за такі цудоўны падарунак вы павінны сваёй выдатнай вучобай. Спадзяюся, што так і будзе. Поспехаў вам!
Дзеці падзякавалі за падарунак і паабяцалі, што будуць старанна вучыцца.
Дырэктар Хаціслаўскай сярэдняй школы Аляксандр Агаркаў у сваю чаргу таксама падзякаваў за новы аўтобус і адзначыў, што ўсяго ў школу будуць падвозіць 46 чалавек, а яшчэ 44 — у дзіцячы садок з Мельнік і Сушытніцы, таму такі сучасны аўтобус ім сапраўды быў неабходны.
Потым аўтобус адправіўся ў першы свой рэйс – адвёз дзетак у дзіцячы садок, дарэчы, усе жадаючыя школьнікі, якія прысутнічалі, таксама маглі пракаціцца.
Анастасія Пархамук.
На здымку: старшыня райвыканкама Казімір ЛАПІЧ уручае ключы ад новага аўтобуса яго вадзі­целю.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 14.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.