ВЕРНАСЦЬ

Напэўна, правільным бу­дзе сказаць, што вёска пачынаецца з даяркі. Хто раней за іх прачынаецца? А таксама з той перакананасці ў неабходнасці гэтай работы, пра якую мы ніколі не задумваемся, купіўшы ў магазіне пакет малака. У 5 гадзін ранку, і ніяк не пазней, Вольга Балка, якая працуе на ферме вёскі Вялікі Паўлопаль, на нагах ужо. Падаіўшы ўласную, яна спяшаецца да кароў на ферму, дзе працуе ўжо 28 гадоў. Голас у жанчыны нягучны, але ўпэўнены. Упэўненасць – ад вопыту, якога ёй не пазычаць. У калектыве яна адна з самых старэйшых. Працавітая, адказная. Такой яе тут ведаюць. — З фермай пазнаёмілася яшчэ ў дзесяцігадовым узросце, калі мама тут працавала, — расказвае Вольга Аляксееўна. – Дапамагала, ёй цяжка самой было – уручную тады даілі. Прывыкла, і без гэтай работы сябе не ўяўляла ўжо. Словы банальныя, аднак упэўненыя, і таму выклікаюць павагу. Адзін запіс у працоўнай кніжцы. Амаль тры дзясяткі прайшло, але ж першыя самастойныя дойкі памятаюцца да дробязяў. Напрыканцы іх ледзь на нагах трымалася. Але мацней за стому была цікавасць. Інтарэс той і цяпер не згас. Хоць і працы ручной менш, чым раней: даярка тут робіць толькі тое, што і павінна рабіць, — доіць, а кароў значна больш у групе – за 100, аднак вопыт робіць сваю справу. Вольга заўсёды сабраная, размераная. І, здаецца, таксама размерана дойка праходзіць – учора як пазаўчора, заўтра як сёння. — Кожны раз кожную кароўку трэба падрыхтаваць да дойкі, добра вымя падмыць, — гаворыць Вольга. – Жывёла адчувае: калі даярка ціха сябе паводзіць, то яна таксама спакойная. І аддача добрая тады. Вось такія зусім няхітрыя сакрэты. А ім і ўдача верная. Невыпадкова Вольга Балка прызнана па выніках мінулага года ў ліку лепшых у рэспубліканскім спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення. Паміж тым, калі завяршаецца ранішняя дойка і пачынаецца вячэрняя, Вользе Балка застаецца пяць-шэсць гадзін на хатнія справы – сям’ю, гаспадарку. А яны ў жанчыны немалыя. — Прылягчы днём адпачыць не ўдаецца, — расказвала яна. – Трэба паспець і есці згатаваць, і на градках папрацаваць. А вяртаецца Вольга з фермы, калі дзень змагаецца ўжо з надыходзячай ноччу. Яна любіць гэтыя хвіліны: гукі змаўкаюць, і ўладарыць на зямлі збіраецца цішыня. Цішыня, з якой у яе заўтра пачнецца новы дзень. Ніна СВІЦЮК. НА ЗДЫМКУ: аператар машыннага даення СВК “Дарапеевічы” Вольга БАЛКА.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 14.08.2013 г. 

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!