Лета, сонца, адпачынак… Дзе?

Жнівень – пік сезона адпа­чынкаў. У апошні месяц лета хочацца наведаць тыя мясціны, дзе раней яшчэ не быў. На асабістым аўтамабілі, аўтобусам ці цягніком, самалётам. Адпачынак можа быць танным і дарагім, пляжным і экскурсійным, працяглым і кароткім. Выбар багаты. Трэба толькі вызначыцца. А гэта складана.
Яшчэ ў пачатку чэрвеня я таксама не раз заглянуў у інтэрнэт у пошуках месца для будучага адпачынку. Некалькі разоў нават у думках змяняў маршрут свайго падарожжа: то хацелася пабываць на Ямайцы, Таіці, Мальдзівах, Кіпры, Мальце… Усюды ёсць нешта незвычайнае, спакуслівае і заманлівае. Але кожны раз, калі справа падыходзіла да падлікаў (колькі патрачу грошай), адразу, як кажуць, спускаўся на зямлю. У выніку ўвесь адпачынак правёў дома.
А як правялі адпачынак маларытчане?

Ірына Весялова:
-25 дзён сёлета з дочкамі Марынай і Аляксандрай правяла ў в.Макраны ў бацькоў.Засталася задаволена. Мы ўсе разам і працавалі, і загаралі. Сонца паліла добра, чым не поўдзень.Цэлымі днямі побач з дзецьмі. Гэта такое шчасце і радасць! Разам з дзяўчаткамі мы збіралі чарніцы і маліны, палолі градкі. Ды і на зіму нарыхтавалі многа закатак. Зімоўка будзе (смяецца) сытнай.
Можна было б некуды і паехаць. Але, пераканана, што летні водпуск з карысцю можна правесці і ў родных месцах. Было б жаданне. Адпачыць у вёсцы – значыць, набрацца ўражанняў і здароўя на ўвесь год.
Таццяна Ярмашук:
— Упершыню сёлета пабывалі з мужам і сынам у курортным горадзе Судак (Крым). Туды на 10 дзён ездзілі ра­зам з сям’ёй знаёмых. Паездку запланавалі яшчэ ў студзені. Да Ковеля ехалі на аўтамабілі, да Сімферопаля – на цягніку, а далей амаль 150 кіламетраў – на таксі. Размяс­ціліся ў гасцініцы. Да мора – 5 хвілін пешшу. Увесь адпачынак прайшоў ў экскурсіях і падарожжах. Наведалі замак Ластаўчына гняздо – помнік архітэктуры і гісторыі, які размешчаны на скале; Нікіцкі батанічны сад, заснаваны ў 1812 г.,дзе на плошчы 40 га сабраны ўнікальныя калекцыі дэкаратыўных раслін. Мы таксама пабывалі ў Варанцоўскім палацы ў г.Алупка. Кожны яго пакой індывідуальны, мае свой непаўторны каларыт. Парадная гасціная, напрыклад, упрыгожана разьбой па дрэве і чатырма манументальнымі пано французскага мастака Юбэра Робэра. Не маглі абмінуць і Генуэзскую крэпасць, якая будавалася з 1371г. па 1469г. Яна знаходзіцца на вышыні 157 метраў над узроўнем мора і займае плошчу 30 га. Прагуляліся і па набярэжнай Ялты. Незабыўнымі былі і экскурсіі на цеплаходзе. Плывеш па моры, а за бортам – дэльфіны. Цудоўнае відовішча!
На моры, у цёплай вадзе, былі столькі, колькі дазваляла сонца. А гэта, звычайна, па 5-6 гадзін. А ў апошнія два дні перад ад’ездам на моры быў шторм. Для мяне гэта таксама было нешта незвычайнае.
Шкада, што не пабывала ў гэтых месцах раней. На наступны год плануем зноў паехаць у г. Судак, праўда, ужо ў сярэдзіне жніўня.
Таццяна Іолап:
— Гэтым летам значную частку адпачынку аддала павышэнню, калі можна так сказаць, свайго культурнага ўзроўню. 10 дзён прысвяціла знаёмству з сусветна вядомымі шэдэўрамі расійскай сталіцы. Чырвоная Плошча, Арбат, мастацкі музей “Трэццякоўская галерэя”, дзяржаўны музей А.С. Пушкіна. Не пакінула абыякавым Каломенскае – былая царская рэзідэнцыя, а зараз – мастацкі гісторыка-архітэктурны і прыродна-ландшафтны музей-запаведнік. Тут, у Каломенскім, у храме знаходзіцца абраз Божай Маці “Дзяржаўная”, які вельмі ўшаноўваецца праваслаўнымі вернікамі. Пабывала і ў іншых гістарычных і культурных месцах Масквы.
Другую частку водпуску правяла на сваёй радзіме, у Арлоўскай вобласці. Невялічкі горад Кромы, што знаходзіцца за 36 км на паўднёвым захадзе ад абласнога цэнтра, сустрэў звыклай цішынёй і спакоем. Ён вярнуў мяне на многа гадоў назад, у гады маленства. Я прайшлася па невялічкіх гарадскіх вулачках, зазірнула ў школу, дзе вучылася, сустрэлася з аднакласнікамі і аднакурснікамі. Здаецца, што нікуды так і не з’язджала з роднага кутка. Да болю ўсё знаёмае і, здаецца, што за дзесяцігоддзі, якія прайшлі, нічога не змянілася. Акрамя таго, зноў наведала мемарыяльны і прыродны музей-запаведнік пісьменніка І.С. Тургенева “Спаскае-Лутавінава”. Тут асаблівая аўра, якая станоўча ўздзейнічае на чалавека.
Людміла Грашук:
— Я пабывала ў калысцы трох рэлігій – хрысціянства, іудаізму і ісламу. Пра Святую зямлю ведае кожны. Вось ужо больш за дзве тысячы гадоў у Палесціну накіроўваюцца праваслаўныя паломнікі. Для кожнага сапраўд­нага верніка Святая зямля заўсёды з’яўляецца, напэўна, самым жаданым месцам. Бо тут адбылося ўсё, што звязана з зямным жыццём Ісуса Хрыста. Тут былі пачутыя яго казанні і павучанні, здзейснены вялікія цуды.
Паломніцкі тур на Святую зямлю, які працягваўся 10 дзён, праляцеў вельмі хутка. Кожны дзень быў вельмі насычаным і багатым на ўражанні. Я наведала многія месцы, якія ўпамінаюцца ў Святым пісанні. Іерусалім, Віфліем, Іерыхон, гара Сінай(Егіпет, тут, згодна з вучэннем царквы, Бог з’явіўся Майсею і даў 10 запаведзяў)… Акрамя таго, на свае вочы пабачыла 4 моры: Міжземнае, Мёртвае, Чырвонае і Галілейскае. Ад’язджаць зусім не хацелася.На душы было нейкае незвычайнае пачуццё. На сэрцы – лёгкасць, асалода, адчуванне паўнаты жыцця і задаволенасці ўсім. Склалася ўражанне зямнога раю.Невыпадкова кажуць, што паломнік не турыст. Ён едзе на Святую зямлю не паглядзець, а памаліцца, пакаяцца, духоўна ўмацавацца, абнавіцца.
Вікторыя Мурыгіна:
— Кожны год з мужам мы некуды едзем адпачываць. Сёлета вырашылі з’ездзіць у Еўропу. Запланавалі вясной, а канчаткова прынялі рашэнне ў чэрвені. Спачатку на ўласным аўтамабілі паехалі ў Мюнхен да родзічаў. Гэта – адзін з самых сонечных гарадоў Германіі, які знаходзіцца паблізу Альп і акружаны маляўнічымі азёрамі. Мюнхен здзіўляе мноствам архітэктурных стыляў, якія ўдала спалучаюцца ў будынках. Гэта і барока Італіі, і класіка, і эпоха Адраджэння, і мадэрн, і стыль самой Баварыі, а таксама разнастайныя спалучэнні розных стыляў ў якім-небудзь адным элеменце. Экскурсіі па горадзе праводзілі родныя. Шмат новага і цікавага мы даведаліся пра традыцыі народа і яго культуру, пазнаёміліся з багаццем музеяў, якое збіралася на працягу многіх стагоддзяў. Напрыклад, у Старой пінакатэцы можна ўбачыць творы Леанарда да Вінчы і Рубенса, калекцыі нідэрландскіх і нямецкіх мастакоў ХV-ХVІ стагоддзяў, а ў Новай пінакатэцы – вядомыя палотны Ван Гога і Манэ…
Акрамя таго, з Мюнхена на аўтобусе паехалі ў трохдзённы экскурсійны тур у Парыж. Гэта была рускамоўная група з гідам, які праводзіў экскурсію на рускай мове. Што наведалі? Сабор Нотр-Дам, Луўр (адзін з самых вялікіх музеяў у свеце), Версаль (былая рэзідэнцыя французскіх каралёў), узгорак Манмартр (адзін з кварталаў Парыжа і самая высокая кропка горада над узроўнем мора, дзе знаходзіцца базіліка Сакрэ-Кёр). Убачылі Елісейскія палі, Марсава поле, плошчы Басціліі, Нацыі, Перамог і многае іншае. А яшчэ адзін дзень прысвяцілі Аўстрыі, пабываўшы ў г.Зальцбургу – чацвёртым па велічыні населеным пункце краіны, сталіцы федэральнай зямлі. Яго цэнтральная гістарычная частка ўнесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮнЕска.
На жаль, водпуск праляцеў вельмі хутка. Засталіся яркія ўспаміны, французскія духі, баварскае піва, розныя сувеніры…
Куды ў наступным годзе, пакуль не ведаю. Але мне хочацца пабываць у Іспаніі.
Ала Пятрова:
— Мы з мужам цяпер жывем у Санкт-Пецярбургу ў барскім доме, які пабудаваны ў 1886г. З горадам штодзень знаёмлюся і спрабую яго дасканала вывучыць. Прагулкі, тэатры, выставы… Піцерам захапляюся, любуюся, знаходжу ў ім натхненне для рэалізацыі планаў і задум. У мяне, між іншым, з дзяцінства была мара жыць менавіта ў Паўночнай Пальміры – культурнай сталіцы Расіі. І вось больш чым праз паўвекавы прамежак часу мая мара збылася. Культурна адпачыць у С.-Пецярбургу ёсць усе ўмовы. Аднак да сябе вабіць і прыцягвае Маларыта, з якой звязана мноства нябачных нітачак, што адразу разарваць нельга. За некалькі дзясяткаў гадоў тут усё для мяне стала знаёмым і родным. Без Маларыты мяне ўжо нельга ўявіць. Дык куды ехаць на адпачынак, як не сюды, на поўдзень Беларусі! Прыгожая прырода, цудоўнае Лукаўскае возера, стыльны, акуратны еўрапейскага ўзроўню гарадок… Хіба можна яго прамяняць на іншае месца?! Калі думаю пра Маларыту, то часта згадваю радкі з верша Я.Янішчыц:
Да чужога не звыкліся вочы,
Сэрца цепліць гаючы ўспамін.
Можа, свет пераменіцца тройчы —
Келіх роднага неба адзін!
Андрэй Пятроў:
— Для нас не праблема па­ехаць на адпачынак, напрыклад, у Туніс, Мальту ці іншыя сусветна вядомыя курортныя месцы. Але і Маларыта, лічу, ідэальнае месца для таго, каб набрацца станоўчай энергіі, бадзёрасці, сілы і здароўя. Гэта ведаю з уласнага вопыту, бо шмат дзе давялося пабываць і многае ўбачыць. У Маларыце адпачываю душою і сэрцам. Мне імпануе размераны ўклад жыцця, яго няспешнасць, а таксама — добразычлівыя людзі і ўсмешкі на іх тварах. Я сябе таксама лічу маларытчанінам, бо тут жыў з 1990 г., тут знайшоў сваё шчасце. Але нават калі і гэта не ўлічваць, то Маларыта – усё роўна рай для тых, хто вырашыў камфортна адпачыць. Мы часта гэтага не разумеем, нам здаецца, што недзе можа быць яшчэ лепш.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Опубликовано в «ГЧ» 14.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


ka4alka.com.ua

www.dopingman.com.ua/tabletirovannyie-steroidyi/stanozolol/strombafort.html

101binaryoptions.com