«Упэўнены: у Маларыту будуць ехаць спартсмены»

Трэніровачныя зборы правялі ў Маларыце члены гандбольнай каманды СКА “Мінск”, у якой доўгі час гуляў і наш зямляк Барыс Пухоўскі, член зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па гандболу.
Прапануем увазе чытачоў інтэрв’ю намесніка дырэктара клуба СКА “Мінск” Андрэя Крайнова.

— Андрэй, праінфармуйце, калі ласка, чытачоў нашай газеты, дзе цяпер Барыс Пухоўскі?
— Ён заключыў кантракт на 2 гады з венгерскім гандбольным клубам і ў ліпені пачаў там трэніравацца. Дарэчы, гэты клуб па выніках гульняў чэмпіянату каманд вышэйшай лігі ў тройцы лепшых.
— А ў нашай нацыянальнай зборнай Барыс будзе выступаць ці не?
— Іграком нацыянальнай зборнай Беларусі Барыс застаўся і па дамоўленасці з кіраўніцтвам венгерскага клуба будзе прыязджаць да сябе на радзіму на гульні.
— Вы даўно ведаеце Барыса, гулялі з ім у нацыянальнай зборнай, чым ён Вам сімпатычны як спартсмен?
— Сваёй настойлівасцю, упартасцю ў дасягненні мэты . Ён аддаецца гандболу не на 100, а нават на ўсе 150%. І ў быце, і на трэніроўках, і ў час гульняў Барыс ніколі не ствараў ніякіх праблем. Дзякуй яму, дзякуй яго бацькам, што выхавалі такога цудоўнага чалавека. Калі б у маладых юнакоў, якія спрабуюць свае спартыўныя сілы ў гандболе, было хаця б 50% таго, што ёсць у Барыса, у нас дабавілася б цудоўных ігракоў такога высокага класа, якога дасягнуў Барыс Пухоўскі. Вельмі шкада, што ён пакінуў наш клуб.
— Ведаю, што цяпер у камандзе СКА “Мінск” гуляе яшчэ адзін наш зямляк Андрэй Сацук. Некалькі слоў, калі ласка, скажыце пра яго. Адкуль ён да вас прыйшоў?
— Андрэй прыйшоў да нас з сувораўскага вучылішча. Пакуль яшчэ вельмі рана гаварыць пра нейкія яго спартыўныя здабыткі, бо Андрэй робіць толькі першыя крокі ў спартыўным жыцці. Хваліць яго пакуль не хачу, не хачу і крытыкаваць. Ёсць моманты станоўчыя, да прыкладу, ён добра і настойліва трэніруецца, але ёсць яшчэ і над чым працаваць. Яно і зразумела. З прыходам у новы клуб чалавеку трэба асвоіцца, адчуць дысцыпліну клуба, што патрабуецца ад іграка.
Будзем спадзявацца, што праз нейкі час гэты хлопец раскрые свой гандбольны талент і зможа дасягнуць такога ўзроўню, якога дасягнуў яго зямляк Барыс Пухоўскі. Карацей кажучы, час усё расставіць на свае месцы.
— Андрэй, Вы, напэўна, не першы раз у нашым горадзе?
— Не першы. Я вельмі доўга гуляў у Брэсцкім гандбольным клубе. Мы таксама выязджалі на зборы, тады яшчэ такой базы ў Маларыце не было, і мы ездзілі ў Пінск, Тамашоўку. А апошнім часам трэніруемся ў Маларыце. І скажу, што ўзровень базы вельмі высокі. Ды і не толькі базы. Нам падабаюцца і ўмовы для пражывання, а жывем мы ў шыкоўнай гасцініцы, і харчаванне, і ўзровень абслугоўвання. Усё цудоўна. А самае галоўнае, што ў Маларыце нас заўсёды прымаюць, як самых дарагіх гасцей.
Шчыры дзякуй хацелася б сказаць Генадзю Мікалаевічу Германюку за падтрымку, узаемаразуменне. Асаблівая ўдзячнасць і дырэктару дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Міхаілу Міхайлавічу Улезлу. Ніякіх пытанняў наконт трэніровачнага працэсу, залаў і іншага ў нас з ім не ўзнікае. Ведаю, што Міхаіл Міхайлавіч быў чыноўнікам высокага рангу ў Мінску і думаю, што Маларыта толькі выйграла, маючы ў сябе ў горадзе такога кіраўніка.
Дзякуй і Сяргею Канстанцінавічу Папко, майстру гасцінічнай гаспадаркі, работнікам кафэ. Смачныя яны рыхтуюць стравы, мы ў захапленні і ад культуры абслугоўвання.
Словы ўдзячнасці хацелася б выказаць і кіраўніцтву раёна, якое, адчуваецца, вельмі любіць спорт і стараецца, каб ён у горадзе развіваўся, быў масавым.
Я ўпэўнены, што ў Маларыту будуць ехаць спартсмены не толькі з Беларусі, што база спартыўнага цэнтра будзе загружана пастаянна.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: намеснік дырэктара клуба СКА “Мінск” Андрэй КРАЙНОЎ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 14.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.