ЖЫЦЦЁ, ПАДЗЕЛЕНАЕ НА «ДА» І «ПАСЛЯ»

Год 1986-ы. Гомельская воб­ласць,  горад Брагін. Апош­нія дні красавіка. На вуліцах як заўжды ажыўлена: дзеці бягуць дамоў са школы, дарослыя спяшаюцца па справах. Нязвыклая для гэтага часу спякота… Паветра здаецца расплаўленым ад сонечных промняў. У людзей адчуваецца стомленасць. Яе спісваюць на сонечную актыўнасць. Ніхто і не думае, што сваім нябачным крылом зямлю ўжо накрыла страшная бяда, імя якой – Чарнобыль… Не ведалі тады пра аварыю на ўкраінскай атамнай станцыі, якая знаходзілася ўсяго ў 40 кіламетрах ад Брагіна, Іван Лаўрэнцьевіч і Клаўдзія Васільеўна Рагуля. Яны, як і іншыя брагінскія жыхары, хадзілі на работу, вадзілі старэйшага сына ў дзіцячы сад, з малодшым гулялі па вуліцы, куплялі прадукты, гатавалі ежу і зусім не верылі ў тыя чуткі, якія паўзлі па горадзе. Не верылі, бо не хацелі верыць у тое, што страшныя здагадкі могуць стаць праўдай, той праўдай, што цалкам зламае прывычнае жыццё. Але з кожным днём здагадкі і чуткі станавіліся больш яскравымі, ды і дрэннае самаадчуванне пацвярджала неагучаны факт, што вакол павышаная радыяцыя. Прайшлі майскія святы з традыцыйнымі дэманстрацыямі, і толькі 7 мая было аб’яўлена ў горадзе аб эвакуацыі дзяцей. На 7 аўтобусах маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак з матулямі, а старэйшых (з 6-гадовага ўзросту) саміх, вывозілі дзяцей з радыеактыўнай зоны. У адным з аўтобусаў разам з пяцігадовым Андрэем і аднагадовым Славам ехала Клаўдзія Васільеўна Рагуля. Усё лета 1986 года ёй разам з дзецьмі давялося “качаваць”: спачатку ў прафілакторый пад Гомелем, потым у Мінск, потым пад Барысаў. Але ў канцы лета дзяцей зноў вярнулі ў Брагін. Які ў горадзе ўзровень радыяцыі, Іван Лаўрэнцьевіч, працуючы ў службе аховы раслін, ведаў не па чутках. Дазіметр, паднесены да адзен­ня,  паказваў страшныя лічбы. У той час з горада пачалося ўжо адсяленне ў іншыя, незабруджаныя радыяцыяй месцы. А таму сям’я прыняла рашэнне аб пераездзе.
Наўрад ці нават самыя выразныя словы могуць выказаць той боль, што адчувае чалавек, які за многія гады сэрцам прывязаўся да мясцін, дзе жыў. У горадзе Брагіне Іван Лаўрэнцьевіч, які быў родам з Навагрудка, і Клаўдзія Васільеўна, радзіма якой – Хойніцкі раён, пражылі 14 гадоў.
— Пакідаць такія маляўнічыя мясціны было шкада да слёз. З аднаго боку Прыпяць,  з другога Днепр – прыгажосць, словамі не перадаць. А грыбоў колькі, ды якія грыбы… — успамінала Клаўдзія Васільеўна.
Але давялося пакінуць усё: і чароўнай прыгажосці мясціны, і сваю кватэру, і ўсё нажытае ў ёй.
Эвакуіраваная сям’я, а менавіта такі статус набы­лі Рагулі пры пераез­дзе, ад­правілася спачатку на Віцебшчыну. Але за 7 ме­сяцаў жыцця на новым месцы пераканаліся ў тым, што вільготны клімат не падыходзіць для іх дзяцей, а таму Іван Лаўрэнцьевіч пачаў шукаць новае месца для чарговага перасялення.
— Гэта толькі першы раз цяжка зрывацца з наседжанага месца, а потым ужо хоць на край свету, – жартаваў Іван Лаўрэнцьевіч.
Жартаваў,  бо выбраны ім для жыхарства маларыцкі край,  дзе знайшлася для яго работа па атрыманай ў сельгасакадэміі спецыяльнасці, стаў тым месцам, дзе сям’я жыве ўжо 23 гады. Тут, на Маларытчыне, Іван Лаўрэнцьевіч і Клаўдзія Васільеўна сумленна працавалі, ён — ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, яна – у банку, тут выгадаваліся іх сыны, тут многія сябры, знаёмыя сталі, як родныя.
— З першых дзён у Маларыце мы сустрэліся з дабрынёй людзей. Так атрымалася, што хутка пасля пераезду, а разам з намі ў Маларыту пераехалі бацькі Івана, да нас прыйшло гора. І хоць нас у доме яшчэ амаль ніхто не ведаў, прыйшлі на дапамогу ўсе суседзі. Таму мы з першых дзён зразумелі, што нас акружаюць шчырыя людзі, дзякуючы гэтаму прыжыліся тут хутка, — дзялілася Клаўдзія Васільеўна.
Праўда, не ўсё было гладка. Уладкавацца на працу ў той час, калі ў горад прыехала шмат перасяленцаў, жанчыне было няпроста. Ды і атрыманая доза радыяцыі пачала напамінаць пра сябе – з кожным годам усё часцей даводзілася звяртацца ў бальніцу.
Як ліквідатару вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Івану Лаўрэнцьевічу кожны год даецца магчымасць прайсці абследаванне і лячэнне ў шпіталі ў Бараўлянах. Гэта добрая магчымасць, як лічыць ён, падтрымаць сваё здароўе. А ва ўсім іншым актыўны, аптымістычны і працавіты Іван Лаўрэнцьевіч прывык спадзявацца толькі на свае сілы і на сваю дружную сям’ю.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: у сямейным альбоме Івана Лаўрэнцьевіча і Клаўдзіі Васільеўны Рагуля ёсць нямала фотаздымкаў, якія напамінаюць пра далёкі 1986 год.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


dapoxetine comprar online

www.citroen.niko.ua

www.topobzor.info/google-pixel-i-pixel-xl/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!