“Дзякуй Вам, Уладзімір Іванавіч”

І на гэты раз на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Уладзіміра Іванавіча Пузырэўскага запісалася нямала жыхароў нашага раёна. Але калі аналізаваць пытанні, з якімі яны звярталіся, без перабольшвання можна сказаць, што не ўсе з іх патрабуюць вырашэння на высокім дэпутацкім узроўні. Скажам, пытанні зносу аварыйнага дрэва ля дома ці добраўпарадкавання вуліц у горадзе і населеных пунктах, дарог, двароў ля некаторых дамоў, альбо выкупу дзяржаўнага жылля, ці ўстаноўкі агароджы ля ўласнага дома. Але былі сярод пытанняў і значныя, якія на мясцовым узроўні наўрад ці ўдасца вырашыць. Да прыкладу, такое, з якім прыйшлі да дэпутата жыхаркі Хаціслаўскага сельсавета. А сутнасць яго ў наступным. Калі за Хаціславам будавалі завод “КварцМелПрам”, да канца не ажыццявілі запланаванае. У прыватнасці, не пабудавалі аб’язную дарогу, каб велікагрузныя машыны, што возяць прадукцыю з завода, ішлі не па хаціслаўскай цэнтральнай вуліцы, а ў аб’езд. Рух цяжкагрузаў быў бы не такім страшным і небяспечным, калі б на цэнтральнай вуліцы Леніна ў Хаціславе былі пешаходныя дарожкі ці тратуары. Але іх няма. І людзі, зразумела, у тым ліку і дзеці, а школа якраз знаходзіцца на вуліцы Леніна, ходзяць па праезнай частцы. А хіба гэта не небяспечна?
Сам дэпутат добра разумее, што праблема тут сапраўды ёсць, на мясцовым узроўні яе не вырашыш, таму паабяцаў, што давядзе яе да ведама ўласніка завода, каб той прыняў канкрэтныя меры.
Дэпутацкага садзейні­чання ці ўмяшаль­ніцтва патрабуе і пытанне, з якім ад імя 350 жыхароў вёсак Пажэжын і Масевічы прыйшла на прыём да Уладзіміра Іванавіча Пузырэўскага дырэктар Пажэжынскай школы, мясцовы дэпутат Ніна Пракопаўна Сірота.
Як вядома, не без клопату Уладзіміра Іванавіча крыху раней вырашылася пытанне газіфікацыі вёсак Велікарыта і Лешніца, а вось вёскі Пажэжын і Масевічы, якія некалі далучылі да СВК “Рыта”, засталіся не­газіфікаванымі.
— А людзей тут таксама жыве нямала, — гаварыла Ніна Пракопаўна, — і яны хочуць мець выгоды, якія ёсць у іншых.
Пытанне гэтае, вядома ж, за месяц ці дзень не вырашыш, патрэбна пераглядаць многія планы. Але Уладзімір Іванавіч мае намер добра вывучыць гэтую праблему, “празандзіраваць” яе на рэспубліканскім узроўні і даць жыхарам Пажэжына і Масевічаў канкрэтны адказ. Магчыма, і гэтыя вёскі будуць уключаны ў план газіфікацыі на наступныя гады.
Ёсць надзея і ў жыхароў вёскі Мельнікі, што жывуць па вул. Юбілейнай. І менавіта ў тым, што на іх вуліцы будзе пракла­дзены водаправод. Тым больш, як гаварыла Таццяна Мікалаеўна Кірылава, якая прыйшла на прыём ад імя жыхароў вуліцы, ужо створаны кааператыў, людзі самі гатовы і згодны ўступіць у долю з дзяржавай: унесці пэўны грашовы ўзнос, каб пытанне гэтае станоўча вырашылася.
Сяргей Яфімавіч Сцепанюк, старшыня СВК “Чырвоны партызан”, прыйшоў да дэпутата рэспубліканскага ўзроўню не толькі са сваёй просьбай, але і каб падзякаваць Уладзіміру Іванавічу за садзейнічанне ў вырашэнні пытання будаўніцтва новай фермы.
На прыём да Уладзіміра Іванавіча Пузырэўскага прыйшлі не толькі тыя, хто запісаўся, але і шмат незапісаных. Нікому не было адмоўлена. Дэпутат усіх уважліва выслухаў, даў парады, папрасіў напісаць пісьмы-заявы, каб па фактах, выкладзеных у іх, можна было канкрэтна разбірацца ў кожнай сітуацыі.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Уладзімір Іванавіч ПУЗЫРЭЎСКІ ў час прыёму грамадзян у райвыканкаме.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 21.08.2013 г.

Добавить комментарий


http://oncesearch.com

http://www.farm-pump-ua.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!