Вотчына Ганны Шпетнай

Ганна Шпетная, былы дырэктар Ланской СШ, узнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”. Яна стала трэцім педагогам Маларытчыны, які атрымаў такую высокую дзяржаўную ўзнагароду. Між іншым, знакі “Выдатнік адукацыі” маюць: Вадзім Шпетны, пераможца рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Крыштальны журавель-2001” (2006г.), і Іван Наўрось, дырэктар Збуражскага д/с-СШ (2007г.).

* * *
Ганна Максімаўна – карэнная жыхарка Ланской. Як і ўсе, вучылася ў школе, шмат чытала, дапамагала бацькам па гаспадарцы. А ў душы насіла незвычайную мару.
-Па невядомай мне прычыне хацелася стаць геолагам, — успамінае Ганна Максімаўна. -Вабілі не столькі далёкія краіны. Ведала: гэтая прафесія — для людзей мужных, адважных і адначасова рамантычных і рызыкоўных. Напэўна, хацелася нейкага экстрыму (смяецца). Бо геолагу даводзіцца пераадольваць не адзін кіламетр пешшу, узбірацца на заснежаныя вяршыні гор, спускацца на дно марское, а калі ўзнікае неабходнасць, то ідзе ўрукапашную на дзікага звера…
Аднак Ганна Алесік (дзявочае прозвішча) пасля заканчэння Олтушскай СШ вырашыла стаць тэрапеўтам. Да прафесіі ўрача тады адносіліся з павагай, яна лічылася прэстыжнай. Магчыма, гэта і стала асноўнай прычынай выбару далейшага жыццёвага шляху. Дзяўчына дакументы павезла ў Віцебскі медыцынскі інстытут. Але студэнткай не стала. Хоць уступныя экзамены здала добра, але балаў, каб вучыцца ў ВНУ, не хапіла.
-Не ведаю: добра гэта ці дрэнна, — кажа Ганна Максімаўна. – Магчыма, лёс склаўся б зусім па-іншаму. Я не шкадую, што не стала медыкам. Сябе знайшла ў педагогіцы.
Але настаўнікам стала не адразу. Спачатку працавала бухгалтарам на хлебапякарні, пазней таксама – учотчыкам-касірам.
У Ланской адкрылі васьмігадовую школу. Ва ўстанове адукацыі была вакансія настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Тагачасны дырэктар школы У.М.Русак прапанаваў перайсці на працу ў васьмігодку.
— Я згадзілася адразу, — гаворыць Ганна Шпетная. – Праца на месцы, не трэба думаць, як даехаць да Маларыты. Таму з 15 лютага 1972 г. стала настаўніцай роднай мовы і літаратуры. Вучылася ж разам з вучнямі. Вечарамі доўга сядзела за кнігамі. Да кожнага ўроку старанна рыхтавалася. Даводзілася нялёгка. Ды і ў класах было па 28 чалавек.А летам таго ж года паступіла вучыцца на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага інстытута.
Незаўважна праляцела дзесяцігоддзе. За гэты час Ганна Максімаўна многае паспела зрабіць: атрымала вышэйшую адукацыю, набыла вопыт у працы, павагу ў калег і аднавяскоўцаў, стала высокакваліфікаваным спецыялістам. Аднак галоўным і самым важным дасягненнем яна лічыць не гэта, а стварэнне сям’і і з’яўленне двух сыноў – Вадзіма і Генадзя.
— Я – шчаслівая жанчына, — зазначае Ганна Максімаўна. На некаторы момант яна змаўкае, аб чымсьці думае, а потым дадае: – Цяжка пералічыць усё, што неабходна чалавеку, каб ён стаў і лічыў сябе такім. Што ж адразу ўяўляецца, калі мы чуем словы “жаночае шчасце”? Напэўна ж, галоўнае тут — не вышэйшая адукацыя за плячамі, не паспяховая кар’ера, і нават не поўная шафа адзення. А нешта большае, нематэрыяльнае. Ці магчыма ўявіць жанчыну шчаслівай, калі яна не кахае і некаханая?
З 1 верасня 1982 г. Ганна Шпетная назначана дырэктарам Ланской школы. На гэтай пасадзе яна прапрацавала да 15 лютага 2013 г. Усяго роднай установе адукацыі жанчына аддала роўна 41 год свайго жыцця.
— Я імкнулася быць добрым дырэктарам, — кажа Ганна Максімаўна. – Што значыць “добрым”? Справядлівым, патрабавальным да ўсіх ў роўнай ступені. Мне хацелася “стварыць” калектыў аднадумцаў — творчы, кампетэнтны, прафесійны, які здольны вырашаць хутка і эфектыўна задачы, што пастаўлены. Таму ствараліся адпаведныя ўмовы для раскрыцця кожнага педагога, яго росту. Шчыра радавалася любому поспеху майго калегі, дзе магла, там раіла і падказвала. Сёння многія настаўнікі ўстановы адукацыі вядомы не толькі ў раёне і вобласці, але і ў рэспубліцы.
Ганна Шпетная не любіла застою, таптання на адным месцы. Гэтага ж патрабавала і ад падначаленых. Далікатна, тактоўна, але настойліва, на ўласных прыкладах.Ідэй і планаў у дырэктара заўжды было шмат. І калектыў практычна ўсе з іх падтрымліваў і эфектыўна рэалізоўваў. Акрамя таго, Ланская СШ на працягу многіх гадоў пастаянна знаходзіцца ў ліку прызёраў рэйтынгу ўстаноў адукацыі па выніках навучальнага года.
Ганна Максімаўна як толькі стала дырэктарам, узялася за ажыццяўленне адной задумы. Яна была пераканана, што ў Ланской школа павінна выглядаць не горш, чым у іншых вёсках.
— Таму ўзводзіла ўстанову адукацыі не адзін год, нешта пастаянна хацелася дарабіць у школе, — смяецца мая субяседніца. – Між іншым, яе “будавала” ў 3 этапы. Сёння ўстанова адукацыі выглядае амаль так, як мне хацелася.
Школа – мая вотчына, і я працавала на ёй больш за 4 дзясяткі гадоў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ганна Шпетная, былы дырэктар Ланской СШ, якая ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 21.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вотчына Ганны Шпетнай: 1 комментарий

  • 24.08.2013 в 12:22 пп
    Permalink

    Ганна Максімаўна, самыя шчырыя віншаванні!!!!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.