У новым абліччы

сустрэнуць навучальныя ўстановы дзяцей 1 верасня
Вось ужо амаль і праляцелі самыя доўгачаканыя і самыя вялікія канікулы – летнія. Засталося толькі некалькі дзён, і зноў пачнецца вясёлая школьная пара. Напэўна, бацькі паспелі падрыхтаваць ужо сваіх дзяцей-школьнікаў да новага навучальнага года. Ды і ў саміх установах адукацыі ўсё лета шчыра працавалі, каб годна сустрэць сваіх выхаванцаў.
Як падрыхтаваліся навучальныя ўстановы раёна да сустрэчы са школьнікамі, у чарговы раз (а гэта бывае штогод), праверыла спецыяльная камісія. У склад яе ўваходзяць спецыялісты аддзела адукацыі, прадстаўнікі энергаінспекцыі і санітарна-эпідэміялагічнай службы, іншых ведамстваў раёна. Сёлета такая праверка гатоўнасці школ і дзіцячых садкоў праходзіла з 15 па 20 жніўня.
У першы дзень камісія пабывала ў вёсках Мельнікі, Хаціслаў, Ланская, Арэхава і Олтуш. Хочацца адзначыць, што ўсе ўстановы адукацыі прыемна ўражвалі чысцінёй і дагледжанасцю тэрыторыі, што нельга было не заўважыць.
У гэтым годзе кожная школа, дзіцячы садок рыхтаваліся да новага навучальнага года з не меншай адказнасцю і цярпеннем, чым у мінулыя гады. Пра гэта гавораць пафарбаваныя школьныя калідоры, утульнасць і чысціня абноўленых прыгожымі шпалерамі кабінетаў, цікавыя стэнды, якія прысвечаны самым розным тэмам школьнага жыцця, вялікая разнастайнасць рознакаляровых кветак, чыстыя стадыёны.
Некаторым школам і дзіцячым садкам дапамагалі і мясцовыя гаспадаркі, і бацькі дзетак, але ўсё ж самыя асноўныя задачы выконвалі самастойна.
Настаўнікі, тэхработнікі, ды і самі вучні не сядзелі без справы на працягу лета і, дзякуючы гэтаму, надалі сваім школам і тэрыторыям новы і прывабны выгляд.
Асабліва хочацца адзначыць прышкольныя ўчасткі і ўчасткі ля дзіцячых садкоў. Калі ідзеш па іх, то ўяўляеш сябе, нібы ў казцы.
Напрыклад, у Мельніцкай базавай школе для вучняў стане сапраўдным сюрпрызам маленькі басейн з выкладзеным пліткаю дном. У ім, дарэчы, ёсць і першыя жыхары – чароўныя кветачкі гарлачыкі. А ў Хаціслаўскім дзіцячым садку нельга было прайсці, каб не палюбавацца дзедам і бабай на возе. Увогуле, амаль на ўсіх школьных тэрыторыях ёсць на што паглядзець. Маленькія наведвальнікі Ланскога дзіцячага садка могуць пазнаёміцца з сапраўднай хаткай на курыных лапках і замкам. Усё гэта і шматлікае іншае яшчэ здалёк прыцягвае вока.
Ва ўсіх школах абнавіліся і многія кабінеты, сталовыя, харчблокі, спартыўныя пляцоўкі, вучэбныя майстэрні і кабінеты абслугоўвай працы.
Але падрыхтоўка да новага навучальнага года на гэтым не закончылася. Некаторыя школы атрымалі новае тэхнічнае абсталявання, напрыклад, швейныя машынкі і нават пліты, набылі новую мэблю, камп’ютары. Усё гэта прыемна будзе і для саміх школьнікаў.
Як упэўнілася камісія, ніхто не сядзеў без справы, усе старанна папрацавалі, што прынесла задавальненне і самім работнікам, і тым, хто ўстановы будзе наведваць.
У час праверкі звярталася ўвага не толькі на знешні выгляд школ і дзіцячых садкоў. Вялікая ўвага ўдзялялася пытанням выканання санітарных нормаў, тэхнікі бяспекі. Але, безумоўна, не ўсё адразу можа быць на выдатна. Камісія выявіла некаторыя недахопы, якія ў хуткім часе будуць ліквідаваны. Як адзначыла начальнік раённага аддзела адукацыі Таццяна Лаўрэенка, у гэтым годзе ўсе ўстановы адукацыі раёна годна падрыхтаваліся да новага навучальнага года і прайшлі праверку. Засталася толькі Радзежская школа, куды камісія паедзе 26 жніўня, таму што там яшчэ ідзе капітальны рамонт.
А ў першы навучальны дзень школы ў поўнай гатоўнасці сустрэнуць дзяцей.
Анастасія Пархамук.
На здымку: аб­ноўленыя класы ў чаканні гаспадароў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 24.08.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


http://maxformer.com

http://shah21.com.ua

designprof.com.ua/