Дапамагаючы іншым, дапамагаеш сабе

Мэтай прэс-тура па сацыяльных аб’ектах рэлігійных арганізацый Брэсцкай вобласці, ініцыіраванага аддзелам па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, было паказаць, што рэлігійныя арганізацыі носяць не толькі літургічны характар, а ў іх структуры ёсць месца для аказання дапамогі людзям і грамадству. Удзельнікі паездкі, а імі былі галоўныя рэдактары СМІ вобласці і ўласныя карэспандэнты цэнтральных рэспубліканскіх газет, пабывалі на сацыяльных аб’ектах рэлігійных арганізацый розных канфесій і пераканаліся, што калі чалавека напаткае бяда, ён застаецца адзінокі і яму патрэбна дапамога, яму няважна, пад дабрачынным крылом прадстаўнікоў якой канфесіі ён аказаўся. Галоўнае, ён адчувае дабрыню акружаючых яго людзей, а не толькі тое, што мае дах над галавой.
Цяпер у нашым жыцці нямала праблем сацыяльнага плана. Наркаманія, п’янства, жорсткасць, абыякавасць… Яны сталі сацыяльнымі хваробамі.
— Мы купляем дзецям камп’ютары, мабільныя тэлефоны, прыгожа іх апранаем, але забываем пра самае галоўнае – мала выхоўваем пачуцці любві да бліжняга. І па гэтай прычыне нярэдка старыя застаюцца без клопату з боку дарослых дзяцей. У духоўным выхаванні многае цяпер згублена, ідзе нейкі перакос каштоўнасцей, — гаварыў у час сустрэчы кіраўнік аддзела сацыяльнага служэння Пінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы айцец Сергій Плотніцкі.
Журналісты даведаліся, што тут будуецца рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў, дзе будуць навучаць бацькоў не тэарэтычна, а на рэальным вопыце правільнаму догляду за хворымі дзецьмі, дзе бацькі будуць дзяліцца вопытам паміж сабою. Канцэпцыя сацыяльнага служэння царквы, як падкрэсліваў айцец Сергій, кансалідаваць людзей у іх бядзе, ва ўзаемадапамозе. Мы забываем пра тое, што кожны з нас, калі толькі захоча, можа дапамагчы іншаму чалавеку і атрымаць ад гэтага радасць.
Аддзел сацыяльнага служэння Пінскай епархіі супрацоўнічае са школамі-інтэрнатамі, дзе знаходзяцца дзеці-інваліды. Аддзел з’явіўся 2 гады назад, і на рахунку яго ўжо нямала добрых спраў. Тут вядзецца супрацьабортная работа, работа з сем’ямі, якія аказаліся ў крытычнай сітуацыі, ёсць хоспіс, пачата ўжо рэалізацыя праекта будаўніцтва ў Пінску рэабілітацыйнага цэнтра, які праходзіць стадыю праектавання, а Пінская епархія збірае сродкі на яго рэалізацыю. Вера без спраў мёртвая, а аддзел якраз і займаецца справамі.
Савет па справах дабрачыннасці створаны і ў рэлігійнай абшчыне “Рымска-каталічны прыход Святых Пятра і Паўла ў Лагішыне”. Лагішынскі дом міласэрнасці прытуліў пад сваім дахам 43 чалавекі. У асноўным гэта адзінокія людзі з усёй Беларусі, незалежна ад веравызнання – тут жывуць і католікі, і праваслаўныя, і вернікі іншых рэлігійных канфесій, аб’яднаныя адзіноцтвам. Яны адчулі, як расказваў у час знаёмства з установай ксёндз Тадэуш Шэшко, што пражываюць нібы ў сябе дома, а не толькі маюць дах над галавой. Бытавыя ўмовы цудоўныя, акрамя медперсаналу, іншых работнікаў, сюды нярэдка прыходзяць валанцёры. Дом міласэрнасці ў Лагішыне стаў домам культуры для ўсяго пасёлка. Часта прыязджаюць артысты, даюць канцэрты. І жыхары дома, як падкрэсліваў Тадэуш Шэшко, за той час, калі яны тут знаходзяцца, а дом працуе толькі другі год, за сваё жыццё не атрымалі столькі культурнай ежы, колькі атрымалі яе тут.
На ўтрыманне ўстановы ідуць сродкі пенсіянераў. Згодна з дагаворам, які заключаецца, адлічваецца 80%. Аднак іх не хапае. Кіраўніцтва пастаянна шукае спонсараў. Дапамагаюць прадукцыяй мясцовыя сельгаспрадпрыемствы. Наколькі гэтая дабрачынная ўстанова запатрабавана, сведчыць наступны факт: у чарзе, каб трапіць сюды, на сённяшні дзень стаіць 31 чалавек.
Дом міласэрнасці, як расказваў Тадэуш Шэшко, яго пастаяльцы называюць сваім родным домам, бо тут да іх адносяцца, як да ўласных бацькоў.
У аграгарадку “Святая Воля” ў Івацэвіцкім раёне пры мясцовым храме на сродкі прыхаджан будуецца падобны дабрачынны прытулак, трохпавярховы будынак якога ўзведзены ўжо.
Тут, як расказаў настаяцель царквы айцец Мікалай, будуць прымаць пастаяльцаў незалежна ад узросту і веравызнання. Дом разлічаны на 48 месцаў.
Як сацыяльная дапамога аказваецца не толькі дарослым, але і дзецям, удзельнікі прэс-тура маглі ўбачыць, наведаўшы дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Жамчужынка” Саюза ЕХБ у Рэспубліцы Беларусь і Дом міласэрнасці ў вёсцы Імянін Кобрынскага раёна. Мэта дзейнасці цэнтра “Жамчужынка”, які дзейнічае ўжо 19-ы год, — аздараўленне фізічнае і духоўна-маральнае. Тут не практыкуецца паказ баевікоў. Ёсць свая паліклініка, дзе ўсе дзеці праходзяць ультрагукавое даследаванне, лечацца ва ўрача-стаматолага, праходзяць лабараторную дыягностыку. За 6 змен па 2 тыдні Цэнтр прымае за лета 1200 дзяцей вернікаў розных канфесій з усёй рэспублікі: 8 краін удзельнічаюць у фінансаванні гэтага праекта. Тут жа крыху больш за год назад пачаў працаваць Дом міласэрнасці. Вернікі выкарысталі будынак былой афіцэрскай казармы, і атрымалася вельмі запатрабаваная ўстанова з цудоўнымі ўмовамі знаходжання. З розных куточкаў Беларусі сюды з’ехаліся тыя, каго патрэбна даглядаць, хто хворы і адзінокі. Пастаяльцаў тут 25. Яны пражываюць у адна-двухмесных пакоях. Па іх словах, адчуваюць сябе ўтульна і душэўна камфортна, жывуць адной сям’ёй.
На хутары Вяжное ў Пружанскім раёне журналісты пазнаёміліся з жыццём скіта і сацыяльным служэннем Свята-Нараджэння-Багародзічнага жаночага манастыра, дзе матушка Аляксандра паказала новыя пабудовы, якія выраслі на хутары ў апошні час. У іх размясціліся келлі манахінь, іканапісная майстэрня, трапезная. Побач з імі будуецца гасцініца, якая будзе прытуляць абяздоленых, дазволіць жыхарам скіта зарабляць на хлеб надзённы не толькі працай на сваіх участках, але і турызмам. Балазе, у некалькіх дзясятках метраў ад скіта летась у Белавежскай пушчы завершана будаўніцтва аб’язной дарогі. Акрамя таго, побач – і асвечаная ля дарогі крыніца, якая прыцягвае вандроўнікаў.
Кожны аб’ект, што наведалі, напаўняў душу дабрынёй. Пачуцці прымушалі парадавацца за тых людзей, якім аказваецца дапамога, і за тых, хто займаецца гэтымі дабрачыннамі справамі. Дапамога патрэбна, як гаварыў Сяргей Плотніцкі, не толькі тым, хто мае ў ёй патрэбу, а найперш за ўсё нам самім. Бо дапамагаючы іншым, мы ў першую чаргу дапамагаем сабе. Праз міласэрнасць, праз дабрачыннасць мы становімся высакародней. Бо самае страшнае ў жыцці – гэта абыякавасць.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: храм Узвіжання Крыжа Гасподняга ў в. Святая Воля Івацэвіцкага раёна; сустрэча ў Лагішынскім Доме міласэрнасці.

Опубликовано в «ГЧ» 24.08.2013 г. 

Добавить комментарий


steroid-pharm.com/

medicaments-24.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!