ПРАДАВЕЦ — ТВАР МАГАЗІНА

У Маларыце прайшоў ХХVІІІ традыцыйны конкурс прафесійнага майстэрства сярод прадаўцоў магазінаў спажыўкааперацыі “Лепшы па прафесіі”.
У ім прыняло ўдзел 26 работнікаў прылаўка, якія прадстаўлялі 16 райспажыўтаварыстваў вобласці. Дарэчы, гонар нашага Маларыцкага райспажыўтаварыства абаранялі прадавец прадуктовых тавараў Дзіна Астапук і прадавец прамысловых тавараў Таццяна Кулічык.
Заданне першай часткі конкурсу ўдзельнікі выконвалі ў гарадскім Доме культуры. А перад пачаткам адбылося ўрачыстае адкрыццё свята. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні праўлення аблспажыўсаюза Дзмітрый Глушынскі. Ён, у прыватнасці, сказаў:
— Гандаль – галоўная галіна спажывецкай кааперацыі. Прадавец першым сустракае пакупніка і ў вялікім гарадскім, і ў маленькім сельскім магазіне, а таму менавіта ад яго залежыць, заваюе магазін пакупніка ці не.
Дзмітрый Уладзіміравіч пажадаў удзельнікам конкурсу поспехаў, а таксама падзякаваў маларыцкім гаспадарам за гасціннасць.
Да прысутных звярнуліся таксама старшыня праўлення Маларыцкага райспажыўтаварыства Алена Цімашэнка, намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кан­дзярэшка, Зоя Белавусава, якая часова выконвае абавязкі начальніка ўпраўлення гандлю і грамадскага харчаваня аблспажыўсаюза.
Пасля пачаўся конкурс. Першым заданнем была “Візітная картка”. Кожны павінен быў за 5 хвілін прадставіць сябе, сваё месца працы, расказаць аб тым, чаму ён абраў менавіта прафесію прадаўца. У гэтым заданні ацэньваўся і знешні выгляд удзельнікаў. Трэба сказаць, што ўсе канкурсанты добра падрыхтаваліся і за 5 хвілін раскрылі свае таленты. Хто расказваў пра сябе ў вершаванай форме, хто ў музычнай, хто паказваў відэа, прэзентацыю, а хто проста шчыра расказваў аб сваім жыцці. А прадавец Пружанскага райспажыўтаварыства ўвогуле і спявала, і танцавала, нават вершы чытала. Але было ва ўсіх удзельнікаў конкурсу агульнае – яны з любоўю гаварылі аб сваёй прафесіі, дзякуючы чаму пераконваўся, што гэтыя жанчыны ведаюць сваю справу.
Кранулі словы ўдзельніцы конкурсу, якая прадстаўляла Ляхавіцкае райспажыўтаварыства. Яна адзначыла: “Думала, што прафесія прадаўца – гэта прылавак, каса, тавар, але пасля зразумела, што гэта вялікая праца. А яшчэ прадавец – крыху і псіхолаг. Бо людзі ўсе розныя, камусьці параіць нешта патрэбна, камусьці проста ўсміхнуцца, а ў кагосьці спытаць, як справы. І калі прыходзяць людзі і дзякуюць за працу, адразу ж забываеш пра ўсё дрэннае, хочацца працаваць яшчэ лепш.
Другое і трэцяе заданні трэба было выконваць канкурсантам ужо ў маларыцкіх магазінах. Прадаўцы прадуктовых тавараў працавалі ва ўніверсаме “Родны кут”, а непрадуктовых – ва ўнівермагу, у магазінах “Тэхніка”, “Гаспадарчыя тавары”, “Бусляня”. Спачатку ўдзельнікам конкурсу трэба было падрыхтаваць сваё рабочае месца, а затым абслугоўваць пакупнікоў. На мой погляд, работнікі прылаўкаў добра і старанна выканалі заданні. Калі працавалі з пакупнікамі, а тыя нават не ведалі, што гэта канкурсанты, усіх уразілі сваёй ветлівасцю, высокай культурай абслугоўвання. Адна з пакупніц, Наталля, шчыра прызналася: «Адно задавальненне, калі цябе так ветліва і культурна абслугоўваюць такія прыемныя прадаўцы. У магазін да такіх кожны дзень хочацца хадзіць».
Згадзіцеся, што гэта самая галоўная ацэнка працы любога прадаўца.
Пасля першага этапу адбылося пасяджэнне камісіі, дзе былі падведзены вынікі, а таксама названы 10 удзельнікаў фінальнага этапу. Чацвёртае заданне для іх было праверкай на веданне правілаў гандлю, Закона аб абароне правоў спажыўцоў, санітарных нормаў і правілаў, мерчэндайзінгу. Пытанні былі нялёгкія, таму фіналістам было над чым падумаць.
Што датычыцца пятага задання, дык яго выконвалі ўсе ўдзельнікі конкурсу, бо за гэтае заданне быў асобны прыз. Заданне называлася “Рэклама тавару”. Кожны ўдзельнік за 5 хвілін павінен быў прарэкламаваць той тавар, які яму трапіў. Пры выкананні гэтага задання неабходна было праявіць як прафесійныя здольнасці, так і фантазію. Дарэчы, хочацца адзначыць, што ўдзельнікаў конкурсу цудоўна і па-сяброўску падтрымлівалі гледачы, якія завіталі ў той дзень у гарадскі Дом культуры. Увогуле ўся атмасфера была святочная і добрая.
Зноў засядала камісія, на гэты раз былі падве­дзены канчатковыя вынікі ХХVІІІ абласнога конкурсу прадаўцоў магазінаў спажывецкай кааперацыі “Лепшы па прафесіі”.
Лепшымі ў конкурсе былі прызнаны Алеся Семянчук з Пружанскага, Вольга Раковіч з Лунінецкага райспажыўтаварыстваў. Другія месцы прысуджаны Анжэле Волкавай з Кобрынскага, і Ірыне Левашкевіч з Лунінецкага, Вераніцы Абрамовіч з Баранавіцкага, Людміле Янушчык з Драгічынскага райспажыўтаварыстваў. У ліку тых, каму камісія прысудзіла трэція месцы, — прадаўцы Маларыцкага райспажыўтаварыства Таццяна Кулічык і Дзіна Астапук, а таксама Вольга Саўчук са Столінскага і Ала Скрыбунова з Камянецкага райспажыўтаварыстваў.
Пераможцы і ўдзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі.
Конкурс даў магчымасць кожнаму, хто ў ім удзельнічаў, праверыць свае прафесійныя навыкі, падарыў пазітыўны зарад энергіі, пакінуў цудоўныя ўражанні, з якімі і паехалі дамоў канкурсанты. А вось пераможцам яго трэба будзе рыхтавацца да чарговага – рэспубліканскага конкурсу. Мы ў сваю чаргу пажадаем ім поспехаў.
Анастасія ПАРХАМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час конкурсу.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 24.08.2013 г.

Добавить комментарий


Сashbery mmgp

profvest.com/2017/10/airlanes-logitech-hyip-otzivi-obzor.html

www.profvest.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!