МАЦЯРЫНСКІ КРЫЖ

Ніхто з нас не ведае, што кожнаму наканавана лёсам, якія выпрабаванні давядзецца перажыць на сваім вяку. Не ведала і яна, Праскоўя Георгіеўна Пішчык, што радасць нараджэння першынцаў будзе азмрочана вялікімі непрыемнасцямі.
Тады, у 70-ыя гады, не было яшчэ ў нашых раённых бальніцах і паліклініках, ды і ў абласных, дасканалай медтэхнікі, пры дапамозе якой можна было б на пэўным тэрміне цяжарнасці, як цяпер, вызначыць і пол, і паталогію плода, калі такая ёсць, адно маці дзіця пад сэрцам носіць ці некалькі. А ў Пашы былі блізняты. Гінеколагі гэтага не ўстанавілі, сказалі толькі, што плод вялікі і роды будуць не з лёгкіх. Так яно і атрымалася. Праўда, цяжкасці былі выкліканы зусім іншым.
Калі першынец, Сяргей, аб сваім з’яўленні на свет даў ведаць гучным “а-у”, ніхто не падумаў, што там, ва ўлонні маці, застаўся яшчэ адзін маленькі чалавечак, які задыхаўся ад недахопу кіслароду.
26-гадовая Паша знемагала ад жудаснага болю, але ніхто асаблівага значэння гэтаму не надаў, маўляў, звычайная пасляродавая сітуацыя. Але калі дзяжурны урач-гінеколаг абласной бальніцы прыйшоў у палату і па настойлівай просьбе жанчыны яшчэ раз агледзеў яе, высветлілася, што ва ўлонні маці яшчэ адзін плод. Дыханне яго не праслухоўвалася, урачы зрабілі вывад, што дзіця нежывое, таму пачалі прымаць усе магчымыя меры, каб выратаваць маці. Другое дзіця Пашы, Віктар, з’явіўся на свет без прыкмет жыцця.
— 45 хвілін урачы Віцьку ратавалі, — успамінае той далёкі дзень мая субяседніца. — Ён, нарэшце, пачаў дыхаць, але мне сказалі, што ў Віцькі цэрэбральны параліч, і што такія дзеці могуць пражыць 4, найбольш 8 гадоў, што ў іх ужо ў хуткім часе адмірае галаўны мозг і да т.п. Віцьку, калі ажывілі, — расказвала далей Праскоўя Георгіеўна, — ад мяне забралі ў асобую палату, мяне туды не пускалі. А мне ж хацелася яго пабачыць. Падпільную момант, калі нікога няма, прыадчыню дзверы, загляну, бачу, ён соску смокча, што на бутэлечцы з харчаваннем. Паплачу, паплачу і пайду.
Прафесар, у якога Паша цікавілася наконт захворвання Віцькі, намякнуў, што хлопчыка лепш аддаць у дзіцячы дом, бо цяжка будзе з ім. А Паша адказала: “Якога нарадзіла, такога і буду гадаваць”.
Таму, у каго няма цяжка­хворага дзіцяці, нават і ўявіць немагчыма, як гэта – жыць, быць, калі побач пакутуе твая крывіначка. Разрывалася мацярынскае сэрца ад болю і жалю, але маці ніколі не паказвала сыну-інваліду, што ёй цяжка. Калі плакала, дык каб ён не бачыў. І шукала паратунак, добрых спецыялістаў, вычытвала адрасы ў газетах і часопісах. Мацярынскае сэрца спадзявалася, што Віцьку дапамогуць. Надзея ж памірае апошняй. Куды толькі Віцьку не вазілі: у Маскву, на Украіну, да вядомых прафесійных спецыялістаў, прафесараў, кастаправаў, народных лекараў, але ўсе гаварылі адно: “Такая хвароба не лечыцца”. Праўда, адзін маскоўскі прафесар прапаноўваў зрабіць Віцьку аперацыю спачатку на адно паўшар’е галаўнога мозга, а затым і на другое. Але маці на гэта не згадзілася, каб яшчэ больш не нашкодзіць сыну.
Цяпер Віктару Пішчыку 41 год. Ён чытае (некалі бабуля Ганна навучыла), усё добра разумее, можа падтрымаць любую размову, цікавіцца падзеямі ў свеце, краіне, раёне, вёсцы, ведае знакамітасцей, перадавікоў вытворчасці, неабыякавы да тэхнікі. А яшчэ Віктар вельмі любіць свайго брата Сяргея, пляменнікаў, а іх у яго трое. Але найбольш любіць маму. Ён добра разумее, што яна яго выратаванне, тое прамяністае святло, якое грэе, дае энергію, сілы і вялікую прагу да жыцця.
— Сынок, кажу неяк Віцьку, — не можа без слёз гаварыць Праскоўя Георгіеўна, — дай Бог, каб мы з табой у адзін дзень памерлі. А ён мне ў адказ: “Мама, ну што ты пра смерць гаворыш, мне так хочацца жыць. Цяпер так добра жыць. Хачу, каб мы доўга-доўга жылі”.
Не, за 41 год яна не стамілася даглядаць за сынам, як за малым дзіцём. Ёй не надакучыла з лыжачкі карміць яго, паіць. Яна па-ранейшаму з задавальненнем і ўсё той жа мацярынскай цеплынёю гатуе яго любімыя стравы, мые яго, апранае, прычэсвае валасы. Яна не злуецца, нават калі трэба садзіць ці капаць бульбу, і ахвотна вязе Віцьку па яго просьбе на калясцы на стадыён, дзе гуляюць хаціслаўскія футбалісты з маларыцкімі (ён вялікі аматар футбола). Ёй няцяжка падняцца сярод ночы, калі Віцька просіць падаць яму вады ці паправіць падушку, якая раптам спаўзла. Яна сабе ў нечым адмовіць, сабе нешта не купіць, а яго парадуе новай моднай майкай ці красоўкамі. Яна не шкадавала і не шкадуе сябе для Яго. Яна цярпліва і пакорліва нясе свой крыж.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: “Ты маё выратаванне, мама!”.
Фота Ніны СВІЦЮК.
в. Хаціслаў.

Опубликовано в «ГЧ» 28.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://salon-svadebny.com.ua/

https://ford.niko.ua

gepatite.com