Перш, чым за стол сесці, падумайце, што з’есці

Што такое здаровае рацыянальнае харчаванне, якім яно павінна быць для дзяцей і дарослых? Як уплывае харчаванне на здароўе чалавека? Ці ёсць шкодныя прадукты? Наколькі “здаровая” тая прадукцыя, што выпускаецца на прадпрыемствах нашага горада, хто і як кантралюе сыравіну і якасць выпускаемых прадуктаў — пра гэта і іншае гаварылі ўдзельнікі “круглага стала”, які быў арганізаваны нядаўна ў рэдакцыі райгазеты “” і ў якім прымалі ўдзел урач-валеолаг райбальніцы Вольга Кавалеўская, галоўны санітарны ўрач раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзімір Кляцко, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Аляксандр Мартынюк, вядучы інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання райспажыўтаварыства Соф’я Улезла, начальнік вытворча-выпрабавальнай лабараторыі ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” Кацярына Паздзяйкіна і педыятр, загадчык дзіцячага аддзялення райбальніцы Дзмітрый Станкевіч.

Ірына Касцевіч:
— Згодна з дадзенымі сусветнай арганізацыі аховы здароўя на 50-55% здароўе чалавека залежыць ад ладу жыцця, на 20-25% — ад знешняга асяроддзя, на 15-10% — ад генетычнай схільнасці і толькі на 10% — ад дактароў. Таму шлях да яго знаходзіцца не ў руках медыкаў, не ў сценах бальніц і паліклінік, не ў аптэчных кіёсках, ён унутры кожнага з нас. Трэба толькі знайсці гэты правільны шлях. Давайце пачнем з таго, што такое здаровае рацыянальнае харчаванне?
Аляксандр Мартынюк:
— Рацыянальнае харчаванне – гэта фізіялагічнае паўнацэннае харчаванне здаровых людзей з улікам іх вагі, узросту, характару працы, кліматычных умоў пражывання. Рацыянальнае харчаванне садзейнічае захаванню здароўя, супраціўляльнасці шкодным фактарам навакольнага асяроддзя, высокай фізічнай і разумовай працаздольнасці, актыўнаму даўгалеццю.
Вольга Кавалеўская:
— У рацыянальным харчаванні ёсць тры асноўныя прынцыпы, якія мы павінны ведаць, каб харчавацца правільна. Што гэта за прынцыпы?
Аляксандр Мартынюк:
— Першы і адзін з самых важных – гэта энергетычная збалансаванасць харчавання. На жаль, чалавек не можа атрымліваць энергію ад сонца, як расліны, і не можа зара­джацца ад электрычнай сеткі, як акамулятарная батарэя. Сваю энергію ён атрымлівае з ежы, такім чынам, прыём яе ёсць паступленне энергіі. Прычым, паступленне гэтай энергіі павінна ўзгадняцца з расходаваннем. А гэта ўжо залежыць ад таго, якога полу чалавек, якога ўзросту, якой працай ён займаецца, і ад многага іншага. Прыход энергіі павінен раўняцца расходу. Аднак у сілу традыцый нашай кухні ў нас атрымліваецца перавага ў бок прыходу. Мы па-ранейшаму ўжываем вельмі шмат хлеба, бульбы, жывёльных тлушчаў, цукру і прыводзім свой арганізм да пэўнага дысбалансу. Карацей кажучы, мы назапашваем энергіі больш, чым расходуем. На самой справе чалавеку патрэбны не пэўны аб’ём ежы, а энергетычная каштоўнасць таго, што ён спажыў.
Другі прынцып – гэта разнастайнасць і збалансаванасць у харчаванні. Каб быць здаровымі, кожны дзень мы павінны атрымліваць з ежы да 70 розных рэчываў. Сярод іх усім добра вядомыя бялкі, тлушчы і вугляводы. Усе яны павінны быць у штодзённым рацыёне. Зразумела, гэтыя рэчывы нам неабходныя ў рознай колькасці. Да прыкладу, вугляводаў, з якіх наш арганізм выпрацоўвае энергію, павінна быць больш чым бялкоў альбо тлушчаў. Але і выключаць нейкае з гэтых рэчываў недапушчальна. Таксама немагчыма, насуперак меркаванням вегетарыянцаў, цалкам замяніць жывёльныя бялкі расліннымі, бо без мяса рацыён кожнага з нас не будзе паўнацэнным, асабліва рацыён дзяцей.
Акрамя тлушчаў, бялкоў і вугляводаў нашаму арганізму неабходны вітаміны і мінеральныя рэчывы, якіх вельмі шмат у садавіне і гародніне. Хачу толькі дадаць, што не ўсе вітаміны добра засвойваюцца, калі іх не спалучаеш з іншымі прадуктамі. Скажам, морква для ўмацавання зроку карысна толькі тады, калі яе ўжываюць са смятанай.
Трэці прынцып рацыянальнага харчавання – гэта захаванне рэжыму. Каб не нашкодзіць арганізму, трэба есці ў адны і тыя ж гадзіны, лепш за ўсё 3-4 разы ў дзень. Менавіта гэтая колькасць прыёмаў ежы лічыцца аптымальнай. Спецыялісты рэкамендуюць есці з 8 да 9, з 13 да 14, з 17 да 18 гадзін.
Яшчэ адзін важны момант: колькасць ежы ў кожны прыём. Памятаеце прымаўку: “Ужин нам не нужен”? Усё правільна, якраз на вячэру трэба з’ядаць меншую колькасць ежы, а вось сняданак у пачатку працоўнага дня – час добра паесці, лепш, чым у абед.
Калі падагульняць сказанае, рацыянальнае харчаванне – гэта не дыеты і не асобая строгасць для свайго арганізма, гэта тая норма, засвоіўшы якую, арганізм палепшыць сваё самаадчуванне.
Вольга Кавалеўская:
— Няма чаго граху таіць: узровень ведаў аб правільным збалансаваным здаровым харчаванні ў нашых грамадзян вельмі нізкі. На жаль, веды асноў дыеталогіі і рацыянальнага харчавання і ў многіх медыцынскіх работнікаў таксама вымушаюць жадаць лепшага. Прычым, даследванні паказваюць, што структура харчавання ўсяго нашага грамадства церпіць сур’ёзныя змяненні ў бок змяншэння ўжывання найбольш біялагічна каштоўных харчовых прадуктаў і павелічэння колькасці непаўнацэннай мяккай рафінаванай ежы. У нашым харчаванні катастрафічна не хапае клятчаткі і грубых харчовых валокнаў, прыродных вітамінаў і мікраэлементаў. Такое харчаванне здаровым не назавеш.
Аляксандр Мартынюк:
— Характэрнай прычынай такога дысбалансу харчавання з’яўляецца вялікае спажыванне белага хлеба і здобных хлебапрадуктаў, бульбы, тлушчаў жывёльнага паходжання і недастатковае спажыванне сапраўднага жывёльнага бялку, які ўтрымліваецца ў рыбе, яйках, мясе; нерафінаваных алеяў, зерня злакавых культур, свежых гародніны і садавіны, арэхаў і ягад.
Менавіта змяненнем статуса і саставу харчавання тлумачыцца вельмі імклівы рост колькасці людзей з лішняй вагой цела і атлусценнем – асноўнай прычынай такіх захворванняў, як цукровы дыябет, атэрасклероз, гіпертанічная і ішэмічная хваробы сэрца. Няправільнае харчаванне выклікае захворванні шчытападобнай залозы, жалезадэфіцытную анемію, алергічныя рэакцыі.
Ірына Касцевіч:
— Мне здаецца, што цяпер у нас няма магчымасці харчавацца сапраўднымі прадуктамі, бо амаль усе яны вырабляюцца з дабаўкамі, нават хлеб.
Аляксандр Мартынюк:
— Гэта так, але не ўсё тое, што мы спажываем, вырабляецца на заводах. Да здаровай ежы адносяцца садавіна і гародніна, вырашчаныя без хімічных угнаенняў у экалагічна чыстых месцах; арэхі, насенне сланечніку, ягады, асабліва лясныя; кісламалочныя прадукты сапраўднай закваскі; мюслі, хлеб з мукі грубага памолу з вотруб’ем, мёд, стравы з натуральнага мяса, птушкі, свежай рыбы, прыгатаваныя беражлівымі спосабамі – адвараныя, на пары, морапрадукты.
Вольга Кавалеўская:
— А ці існуюць шкодныя прадукты?
Аляксандр Мартынюк:
— У рэйтынгу самых шкодных прадуктаў рафінаваная белая мука вышэйшых гатункаў займае першае месца. Наразны батон не з’яўляецца паўнацэнным хлебам. Гэта здоба з усімі шкоднымі вынікамі. На другім месцы рафінаваны цукар. Звязка «цукар-рафінад плюс белая мука» — гэта практычна 100%-ны варыянт атрымаць цукровы дыябет, сардэчна-сасудзістыя захворванні, атлус­ценне, рак і інш.
Трэцяе месца на “п’едэстале гонару” займаюць рафінаваныя алеі, з якіх у працэсе ачысткі, падобна белай муцэ, выдаляюцца літаральна ўсе біялагічна актыўныя кампаненты, што не даюць магчымасці доўга яго захоўваць, у тым ліку і вітамін Е, які з’яўляецца самым моцным антыаксідантам. Цяпер алей мы ператвараем у дыстыляваную ваду, што практычна раўназначна яго поўнаму выключэнню з рацыёну харчавання. На чацвёртым месцы ў рэйтынгу самых шкодных прадуктаў знаходзіцца ачышчаны белы рыс, з якога ў працэсе прамысловай перапрацоўкі цалкам выдаляюцца рысавы зародыш і зерневая абалонка.
Ірына Касцевіч:
— І што ж рабіць з усімі гэтымі рэйтынгамі?
Аляксандр Мартынюк:
— Усё проста: трэба старацца спажываць толькі сапраўдныя нерафінаваныя прадукты. Трэба ўзяць гэта за правіла, і глытаць таблеткі – дарагія ці танныя –давядзецца вельмі рэдка.
Уладзімір Кляцко:
— Існуе неабгрунтаваны міф, што харчавацца правільна дорага. Толькі давайце падумаем: кашы, садавіну ці гародніну, якія вельмі карысныя для нашага арганізма, якія ёсць у нас і кожнаму даступныя па цане, мы купляем не надта часта, а вось газіраваныя напоі, чыпсы, прадукты кансервацыі нас прыцягваюць больш і часцей. Ды і каштуюць яны не надта танна. Чаму прыцягваюць? Зноў жа, напэўна, тэндэнцыя недасведчанасці аб карысці і шкодзе першых і другіх прадуктаў, рэклама не здаровай ежы, а наадварот, шкодных прадуктаў. А яна ж заманьвае. І чалавеку хочацца паспрабаваць на смак тое, што больш прываблівае чыста знешне. Вазьміце дзяцей. Яны ўбачаць у магазіне тавар у прыгожай упакоўцы, паспрабуюць на смак, і не адарваць іх ад тых чыпсаў і чупа-чупсаў. Вельмі часта бацькі падтрымліваюць дзяцей, ахвотна купляюць ім гэтыя прадукты. А купляць не трэба. Дарослыя, як маленькія дзеці, часта наступаюць на тыя ж самыя граблі.
Мне здаецца, што сістэма нашага харчавання вельмі змянілася ў 90-я гады, калі рэклама заняла пазіцыю моцнага агітатара. Ды і прадукцыя, што выпускаецца з кансервантамі, улічваючы асаблівасці закрытага рынку, не была такой даступнай, як цяпер, у меншай колькасці і менш разнастайнай. Дастаткова паглядзець на тэрміны прыдатнасці таго ці іншага прадукта і можна, калі ты дасведчаны, зрабіць правільны вывад для сябе. Натуральныя прадукты 2 ці 3 гады захоўвацца не могуць.
Чаму мы выбіраем не карысныя прадукты, а шкодныя? Не сакрэт, што айчынная прадукцыя вельмі часта ўступае замежнай у адносінах маляўнічасці і яркасці афармлення ўпакоўкі, менш рэкламуецца ў сродках масавай інфармацыі, што, у сваю чаргу, станоўча адбіваецца на яе канчатковай цане. Такім чынам, беларускія прадукты атрымліваюцца найбольш якаснымі і бяспечнымі ў сваім цэнавым дыяпазоне ў параўнанні з вядомымі замежнымі брэндамі, якія часта рэкламуюцца. Кошт іх можа на 50-70% складацца са сродкаў, затрачаных на рэкламу. Акрамя таго, менавіта павышэнне якасці прадукцыі і павышэнне яе біялагічнай каштоўнасці пакладзена ў аснову работы айчынных прадпрыемстваў харчовай прамысловасці. Гэта дасягаецца за кошт укаранення новых сучасных тэхналогій і мадэрнізацыі існуючых, пашырэння асартыменту выпускаемых відаў прадукцыі, павелічэння колькасці вялікіх і малых прадпрыемстваў харчовай прамысловасці.
Калі гаварыць пра наш раён, у нас ёсць усе ўмовы для таго, каб правільна і рацыянальна харчавацца. Тым больш, што ён – адзін з самых экалагічна чыстых раёнаў.
Вольга Кавалеўская:
— Згодна, мы мала гаворым і чытаем аб карысных і шкодных прадуктах, мала рэкламуем здаровыя.
Аляксандр Мартынюк:
— Зразумела, што рэклама – рухавік гандлю. Аднак я ніколі не бачыў, каб рэкламавалі здаровы лад жыцця, здаровае харчаванне. А вось чыпсы, піва, кока-колу рэкламуюць штодня і на кожным кроку. Вось чаму нашы грамадзяне і аддаюць ім перавагу.
Дзмітрый Станкевіч:
— Давайце пагаворым пра дзяцей. Арганізацыя харчавання іх мае свае асаблівасці, звязаныя з асаблівасцямі дзіцячага арганізма: адбываецца інтэнсіўны рост яго, развіваюцца ўсе асноўныя сістэмы, ідзе павелічэнне мышачнай масы, на фоне ўсёй фізічнай перабудовы, асабліва ў падлеткаў, павышаюцца нагрузкі на псіхаэмацыянальную сферу. І недахоп бялку, вітамінаў і мікраэлементаў затрымлівае развіццё дзіцяці, павышае рызыку ўзнікнення інфекцый, анеміі, сардэчна-сасудзістых і іншых захворванняў.
Для таго, каб дзіця было здаровае, неабходна арганізаваць правільны рэжым харчавання. Рэжым харчавання напрамую залежыць ад распарадку дня дашкольніка ці школьніка. Сняданак павінен складацца з дзвюх страў. Першая страва можа быць крупяной, з агародніны ці мучной. Вельмі карысна даваць дзіцяці тварог ці яйка. На другую страву можна прыгатаваць чай з малаком, малако, каву. Дома дзіця павінна атрымліваць паўнацэнны абед з трох страў, а на вячэру – кефір, малако, чай з булачкай. Добра дадаць сюды ягады і садавіну. Вячэраць дзеці павінны не пазней, чым за паўтары гадзіны да сну. Пра ўсё гэта напамінаеш бацькам, калі яны прыходзяць у паліклініку з дзецьмі на прыём. Але, на жаль, не ўсё з таго, што раіш, яны выконваюць.
Нашы людзі не разумеюць, што сапраўдныя кавуны бываюць толькі ў жніўні-верасні, калі паспеюць, а не ў маі ці чэрвені, калі іх “кормяць”, каб былі спелымі. Вось чаму дзеці часта хварэюць алергіяй, у іх бывае расстройства страўніка. Пытаеш, чым кармілі, бацькі адказваюць: “Далі кавалак кавуна”. А які кавун у маі? Яму ж дапамаглі паспець. Дзіця не захварэла б, калі б вы не пачаставалі яго “хімічным” кавуном.
Цяпер тэндэнцыя такая, што нашы мамы нараджаюць вялікіх дзяцей. Чаму? Тлумачэнне простае. У час цяжарнасці мамы самі лепш харчуюцца. Але гэта не паказчык таго, што маці харчуюцца правільна. Бо выпісваем мы маму з раддома з дзіцём і ставім яму дыягназ: “Дыятэз”. Павялічваецца і колькасць дэрматытаў.
Вольга Кавалеўская:
— Значыць, каб нарадзіць здаровае дзіця, трэба маму навучыць правільна харчавацца.
Дзмітрый Станкевіч:
— У нас жа ёсць школа маладой маці, дзе вучаць не толькі як нараджаць, правільна дыхаць у час родаў, але і як харчавацца.
Кацярына Паздзяйкіна:
— У рэшце рэшт, ёсць інтэрнэт, якім цяпер карыстаюцца многія мамы. І там ёсць спецыяльныя сайты аб здаровым харчаванні, дзе можна знайсці для сябе любую карысную інфармацыю, калі ты зацікаўлены ў добрым здароўі свайго дзіцяці, сваім здароўі. Мы ж прывыклі ва ўсім выбіраць самы лёгкі і просты шлях. Маладыя мамы выбіраюць варыянт, калі можна з’есці булачку, запіць яе кавай, а нярэдка можна бачыць і такое: цяжарная жанчына п’е піва, закусвае чыпсамі… А чаму не з’есці садавіну, гародніну. Тым больш, як правільна было сказана, мы жывем у экалагічна чыстым раёне.
Дзмітрый Станкевіч:
— Прыходзяць на прыём маладыя мамы, пытаеш, чым кармілі, яны адказваюць: “Кансервамі для дзіцячага харчавання?” — “І колькі дзён дзіця спажывала іх?” — “Кожны дзень”. Ну вось і атрымлівай, праз два тыдні скура ў дзіцяці стала жоўтай, бо карацін, які быў, скажам, у пюрэ маркоўным, штодзённа адкладваўся і адкладваўся. Выніку другога не магло быць.
Хацелася б сказаць пра сокі. Асабіста я як доктар забараняю бацькам даваць дзецям сокі з тэтрапакетаў. Бо ўпэўнены, што нават калі на іх напісана, што сок натуральны, без кансервантаў, такога быць не можа.
Кацярына Паздзяйкіна:
— Чаму? Сучасныя тэхналогіі дазваляюць вырабляць натуральны прадукт.
Вольга Кавалеўская:
— Цяпер вельмі складана даведацца, колькі дапушчальных “Е” можа быць у прадукце.
Уладзімір Кляцко:
— Як вядома, наша рэспубліка паступова будзе пераходзіць на заканадаўства Мытнага саюза. У гэтым дакуменце будзе вызначаны пералік рэчываў, якія шкодныя. На літару “Е”, калі яна стаіць на маркіроўцы, санітарная служба ўвогуле не вельмі звяртае ўвагу, бо гэта маркіроўка еўрапейскага значэння. Нас цікавіць, калі мы правяраем прадукты, перавышаюць кансерванты ці не дапушчальную дозу. Усё з’яўляецца атрутай і ўсё з’яўляецца лякарствам. Той жа вітамін С, калі яго прыняць у вялікай дозе, можа стаць прычынай вельмі цяжкіх вынікаў. А яго недахоп выклікае цынгу. Гэтак жа і кансерванты. Калі мы вып’ем таго ж кансерваванага соку крыху, нічога з намі не стане, толькі карысць будзе, бо ў ім ёсць калій, іншыя карысныя рэчывы. Калі мы рэгулярна зімой будзем ужываць, скажам, іспанскія яблыкі ці яблыкі, закупленыя ў іншых краінах, шкоды арганізму нанясем значна больш, чым, выпіўшы шклянку кансерваванага соку, бо гэтыя яблыкі нечым апрацаваны, незразумела, як яны на наш прылавак трапілі, як іх даводзілі да такога прывабнага выгляду. Яшчэ вярнуся да маркіроўкі.
Цяпер на слыху гісторыя з прадукцыяй “Рошэн”, у якой быў выяўлены бензапірэн, канцэраген, што выклікае рак. Па даручэнні Міністэрства аховы здароўя мы таксама нядаўна адбіралі кандытарскую прадукцыю на аналіз. Яна адпавядае нарматывам.
Лічу, што, калі прадукцыя ўтрымлівае нейкае канцэрагеннае небяспечнае рэчыва, спажывец павінен пра гэта абавязкова ведаць. Інакш кажучы, калі пакупнік купляе той ці іншы шкодны тавар, ён павінен ведаць, якія вынікі могуць быць.
Ірына Касцевіч:
— Якія віды кантролю праходзіць прадукцыя, што выпускаецца на нашых прадпрыемствах?
Уладзімір Кляцко:
— У абавязковым парадку яна праходзіць дзяржаўны санітарны і вытворчы кантроль. Пры правядзенні планавых праверак мы адбіраем прадукцыю, даследуем яе, пераконваемся, адпавядае яна ці не пэўным нарматывам. Калі не, рэалізоўваць прадукцыю забараняем. Другі від кантролю – вытворчы: прадпрыемствы самі кантралююць сваю прадукцыю.
Вольга Кавалеўская:
— Вытворчы кантроль праводзіцца часта, санітарны ці дзяржаўны – выбарачна. Наколькі дадзеныя вытворчага кантролю супадаюць з санітарным. Ці не выяўляюцца нейкія падвохі?
Уладзімір Кляцко:
— Такіх выпадкаў за перыяд маёй работы ў Маларыцкім раёне не было.
Вольга Кавалеўская:
— У грамхарчы таксама ёсць вытворчы кантроль?
Соф’я Улезла:
— Абавязкова. Згодна са схемай лабараторнага кантролю мы возім сваю прадукцыю ў Брэсцкую акрэдытаваную лабараторыю, каб праверыць: чыстая яна ці небяспечная. Фактаў нячыстай прадукцыі не было.
Ірына Касцевіч:
— У нашым раёне хоць і мала, але ёсць прадпрыемствы, якія выпускаюць кандытарскую прадукцыю. Наколькі якасная яна?
Уладзімір Кляцко:
— Крэмавая прадукцыя ў нас у раёне не вырабляецца, бо ў райспажыў­таварыстве няма адпаведных умоў. Што датычыць кандытар­скіх вы­рабаў, яны ўсе бяспечныя, як і хлебабулачная прадукцыя, гавару гэта з усёй адказнасцю.
Вольга Кавалеўская:
— Наш гароднінасушыльны камбінат пастаянна атрымлівае хрустальныя яблыкі. І гэта добра. Хацелася б ведаць, ці гарантуе стапрацэнтную якасць прадукцыі вытворчы кантроль?
Кацярына Паздзяй­кіна:
— Акрамя таго, што нас кантралююць дзяржаўныя службы, мы, як вытворцы заці­каўлены выпусціць якасны прадукт, які найперш будзе бяспечны, таму ў нас існуе праграма вытворчага кантролю. Штогод яна пераглядаецца, распрацоўваецца, зацвярджаецца, абавязкова ўзгадняецца з Цэнтрам гігіены. У гэтай праграме ёсць схема вытворчага кантролю за сыравінай і гатовай прадукцыяй. Таму наша лабараторыя ажыццяўляе ўваходны кантроль любой сыравіны, дзе б яна ні вырошчвалася. Ад пастаўшчыкоў мы абавязкова патрабуем якаснае пасведчанне на сваю сыравіну. Прычым, гэты дакумент прадастаўляецца на кожную пастаўку сыравіны, абавязкова патрабуем пратакол выпрабавання плюс яшчэ самі адбіраем пробы і здаем у акрэдытаваныя лабараторыі. На некаторыя фізіка-хімічныя і мікрабіялагічныя паказчыкі сыравіну і прадукцыю дасканала правяраем у лабараторыі камбіната.
Вольга Кавалеўская:
— Нядаўна прачытала цікавы факт, што еўрапейскія краіны выпускаюць некалькі відаў прадукцыі: для свайго спажыўца, для спажыўца з багатых краін і для спажыўца з бедных краін. Наш камбінат такую дыферэнцыяцыю не праводзіць?
Кацярына Паздзяйкіна:
— Мы прадаем сваю прадукцыю ў Беларусь, Расію, Казахстан, і ўся яна аднолькавая.
Некалькі слоў хачу сказаць аб здаровым харчаванні. Наша Валянціна Мікалаеўна Грыгарук, якая ўзначальвае тэхналагічны аддзел, сама нядаўна распрацавала рэцэптуру трох навінак. Гэта натуральныя кансервы для дзяцей ранняга ўзросту: пюрэ з брокалі, з цвятной капусты і пюрэ з кабачка. Яны без цукру. Мы зрабілі пробныя партыі. Здалі іх на выпрабаванне ў Мінск. І калі мы атрымаем пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, будзем выпускаць іх.
Спадзяемся, што гэтыя новыя віды кансерваў стануць “топавымі” і будуць даспадобы нашым дзеткам.

 

РэзюмЭ:
Ніхто не можа прымусіць нас правільна харчавацца. Кожны сам прымае рашэнне. Але важна памятаць, што ад гэтага рашэння залежыць самае дарагое – здароўе. Таму ў кожнага з нас ёсць выбар: выбар паміж здароўем і хваробай, выбар паміж якасным і здаровым харчаваннем і прадуктамі, што настойліва навязваюць рэкламай.
— Лепш за ўсё ўжываць натуральныя прадукты харчавання, памятаць пра 3 галоўныя прынцыпы яго.
— Стравы, якія забяспечваюць сутачную каларыйнасць, павінны паступіць у наш арганізм у асноўным у першай палове дня, таму трэба добра снедаць і абедаць. А вось пасля 18 гадзін трэба спажываць нізкакаларыйныя стравы.
— У рацыёне штодзённа павінна быць не менш чым 400-500 грамаў садавіны і гародніны.
— Два разы на тыдзень трэба ўключаць у меню рыбу і морапрадукты.
— Не перабольшваць з салодкімі прадуктамі.
— Да мінімуму звесці ўжыванне каўбас і сасісак.
— Хлеб лепш спажываць з мукі грубага памолу.
— Не варта піць чай раней чым праз 40 хвілін пасля ўжывання мяса, бо не будзе засвойвацца жалеза, а пасля малочных прадуктаў не піце адразу каву, бо ваш арганізм страціць кальцый.
— Піва вымывае з арганізма калій, магній і вітаміны, таму не злоўжывайце ім.
— Для тых, хто хоча добра выглядаць, важна падумаць не пра дыеты, а пра правільнае харчаванне ў цэлым, лепш паахвяраваць смачным дзеля карыснага.
— Фарміруйце здаровыя звычкі харчавання з дзяцінства і прытрымлівайцеся іх заўсёды.
Падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 28.08.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://www.biceps-ua.com/

www.steroid-pharm.com/hgh-frag-176-191.html

http://steroid-pharm.com