Лёсы, аб’яднаныя песняй

Дом Ніны Андрэеўны і Ігната Кандратавіча Максімукоў з вёскі Хмялёўка лёгка заўважыць яшчэ здалёк. Ён вылучаецца не толькі сваім яскравым колерам, але і шматграннай палітраю рознакаляровых кветак. Увесь двор так і зіхаціць нібы яркімі лямпачкамі, але гэта зусім не лямпачкі, а самыя сапраўдныя прыгажуні кветачкі. Убачыўшы маё захапленне, Ніна Андрэеўна адразу паспяшалася растлумачыць, што кветкі — гэта яе любімы занятак, які прыносіць ёй душэўную радасць. Але прыцягнула ўвагу сям’я Ніны Андрэеўны і Ігната Кандратавіча не толькі па гэтай прычыне. Багаж іх сямейнага жыцця складае ўжо 56 гадоў. 56 гадоў пражытых разам дзень у дзень, дзелячы на дваіх турботы і шчаслівыя імгненні, смутак і радасць. Гэта сёння яны паважаныя ўжо людзі не толькі ў сваёй вёсцы, але і за яе межамі, а некалькі дзясяткаў гадоў назад яны былі проста юнымі, маладымі людзьмі.
З гісторыі кахання Ніны Андрэеўны і Ігната Кандратавіча яшчэ раз упэўнілася, што лёс і сапраўды ёсць. Ён зводзіць лю­дзей разам, каб праверыць, ці здольны яны, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, пранесці сваё каханне праз усё жыццё. Часта так не атрымліваецца, але Ніна Андрэеўна і Ігнат Кандратавіч Максімукі на ўласным прыкладзе паказваюць, што ўсё мажліва. А пачыналася са звычайнага вяселля. Але не нашых герояў, а іх агульных сяброў.
— Сама я нарадзілася і вырасла ў Багуслаўцы, а Ігнат з Хмялёўкі. Цяжкія тады былі часы, нават успамінаць не хочацца, але гэта адна са старонак нашага жыцця, — гаворыць Ніна Андрэеўна. — У сем’ях нас было шмат, таму бацькам патрэбна было дапамагаць. Я ў школу хадзіла толькі чатыры гады, а пасля пачала працаваць, ды і Ігнат таксама. Праз некаторы час сталі ездзіць на заробкі на Украіну. Мы там працавалі толькі па сезонах. Напрыклад, я займалася тым, што чапляла прычэпы да трактароў. Так мы ездзілі на працягу некалькіх гадоў, а пасля сталі шукаць працу на месцы.
Упершыню сустрэліся Ігнат і Ніна ў канцы 1956 года на вяселлі ў Хмялёўцы. Як прызнаўся сам Ігнат Кандратавіч, першае, што ён заўважыў, гэта зусім не знешнасць дзяўчыны, а тое, як яна спявала. Маладога хлопца сапраўды зачараваў голас незнаёмкі, а таму ён, не губляючы часу, адразу вырашыў з ёй пазнаёміцца. Як аказалася, дзяўчына не толькі прыгожа спявала, але і знешне была прыгожай. Ну, і як жа было не закахацца. Ніна таксама звярнула ўвагу на маладога хлопца.
Маладыя людзі пачалі сустракацца, а ў лютым 1957 года ўжо згулялі вяселле. Вось так звычайная песня і аб’яднала людзей на ўсё жыццё, а было ім тады толькі па 19 гадоў. Першы час маладыя жылі з бацькамі Ігната, а пасля побач пачалі будаваць свой уласны дом. Першынец Віктар нарадзіўся ў 1958 годзе, а калі ў 1961 годзе на свет з’явіўся другі сын, Анатоль, маладая сям’я жыла ў сваім новым доме. Яшчэ праз два гады, у 1963 годзе, Ніна Андрэеўна нарадзіла і дачушку Любу.
Некалькі год пасля вяселля Ніна Андрэеўна і Ігнат Кандратавіч працавалі ў калгасе, дзе ўсю працу рабілі ўручную. А затым перайшлі на працу ў прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Адтуль пайшлі і на заслужаны адпачынак.
— Усё сваё жыццё мы жылі працай, — успамінае Ніна Андрэеўна, — акрамя афіцыйнай работы ўвесь час трымалі і немаленькую гаспадарку. У нас было па тры каровы, авечкі. Ды і зараз трымаем яшчэ свінку, каня. Садзім агарод, хоць дзеці і сварацца, навошта яно нам патрэбна, але не можам сядзець без працы, бо прывыклі, напэўна, да яе за ўсё жыццё. Як жа ў вёсцы можна жыць і не працаваць, тады і не будзе нічога ў цябе.
Ніна Андрэеўна паказала свае і мужавы ўзнагароды, якія атрымалі за добрасумленную працу. Але ці могуць яны ў поўнай ступені расказаць аб той нялёгкай што­дзённай працы? Безумоўна, не.
Што датычыцца захаплення Ніны Андрэеўны кветкамі, то займацца імі яна пачала пасля таго, як маладая сям’я пера­ехала ў свой уласны дом. Так і суправаджаюць кветкі жанчыну на працягу ўсяго жыцця.
Вось так і жывуць Ніна Андрэеўна і Ігнат Кандратавіч працай, дзецьмі, унукамі (а іх усяго шасцёра) і двума праўнукамі. На развітанне запыталася ў жанчыны, ці не шкадуе яна аб тым, як склаўся лёс. На што яна, як сапраўды мудрая жанчына, з усмешкай адказала: “Ды чаго шкадаваць! Як ёсць, так добра! І няхай мы цяжка працавалі, але ці гэта галоўнае? Галоўнае, што мы ўсё жыццё былі разам.
Пагадзіцеся, мажлі­ва, гэта і ёсць простае чалавечае шчасце, якое не купіш ні за якія грошы.
Анастасія Пархамук.
На здымку:  Ніна Андрэеўна і Ігнат Кандратавіч Максімукі.

Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 28.08.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


Buy Ephedrine online in USA

velotime.com.ua

бросить пить