Вось і праляцела лета…

Марскі загар, ажыццёў­леныя мары, шмат пазітыву і яскравых момантаў пакінула нам яно. Хтосьці ўсё ж змог вырвацца да мора, наведаць іншыя краіны і гарады, а хтосьці ўсё лета песціўся свежым паветрам у вёсцы ў любімай бабулі. Але я ўпэўнены, што ва ўсіх засталося нямала пазітыўных эмоцый.
А вось некаторыя, як і я, вырашылі папрацаваць. Яшчэ вясной задумаў, што хачу паспрабаваць папрацаваць выхавальнікам у дзіцячым аздараўленчым лагеры. І вось у канцы ліпеня ў саставе педагагічнага атрада “Лідар” Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна прыступіў да работы ў лагеры “Вярба”…
Першы дзень.
З самага ранку і да абеду мы (я і іншыя выхавальнікі з нашага другога атрада) рэгістравалі дзяцей і рассялялі па пакоях. Гэта, напэўна, быў самы драматычны дзень, калі не лічыць апошняга. Таму што хтосьці не хацеў другі раз запар у другі атрад, нехта плакаў, калі бацькі ад’язджалі. Але ўжо бліжэй да вечара ўсе супакоіліся, асвоіліся ў новай абстаноўцы і ў новым калектыве.
Трэці дзень.
Бліжэй да абеду, пасля спартыўных мерапрыем­стваў, пачалі маляваць атрадную газету. Напэўна, кожны, хто быў у лагеры, памятае, што менавіта атрадная газета з’яўляецца адным з галоўных сімвалаў атрада (пасля дэвізу і атраднай песні). Перад вячэрай газета з’явілася на ганаровым месцы. Атрад “Галактычны вожык” абзавёўся атраднай песняй, дэвізам і г.д.
Шосты дзень.
Бацькі, якія прыязджалі, пыталіся пра сваіх дзяцей: “А як ён сябе паводзіць?”, “А як вам працуецца?” і пра многае іншае. Цікава тое, што бацькі самых “актыўных” хлопчыкаў і дзяўчынак не цікавіліся наконт іх паводзін. Яны ведаюць, што іх дзеці не цацачкі.
Дзясяты дзень.
Гэты і два наступныя дні правёў дома, на заслужаным выхадным. Многім можа здасца, што работа ў дзіцячым лагеры – проста ідэальная. І адпачнеш, і выспішся, ды ў вазе дадасі кілаграмы два, а то і тры. Ведаеце, гэта ўсяго толькі ілюзія. Спаць мы клаліся пасля першай гадзіны ночы (сон замяняўся напісаннем сцэнарыяў, даробліваннем маленькіх спраў і г.д.). Нават з такім добрым харчаваннем, як у гэтым лагеры, набраць лішнія кілаграмы цяжка. То ты з дзецьмі ў спартыўных мерапрыемствах удзельнічаеш, то па розных даручэннях кіраўніцтва лагера бегаеш, а калі надыходзіць вечар, дзеці цягнуць цябе на дыскатэку.
Чатырнаццаты дзень.
Самым мокрым, халодным можна лічыць менавіта гэты ранак. Сёння дзяцей чакала “Зарніца”. Мяне ад выхавальнікаў атрада вылучылі ў якасці дыверсанта, які павінен быў хавацца на тэрыторыі лагера. У 8 гадзін ранку па “баявой трывозе” паднялі ўсе атрады. Хаваючыся ў кустах ад дзяцей, ловіш сябе на думцы: няхай бы злавілі мяне дзеці з майго атрада. Няхай яны перамогуць у пошуку дыверсантаў. Але, на жаль.
Дваццаты дзень.
Вечарам усе атрады сабраліся на агульны касцёр. Спявалі песні, успаміналі самыя яскравыя моманты гэтай змены. Пасля кастра ўсе адправіліся на апошнюю дыскатэку. Не думаў я ў першы дзень, што будзе так сумна развітвацца з гэтымі дзецьмі.
Дваццаць першы дзень. Ранішнім цягніком усе раз’язджаюцца дамоў. Дарога ў Брэст была такая ж вясёлая і цікавая, як уся змена. Спявалі песні, уяўлялі першую сустрэчу ў горадзе.
P.S.
А праз некалькі гадзін пасля прыезду дамоў многія з дзяцей абнавілі статусы ў сацыяльных сетках. Прыемна чытаць, што ім спадабалася, што ў іх былі “самыя лепшыя выхавальнікі” і што яны сумуюць. Мне здаецца, што шчырыя словы дзяцей – гэта самы галоўны паказчык работы выхавальніка.
Выхавальнік
Дзяніс Уладзіміравіч (ТРАЦЮК).
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 31.08.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Вось і праляцела лета…: 1 комментарий

  • 04.09.2013 в 12:12 пп
    Permalink

    да, было круто!)

Добавить комментарий


www.nissan-ask.com.ua/

посмотреть majbutne.com.ua

Металлочерепица Омега Китай