Першы раз у першы клас… адна

31 верасня ва ўстановах адукацыі раёна прайшлі ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года. Па папярэдніх дадзеных, за парты сядзе 3052 вучні.
— Гэта на 57 чалавек менш, чым у мінулым навучальным годзе, — кажа Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму. – Тэндэнцыя да зніжэння колькасці вучняў назіраецца ўжо не адзін год.
— Таццяна Міхайлаўна, а колькі першакласнікаў сёлета на Маларытчыне?
— Па стану на 27 жніўня ад бацькоў атрымана 315 заяў аб залічэнні ў першыя класы. У гарадскіх установах адукацыі будзе навучацца 187 вучняў. У вясковых школах найбольш першакласнікаў у Олтушскай СШ (19), Хаціслаўскай СШ (15), Лукаўскай СШ (14). У раёне ёсць установы адукацыі, дзе вучняў намнога менш. Напрыклад, у Пажэжынскай СШ, Гвозніцкай СШ і Ляхавецкім д/с-СШ праграму першага года навучання будзе засвойваць па 5 вучняў, а ў Радзежскай СШ – толькі 3.
Аднак своеасаблівы рэкорд (на жаль, сумны) назіраецца ў Збуражскім д/с-СШ. Тут сёння першы званок прагучаў толькі для аднаго першакласніка.
— Сапраўды, увесь спіс першага класа ў нас складаецца з аднаго вучня, — гаворыць Іван Наўрось, дырэктар установы адукацыі. – Адной у класе будзе толькі Ангеліна Вайтовіч. Першай яе настаўніцай стане Жанна Новік.
— За 25 гадоў маёй работы такі выпадак, калі ў класе адзін вучань, сустракаецца ўпершыню, — кажа Жанна Міхайлаўна. – Гэта, напэўна, добра, таму што на працягу кожнага ўрока можна будзе індывідуальна працаваць з Ангелінай. Спадзяюся, гэта дасць свае станоўчыя вынікі.
Маці дзяўчынкі, Святлана Рыгораўна, таксама аптымістычна ўспрымае гэтую сітуацыю і бачыць у ёй толькі станоўчае.
Сама Ангеліна пачатак новага навучальнага года чакала з нецярпеннем. На ўрачыстай лінейцы ў новай школьнай форме, з букетам кветак, яна выглядала сапраўднай зорачкай. Ды і верш Ангеліна расказала прыгожа. Дзяўчынка прызналася, што ў яе самая запаветная мара – гэта каб была побач сяброўка-аднакласніца.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ангеліна Вайтовіч, адзіная вучаніца першага класа Збуражскага д/с-СШ.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ»  31.08.2013 г.

Добавить комментарий


https://topobzor.info

www.velotime.com.ua/product/comanche-niagara-comp/

gazon.net.ua/avtomaticheskij-poliv.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!